Андрэй Вылінскі

Нарадзіўся ў 1987 годзе ў горадзе Бар (Вінніцкая вобласць, Украіна). Скончыў філалагічны факультэт і магістратуру БДУ. Чытач і часам перакладчык з ангельскай, украінскай і польскай. Фіналіст конкурсаў маладых літаратараў Беларускага ПЭН-цэнтра імя Чэслава Мілаша (2011) і Максіма Танка (2012), а таксама конкурсу маладых літаратараў “Экслібрыс” Саюза беларускіх пісьменнікаў (2012).

… пра свой дзень у Рэзідэнцыі

Рэзідэнцыя была для мяне не толькі магчымасцю зрабіць даўно запланаванае, але і часткай адпачынку, таму я вырашыў не ламаць галаву над тым, калі ўставаць ці дзе есці. У выніку расклад сфармаваўся сам сабою праз дзень ці два: каля дзясятай прачнуцца, паміж дзясятай і трэцяй — паснедаць, пачытаць знойдзеныя ў букінісце кнігі, зрабіць частку запланаванага перакладу; пасля абед у любой кавярні, якая ўпадзе ў вока, шпацыр, і ўвечары — зноў за камп’ютар, каб сядзець за перакладам, а пасля — перапісвацца з сябрамі.

… пра пераклад п’есы Джона Бойнтана Прыстлі

П’есу “Небяспечны паварот” Дж. Б. Прыстлі я ўпершыню прачытаў яшчэ гадоў шэсць таму, і амаль адразу вырашыў, што аднойчы вазьмуся за яе пераклад. Знайсці арыгінал п’есы і час на яе аказалася цяжка, і вярнуцца да гэтай ідэі я змог толькі сёлета.

Я разумеў, што задачу я сабе паставіў вельмі цяжкую, але трэба было сябе неяк дысцыплінаваць, каб не губляць час. Фокус атрымаўся, гэтыя два тыдні я правёў збольшага за камп’ютарам, адрываючыся ад яго толькі для шпацыраў па горадзе. Сілаў на тое, каб перакласці ўвогуле ўвесь тэкст начарна, усё-ткі не хапіла, але дзве траціны п’есы я пералапаціў. Гэта менш, чым хацеў, але скардзіцца няма на што — без Рэзідэнцыі я б столькі за гэты час не зрабіў.

… пра перакладзеныя падчас Рэзідэнцыі вершы

Шчыра кажучы, ніколі не меў асаблівага жадання пісаць нешта сваё. Праца над п’есай таксама яшчэ не скончаная. Таму лепш за ўсё, відаць, будзе падзяліцца двума вершамі валійца Рональда Сцюарта Томаса, якія я таксама пераклаў падчас Рэзідэнцыі.

Via Negativa

Не, вядома! Я заўжды лічыў, што
Бог — не што іншае як пустэча
У нашых жыццях, маўчанне
Унутры нас, месца, куды мы
Выпраўляемся ў пошукі, без
Надзеі дайсці або ўбачыць. Гэта ён
Захоўвае пустоты ў нашых ведах,
Міжзорную цемру. Гэта за рэхам ягоных
Крокаў мы ідзем, па ягоных яшчэ
Не астылых слядах. Мы цягнем
Да яго рукі, спадзеючыся адчуць
Цеплыню. Мы глядзім на людзей
Ды мясціны, нібыта ён з намі зірнуў
На іх; але размінаемся з адбіткам.

Хм

і адзін з іх сказаў
раскажы нам пра любоў
і прапаведнік адкрыў
рот і адтуль выпала
слова Бог таму яны
зноў звярнуліся
раскажы нам тады
пра Бога але прапаведнік
толькі моўчкі
выцягнуў рукі але малыя
дзеці з апухлымі
жыватамі і скрыўленымі
нібы брытвы
нагамі не змаглі
ад слабасці падысці

… пра самоту

Маёй інтравертнасці хапіла на тое, каб нармальна перанесці два тыдні самоты, але ўрэшце я ўсё-ткі ад яе стаміўся. Можа, і варта было б адпраўляць на Рэзідэнцыю некалькі літаратараў адразу. З іншага боку, адсутнасць знаёмага асяроддзя дапамагла засяродзіцца на рабоце. Нават не ведаю, як было б лепей.

… пра мовы

Дарэчы, мінімальная прысутнасць рускай, што ўжо казаць пра беларускую, мне не замінала. Урэшце мяне самога пачало весяліць тое, што ўвесь гэты час я размаўляў амаль выключна па-ангельску — у кнігарнях, кавярнях, на вуліцы, з прадаўцамі, гідамі і проста мінакамі. А скончылася ўсё тым, што я набыў сабе падручнік літоўскай.

… пра парады будучым удзельнікам Рэзідэнцыі маладога літаратара

Не бачу сэнсу прапанаваць нейкія прынцыповыя змены ў Рэзідэнцыі — мяне ўсё задаволіла. А маладым літаратарам, якія наступнымі наведаюць Рэзідэнцыю, магу параіць толькі тое ж, што раю сабе: “work hard and be nice to people”.