Гэта быў час, калі нарэшце можна было спыніцца і пачаць разбіраць свае нататкі, раскіданыя па розных дакументах і тэчках у ноўтбуку. Дзе я іх толькі ні знаходзіла! Шмат аб чым ужо і забылася, і тым цікавей было вяртацца да сябе іншай.
Гэта быў час, калі трэба было скончыць ці хоць наблізіцца да фіналу таго, што чакала свайго завяршэння. У тым ліку і тых некалькіх сказаў, якія выпадкова знайшла на палях нейкага тэкста — забытыя, яны чакалі. Патрэбна было паставіць хоць прамежкавую кропку.
Пра любоў
Я хацела б пагаварыць пра любоў, аб якой я падумала яшчэ днём. Тут менавіта павінна стаяць слова любоў. Не каханне. Але нават любоў не змяшчае ўсе тыя сэнсы, якія маю на ўвазе. Гэта, хутчэй, звыш-любоў, якая выклікае выключна звыш-пачуцці, звыш-сэксуальныя пачуцці. Гэта пра тых людзей, якія трапляліся па жыцці і ўзрывалі светаадчуванне, станавіліся настолькі блізкімі, што ў гэтыя моманты кола замыкалася. Такія людзі трапляюцца з самых ранніх успамінаў, часам яны нават не ведалі і дагэтуль не ведаюць, якое значнае месца займалі ў чыімсьці — у маім — жыцці. Мяне ўвесь час падмывае напісаць аб гэтым, расказаць, выказаць удзячнасць за той неверагодны досвед звыш-любові, які атрымала дзякуючы ім. Магчыма, менавіта з гэтага досведу я і ведаю аб тым, што любоў не мае полу. Любоў — гэта пра чалавечае, пра сустрэчу, пра маўчанне, пра адзіны рытм, нават калі па паверхні жарсці і сваркі, але мы ўсё роўна разам. Магчыма, калісьці я напішу пра ўсіх гэтых людзей, было б добра так і назваць — “Пра любоў”. Але кніга з амаль што такой назвай ужо пішацца іншай аўтаркай, хоць, напэўна, змест будзе іншы. Прыдумаю іншую назву, а пакуль распавяду толькі адну гісторыю, ведаю, што ў нейкіх нататках ужо пачынала яе пісаць. Але не магу іх знайсці, таму пачну нанова.
Гэта была наша абрэвіятура. Нас было трое. Мы прыдумалі сабе новыя імёны, але зараз не магу іх дакладна ўспомніць. Памятаю толькі абрэвіятуру – джа. Яшчэ мы прыдумалі сваю арганізацыю. Натхнёныя апавяданнем Віктара Пялевіна, мы назвалі яе Сарай №13. Гэта была наша ўяўная прастора, у якой мы адчувалі сябе бяспечна і свабодна. Не памятаю зараз дакладна сюжэт пялевенскага расповеду, і, напэўна, не буду ніколі перачытваць, няхай застанецца ад яго только рамантычны ўспамін. И мы уйдем из зоопарка… — гэта ўжо з песні іншага аўтара, якога таксама любілі джа.
Джа было нашым сакрэтам — выспай, якую паціху з усіх старон пачынала атачаць чырвона-зялёная хваля. Хоць усвядомлення такога яшчэ не было, але па тых зменах, якія адбываліся, прыходзіла адчуванне, што штосьці пачынаецца. Так, для нас гэта толькі пачыналася. Пра тое, што гэта працяг, мы яшчэ не ведалі. Хутка адзін з нас — Фёдар — пачне ўпотайкі прыносіць на заняткі часопіс “Лямбда” па-беларуску, адкуль мы і адкрыем для сябе іншую перспектыву. А пакуль для нас траіх існавала наша джа. І гэтага было дастаткова.
Фёдар — асоба. Дзе ён зараз, дакладна не ведаю. Спачатку ён аб’явіўся ў Швецыі, але потым ягоныя сляды для мяне ізноў згубіліся, апошні запіс у сацсетцы зроблены пяць гадоў таму ў Кітаі. Але пра Фёдара наступным разам. Зараз распавяду пра нашую, хацела напісаць трэцюю, але не, яна дакладна была першай. І мы яе вельмі любілі.
