Віленскі дождж грукоча па шыбах…
Гэтым радком калі-небудзь пачнецца мой верш, якому захацелася з’явіцца ў апошнюю ноч у Доме.
Усе папярэднія дні з неба ані кроплі. І Вільня — восеньская, шэрая, заўжды нібы паўсонная — усё адно цягнула выйсці са сценаў. Мой пакой у Доме правоў чалавека фактычна не меў вокнаў — такіх, у якія можна глядзець і бачыць, што адбываецца на дварэ. Вялізны пакой, лічы, аднапакаёвая кватэра па плошчы, і вокны пад столлю. Прастора — вялізны плюс. А вокны — вельмі напружны мінус. Увесь час бар’ер паміж, ужо на другі-трэці дзень пачаў ціснуць на свядомасць. Праз гэтыя вокны было бачна толькі неба. І толькі па яго колеры можна было здагадвацца пра надвор’е. Але павярнуць галаву ўбок, адарваўшы позірк ад кнігі ці манітора, і ўбачыць прастору навокал, па-за сценамі, было немагчыма. Першы раз у жыцці я сутыкнулася з чымсьці падобным і ўпершыню ўсвядоміла, наколькі важны для мяне працэс сузірання таго, што навокал…
І, бадай, праз гэта сувязь са светам. Хаця мая паездка на рэзідэнцыю была свайго роду ўцёкамі ад гэтага самага свету.
Я так доўга збіралася на рэзідэнцыю, што паспела змяніцца ўсё: планы, думкі, натхненне, стаўленне. А яшчэ пасля маіх збораў карысны лайфхак: запаўняючы гуглформу — дасылаць копію сабе. Бо ўвесь свой напалеонаўскі план з моманту адпраўкі заяўкі на рэзідэнцыю і да пацверджання, што я прайшла адбор, амаль праз паўгода я ўжо памятала толькі ў агульных рысах.
На плэерах альбо ў музычным прайгравальніку заўсёды ёсць пімпачка з дзвюма вертыкальнымі рысачкамі — паўза. Стаміўся, замінае, надакучыла — ставіш на паўзу трэк, і пасля з гэтага ж месца ўключаеш ізноў. Мара — мець такую кнопку для трэка пад назвай “Жыццё”. Націснуў на магічную пімпачку, выйшаў — перазагрузіўся, праветрыў мазгі, выкрычаў, выгаласіў усё, што баліць, альбо выспаўся на паўгода наперад — і вяртайся сабе, пачынай з таго ж пункту вырашаць усе пытанні, дэдлайны, праблемы, сітуацыі — жыві, карацей, там, дзе ты ёсць заўсёды.
Рэзідэнцыя ў маім жыцці адбылася акурат тады, калі з паўсядзённага вельмі моцна карцела выйсці, як з пакоя, зачыніць за сабой дзверы, выдыхнуць. Надыхацца свежым паветрам, праветрыць скразняком усе звіліны і вярнуцца.
У сучасным свеце повязь з навакольным часта ператвараецца ў залежнасць — залежнасць быць заўсёды ў курсе падзей, усяго, што адбываецца навокал. Магчымасці сучасных тэхналогій дазваляюць з імгненнай хуткасцю даведвацца пра навіны ў любой кропцы свету. І калі даць сабе слабіну альбо мець пэўную колькасць вольнага часу, то досыць лёгка можна трапіць у залежнасць ад гэтай заўсёднай сувязі са светам.
Прага паставіць на паўзу ўсё навокал і ў той час жа імкненне не згубіць гэтую залежніцкую сувязь ды памкненне не прапусціць чагосьці і сталіся лейтматывам маёй рэзідэнцыі.
Я дазволіла сабе сябе адпусціць. Жорсткі план працаваць з тэкстамі па 8 гадзінаў на дзень мой арганізм, які пражыў без адпачынку акурат год, скасаваў у першыя ж дні, вырашыўшы, што выспацца за гэтыя 10 дзён святое. І будзільнік на тэлефоне быў зліквідаваны ў першы ж вечар. Што праўда, на наступны дзень адноўлены на прымальны свядомасцю для прачынання час. Але гэтак жа акуратна ігнараваны шторанку. Арганізм выспаўся, за што ў апошнія дні сказаў мне “дзякуй” добрым узроўнем працаздольнасці і ахвоты садзіцца за працу.
Што ж датычна планаў і мэтаў, акрэсленых шчэ ўвесну, то яны добра-такі падкарэктаваліся. Праца з вершамі яшчэ з пачатку лета адклалася ў самы далёкі, які толькі можа існаваць, кут. Бо не час, бо няма натхнення, бо тут паўза з’явілася сама і вершы пакуль зноў не пішуцца. Гэта тое, што бывае толькі само: само прыходзіць, само сыходзіць і прымусіць яго немагчыма.
Былі яшчэ ідэі эсэяў, яны таксама на пэўны час апынуліся ў гэтай самай паўзе. За неактуальнасцю.
А вось найбольшы плён рэзідэнцыі: перакладу, над якім працую з вясны, палепшала (“Cudu nie będzie”, аўтар Julian Bołądź). Ён не завершаны, хоць так хацелася. Ён задаў мне больш пытанняў, чым даў адказаў. Ці варты ён таго, каб паказацца урбі эт орбі? — пытанне пакуль без адказу. Фрагментамі — дакладна так, а ці варта думаць над тым, каб пусціць у друк і ўвязацца ў справу пошуку шляху да беларускага чытача кнігі цалкам? — я так сабе і не адказала на гэтае пытанне дагэтуль. Хаця на рэзідэнцыю ехала з упэўненасцю, што так, трэба, і адной з мэтаў было наладжванне кантактаў з віленскімі выдаўцамі арыгіналу кнігі. Але гэтая мэта, відаць, рэалізуецца іншым разам, калі ёй усё ж такі наканавана спраўдзіцца. І гэта будзе яшчэ адна сустрэча з Вільняй…
А за гэтую рэзідэнцыю дзякуй.