Новая рэдакцыя Статута
Прэміі імя Міхала Анемпадыстава
Зацверджана Аргкамітэтам Прэміі
24.03.2025
І. ПРЭМІЯ ІМЯ МІХАЛА АНЕМПАДЫСТАВА: АСНОЎНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
1.1. Арганізатарамі прэміі імя Міхала Анемпадыстава (далей у тэксце – Прэмія) з’яўляюцца асацыяцыя «Беларускі ПЭН» (далей у тэксце – Беларускі ПЭН), фонд «Адкрытая культура» (Fundacja Open Culture). Прадстаўнікі сузаснавальнікаў з’яўляюцца Аргкамітэтам Прэміі (далей у тэксце – Аргкамітэт). Аргкамітэт у сваёй дзейнасці кіруецца Статутам Прэміі (далей у тэксце – Статут) і Рэгламентам Прэміі (далей у тэксце – Рэгламент) на бягучы год.
1.2. Мэты Прэміі:
1.2.1. вызначэнне найлепшых вокладак беларускіх кніг;
1.2.2. падтрымка дызайнераў беларускай кнігі;
1.2.3. ушанаванне памяці выбітнага дзеяча беларускай культуры Міхала Анемпадыстава (1964–2018).
1.3. Прэмія прысуджаецца аўтару або камандзе аўтараў за найлепшую вокладку беларускай кнігі, выдадзенай у годзе, што папярэднічае году намінавання на Прэмію.
1.4. Да ўдзелу можна заяўляць вокладкі беларускіх кніг. Беларускай кнігай лічыцца кніга, якая адпавядае як мінімум 2 (двум) з пералічаных ніжэй крытэрыяў:
- выдадзена ў беларускім выдавецтве;
- напісана беларускім аўтарам;
- напісана па-беларуску;
- змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.
У спрэчных сітуацыях адпаведнасць намінаванай кнігі панятку «беларуская кніга» для кожнага канкрэтнага выпадку вызначаецца сябрамі Журы Прэміі (далей у тэксце – Журы) большасцю галасоў.
1.5. Кніга, якая намінуецца на конкурс Прэміі, мусіць быць выдадзена ў папяровым выглядзе ў прамежку часу паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі. Калі кніга была выдадзена ў годзе, што папярэднічаў году, за які быў абвешчаны конкурс Прэміі, але з абгрунтаваных прычын не мела магчымасці ўдзельнічаць у папярэднім конкурсе Прэміі, яна можа быць прынята са згоды Аргкамітэта для ўдзелу ў бягучым годзе.
1.6. Для ўдзелу ў конкурсе Прэміі адсутнічаюць абмежаванні для аўтараў вокладак паводле ўзросту, грамадзянства, месца жыхарства і месца публікацыі твораў. Намінуюцца кнігі жывых аўтараў вокладак.
1.7. Рашэннем Аргкамітэта дзеля бяспекі назва кнігі і імя аўтара, імя сябры Журы могуць быць зашыфраваны.
1.8. Парадак рэалізацыі конкурсу Прэміі на бягучы год, працэдуры прыёму заявак, а таксама ўзнагароды пераможцам вызначаюцца Рэгламентам, які зацвярджаецца Аргкамітэтам, з’яўляецца Дадаткам № 1 да Статута і можа змяняцца на працягу правядзення конкурсу Прэміі.
ІІ. ЭТАПЫ ПРЭМІІ
2.1. Конкурс Прэміі складаецца з наступных этапаў:
I этап: прыём заявак Аргкамітэтам на конкурс Прэміі;
II этап: публічнае абвяшчэнне Поўнага спіса вокладак кніг, прынятых да ўдзелу ў конкурсе Прэміі;
III этап (апцыянальна): публічнае абвяшчэнне Доўгага спіса вокладак-намінантак конкурсу Прэміі;
IV этап: публічнае абвяшчэнне Кароткага спіса вокладак-фіналістак конкурсу Прэміі;
V этап: абвяшчэнне і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэата/лаўрэатаў Прэміі.
2.2. З удзелу ў конкурсе Прэміі выключаюцца кнігі і вокладкі, аўтарамі ці суаўтарамі якіх з’яўляюцца сябры Журы, Каардынатар Прэміі (далей у тэксце – Каардынатар) і/ці асобы, якія маюць дачыненне да падліку галасоў, а таксама асобы, якія маюць дачыненне да кантрольна-рэвізійных органаў арганізатараў.
2.3. Лаўрэаты Прэміі могуць удзельнічаць у якасці намінантаў у наступных сезонах Прэміі.
2.4. Заяўляць вокладкі на конкурс Прэміі ўпаўнаважаны:
а) выдавецтвы;
б) сябры Журы;
в) сябры Аргкамітэта;
г) творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, літаратурныя СМІ.
д) аўтары вокладак.
2.4.1. Форма і змест заяўкі на конкурс Прэміі, а таксама адрас, на які неабходна дасылаць заяўкі, вызначаны ў Рэгламенце.