Ксю. Ксенія, але мы называлі яе Ксю.
У дзясяты клас я перайшла з іншай школы, нават з іншага раёна. Гэта была, напэўна, мая пятая школа, але гэтым разам я не проста перайшла, але паступіла ў ліцэйны клас з гуманітарным ухілам. Потым у атэстаце прачытала, што ў нас быў яшчэ харэаграфічны ўхіл, але падчас навучання не заўважыла, бывае так у беларускіх школах. А вось гуманітарны быў, і гэта зрабілася для мяне адным з найважнейшых паваротаў, але зараз не аб гэтым. Важна, што ўжо ў першыя дні пачала прыглядацца да сваіх аднакласнікаў і адразу заўважыла яе — прайсці побач было немагчыма. У Ксю былі кароткія чорныя валасы, якія яна намазвала гелем з блёсткамі, дагэтуль памятую той бляск. Яна вельмі стылёва апраналася, прычым гэта было танна, бо на пачатку нулявых знайсці дызайнерскае адзенне ў горадзе было амаль немагчыма. Але Ксю камбінавала неверагодныя рэчы і ведала месцы, дзе, напрыклад, можна набыць джынсы шырокага клёшу. Потым яна сама іх распісвала акрылам, выклікаючы сваёй смеласцю зайздрасць у такіх, як я. Напэўна, мы сышліся яшчэ і таму, што абедзве палілі. Клас быў гуманітарны, таму з дзевачак ніхто, акрамя нас, не паліў: звычайна паспяховая вучоба і цыгарэты не сумяшчаюцца — так думаюць у школе. Але мы с Ксю руйнавалі гэты стэрэатып, потым да нас далучыўся Фёдар.
З Ксю было лёгка, падавалася, яна можна адкрыць дзверы ў любое вымярэнне. Мы хадзілі з ёй на начныя кніжныя кірмашы, адкуль выносілі скарбы — набытых Пялевіна, Венечку Ерафеева, Маркеса і шмат іншых. Потым мяняліся і абмяркоўвалі. Мы размаўлялі па-беларуску, гэта была мова джа. Памятаю, як Ксю павяла мяне да свайго знаёмага цырульніка, які рабіў ёй супермодныя стрыжкі. Яго клікалі Фашыст, як аказалася, вядомая ў альтэрнатыўных колах асоба. Але тое, што ён зрабіў з маімі валасамі, мне не спадабалася. Гэта была такая а-ля французская “новая хваля”, быццам бы прыгожа, але не я. Канешне, я гэтага тады не сказала. Але колькі месяцаў мне прыйшлося быць не сабой, болей да яго не хадзіла. Яшчэ мы з Ксю знайшлі фотастудыю ў Палацы моладзі і ездзілі туды на заняткі. Памятаю моцныя маразы, мы ў нейкіх асенніх паліто, шчаслівыя, чакаем трамвай — Ксю да плошчы Перамогі, а мне ў метро на Захад. Потым хадзілі ў парк, здымалі на плёнку, праяўлялі. Дзесьці нават захаваліся тыя здымкі, зробленыя Зенітам. Ксю вельмі хваліў выкладчык. Я радавалася за яе.
Было яшчэ шмат гісторый — агульнага досведу, сталення, расчараванняў і кахання. Чаму нашыя шляхі так раптоўна і хутка разышліся? Чаму, трапіўшы ў розныя ўніверсітэты, мы згубілі адна адну? Не ведаю, адсутнасць адказу мяне бянтэжыць. Памятаю, што ўжо пазней, праз колькі год заканчэння ўніверсітэта, мы сустрэліся на вуліцы. Была дзіўная размова, быццам і не было джа.
Я знаходжу яе ў сацсетках, мы не ў сяброўках. З фотаздымка на мяне глядзіць прыгожая дзяўчына з доўгімі чорнымі валасамі ў белай кашулі, усміхаецца. Я не адпраўляю запыт, не пішу паведамленне. Я проста закрываю старонку. Джа.
Фота: Віалета Саўчыц