Васіліса Паляніна

мастачка, паэтка

Я рабіла тэкстыльныя інсталяцыі, таму Вільня адкрылася мне шматкамі баваўняных птушак, анатамічнага сэрца і рэдкімі перафарбаванымі тэкстамі. Тое ж самае сэрца я намагалася знайсці па ўсім горадзе, кранаючыся старых махровых могілак, пажыраючы камерай тэлефона сотні металічных сэрцаў у кляштары Маці Вострабрамскай, загадваючы пажаданне і прыдумляючы сабе выпрабаванні: “Вось, калі … то яно здзейсніцца”. Тое ж самае сэрца я шукала па вузкіх вулачках, у харавых спевах і агіднай прывабнасці маргіналаў, што сядзяць ля цэнтральнага Rimi і ад паху якіх акісляецца ў роце і шчыплюць вочы. Тое сэрца я каштавала ва ўтульных кавярнях і набывала ў кнігарнях, яго апранала кожны вечар, рыхтуючыся да сну, і здымала на раніцы, перад прыняццем душа на агульным паверсе.

У чым я пераканалася: што атрымаць магчымасць спакойнай засцяроджанасці на адным праекце, — гэта неабходна.

Што я замацавала: што мая пуховая сентыментальнасць узмацнілася, і я навучался прымаць яе — гэта карысна.

Што я падрыхтавала: пачатак шматслойнага праекту (паэзія, інсталяцыя, фота) пра самаідэнтыфікацыю і пошук “свайго месца” з выкарыстоўваннем гратэскных антропаморфных формаў і пераходам са стану ахвяравання ў стан фарміравання новага ўнутраннага стрыжня — гэта захапляльна.

Што я адчула: Вільня была прыгожай унутры сябе і ўнутры мяне — гэта важна.

Твая свабода —
гэта тлустая касмічная зорка
на шпалерах дзіцячага пакоя,
з вялікімі малочнымі залозамі
і мясным махровым азадкам.
Твая свабода абдымае,
аблізвае гумовай сліной,
лашчыць чэлес
і суцяшае.
Твая свабода — ідэальная маці,
ідэальная жонка, ідэальны монстар
і ўсякая жанчына
ў космасе вільготных язваў,
што пульсуюць
кінетычнай сузалежнасцю.
Але толькі праткнеш яе пальцам —
гаючая лімфа не пальецца,
толькі праткнеш яе пальцам —
прасторава-часовы кантынуум
не адкрыецца,
яна аголіць пастку
гладкай белай столі,
уся твая свабода —
гэта два з паловай метры
вышыні.