2.5. Іншыя фізічныя і юрыдычныя асобы могуць рабіць прапановы для падачы заявак у Аргкамітэт. Аргкамітэт можа адмовіць або прыняць прапанову і дазволіць падачу заяўкі на конкурс Прэміі.
2.6. Вокладка, заяўленая да ўдзелу ў конкурсе Прэміі, выключаецца з удзелу, калі адсутнічае згода аўтара вокладкі на ўдзел у Прэміі. Калі вокладка мае некалькі аўтараў і іх жаданні адносна ўдзелу/няўдзелу ў конкурсе Прэміі разыходзяцца, вокладка выключаецца з удзелу.
2.7. У конкурсе Прэміі можа ўдзельнічаць любая колькасць вокладак аднаго аўтара.
2.8. У выпадку вялікай колькасці пададзеных заявак Аргкамітэт пакідае за сабой права на падставе запыту журы зрабіць намінацыі, напрыклад асобна вылучыць намінацыю «Вокладкі дзіцячай і падлеткавай літаратуры». У такім выпадку працэс адбору лаўрэатаў будзе ажыццяўляцца паасобна ў кожнай з намінацый паводле прапісанага ніжэй парадку («Механізм галасавання і вызначэння лаўрэатаў»).
III. АРГКАМІТЭТ ПРЭМІІ
3.1. Аргкамітэт складаецца са старшыні Беларускага ПЭНа (або іншага прадстаўніка арганізацыі, дэлегаванага ў Аргкамітэт), прадстаўніка фонду «Адкрытая культура» (Fundacja Open Culture).
3.2. Аргкамітэт прызначае Каардынатара – асобу, якая каардынуе працу Аргкамітэта, Журы і ўсяго прэміяльнага працэсу. У некаторых выпадках пасада і абавязкі Каардынатара могуць быць падзелены паміж некалькімі асобамі.
3.3. Каардынатар не мае права голасу пры выбары лаўрэатаў Прэміі. Абавязкі Каардынатара вызначаюцца Дадаткам № 2.
3.4. Перад абвяшчэннем прыёму вокладак на конкурс Прэміі Аргкамітэт зацвярджае Рэгламент на бягучы год.
3.5. Аргкамітэт прымае рашэнні на падставе Статута і Рэгламенту на бягучы год. Наконт пытанняў, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Аргкамітэт прымае рашэнні, кіруючыся прынцыпам слушнасці, характарам Прэміі і яе падставамі.
3.6. Склад Аргкамітэта можа пашырацца. Новых кандыдатаў у сябры Аргкамітэта могуць прапаноўваць дзейныя сябры Аргкамітэта. Новыя сябры Аргкамітэта прымаюцца толькі кансэнсусам.
3.7. Сяброўства арганізацыі ў Аргкамітэце можа быць прыпынена паводле ўласнага жадання або ў выпадку абгрунтаванага рашэння Аргкамітэта (рашэнне пра гэта прымаецца не менш чым 2⁄3 галасоў ад агульнага колькаснага складу Аргкамітэта).
3.8. Сябры Аргкамітэта абавязаны захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў і галасавання Журы.
IV. ЖУРЫ ПРЭМІІ
4.1. Колькасць сябраў Журы кожны год вызначаецца Аргкамітэтам.
4.2. Сябры Журы прызначаюцца Аргкамітэтам.
4.3. Сябры Аргкамітэта не маюць права абірацца ў Журы.
4.4. Працу Журы курыруе Каардынатар у шчыльнай супрацы з Аргкамітэтам.
4.5. Сяброўства ў Журы заканчваецца:
а) з уручэннем узнагароды;
б) калі сябра Журы не мае магчымасці выконваць свае абавязкі далей;
в) калі сябра Журы падае афіцыйную пісьмовую адмову на адрас Аргкамітэта;
г) у выніку парушэння сябрам Журы Статута або Рэгламенту;
д) пры выключэнні са складу Журы. У гэтым выпадку Аргкамітэт можа прызначыць новага сябра Журы.
V. ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ СЯБРАЎ ЖУРЫ ПРЭМІІ
5.1. Сябры Журы абавязаны вывучыць усе вокладкі кніг, прынятыя да ўдзелу ў конкурсе Прэміі, і прысутнічаць на пасяджэннях Журы.
5.2. Прысутнасць сябраў Журы на пасяджэннях Журы можа адбывацца ў фармаце відэа- або аўдыяканферэнцый. У выключных выпадках сябра Журы, які не мае магчымасці прыняць удзел у пасяджэнні, можа даць Каардынатару пісьмова свае прапановы, у адпаведнасці з мэтай і прадметам пасяджэння.
У выпадку адсутнасці сябры Журы на двух пасяджэннях Аргкамітэт можа прыняць рашэнне пра яго выключэнне са складу Журы.
5.3. Кожны з сябраў Журы абавязаны зацвердзіць Поўны, Доўгі (калі ён вызначаецца), Кароткі спіс кніг, якія прэтэндуюць на Прэмію, лаўрэатаў Прэміі. Журы ацэньвае дызайн, паліграфічнае выкананне, таксама можа браць пад увагу іх адпаведнасць зместу кнігі.
5.4. Сябры Журы абавязаны захоўваць у таямніцы пытанні ходу пасяджэнняў, галасаванняў і абмеркаванняў. Сябры Журы абавязаны захоўваць у таямніцы прынятыя падчас пасяджэнняў рашэнні да моманту іх афіцыйнага абвяшчэння.
5.5. Сябры Журы абавязаны не перадаваць нікому дасланых ім электронных версій вокладак і кніг, пададзеных на конкурс Прэміі. Папяровыя кнігі, пададзеныя на конкурс Прэміі, з’яўляюцца ўласнасцю Аргкамітэта.
5.6. Сябры Журы прымаюць рашэнні на пасяджэннях на падставе Статута і Рэгламенту на бягучы год.
5.7. Паводле пытанняў, не ўрэгуляваных Статутам і Рэгламентам, Журы прымае рашэнні згодна з уласным меркаваннем, кіруючыся прынцыпам слушнасці, характарам Прэміі і яе падставамі.
5.8. Абмеркаванні Журы падчас пасяджэнняў і прынятыя рашэнні фіксуюцца ў пратаколах пасяджэнняў.
5.9. Для вырашэння спрэчных пытанняў сябры Журы могуць ініцыяваць скліканне дадатковага пасяджэння Журы і прадстаўнікоў Аргкамітэта. За прыняцце рашэння пра дадатковае пасяджэнне мусяць прагаласаваць мінімум двое сябраў Журы.
5.10. Рашэнне Журы наконт прысуджэння/непрысуджэння Прэміі з’яўляецца канчатковым і не можа быць абскарджана.
VI. МЕХАНІЗМ ГАЛАСАВАННЯ І ВЫЗНАЧЭННЯ ЛАЎРЭАТАЎ
6.1. Журы прымае рашэнні адносна Поўнага, Доўгага (калі ён вызначаецца) і Кароткага спісаў шляхам галасавання.
6.2. Пераможца вызначаецца на пасяджэнні Журы таемным галасаваннем простай большасцю галасоў. Сябры Журы галасуюць у электронным выглядзе, праз адпаведную гугл-форму.
6.3. Таямніца галасавання захоўваецца Каардынатарам – адзіным, хто ведае пра выбар кожнага з сябраў Журы.
6.4. Механізм фармавання Доўгага спіса (калі ён вызначаецца):
6.4.1. Абмеркаванне пададзеных вокладак сябрамі Журы.
6.4.2. Кожны сябра Журы ацэньвае кожную з вокладак Поўнага спіса паводле пяцібальнай сістэмы (дзе адзін бал – найніжэйшая адзнака, пяць балаў – найвышэйшая).
6.4.3. Вокладкі, якія набралі больш за ўсё балаў, праходзяць у Доўгі спіс. Канчатковая колькасць вокладак у Доўгім спісе вызначаецца калегіяльна сябрамі Журы на пасяджэнні.
6.4.4. Калі за месца ў Доўгім спісе спаборнічае некалькі вокладак, наконт іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы мае адзін голас, які аддаецца за адну з вокладак, што прэтэндуюць на месца ў Доўгім спісе.
6.4.5. Каардынатар не дае сябрам Журы інфармацыі, колькі балаў атрымала кожная з кніг, што прайшла ў Доўгі спіс.
6.5. Механізм фармавання Кароткага спіса:
6.5.1. Абмеркаванне вокладак сябрамі Журы.
6.5.2. Кожны сябра Журы ацэньвае кожную з вокладак Доўгага спіса (калі ён вызначаецца) ці Поўнага спіса намінаваных кніг паводле пяцібальнай сістэмы (дзе адзін бал – найніжэйшая адзнака, пяць балаў – найвышэйшая).
6.5.3. Вокладкі, якія набралі найбольш балаў, праходзяць у Кароткі спіс. Канчатковая колькасць вокладак у Кароткім спісе вызначаецца калегіяльна сябрамі Журы на пасяджэнні.
6.5.4. Калі за месца ў Кароткім спісе спаборнічае некалькі кніг, наконт іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы мае адзін голас, які аддаецца за адну з кніг, што прэтэндуюць на месца ў Кароткім спісе.
6.5.5. Каардынатар Прэміі не дае сябрам Журы інфармацыі, колькі галасоў атрымала кожная з кніг, што прайшла ў Кароткі спіс.
6.6. Механізм галасавання за пераможцу:
6.6.1. Абмеркаванне вокладак сябрамі Журы.
6.6.2. Кожны сябра Журы абірае трох кандыдатаў у пераможцы і ставіць адпаведна 3 (найлепшай), 2, 1 балы.
6.6.3. Кніга, якая набрала найбольшую колькасць балаў, становіцца пераможцай.
6.6.4. У выпадку, калі за перамогу спаборнічае дзве або больш кніг, наконт іх праводзіцца дадатковае галасаванне. Кожны з сябраў Журы абірае найлепшую кнігу з тых, што спаборнічаюць за перамогу, абраная кніга атрымлівае адзін бал. Перамагае кніга, якая набрала найбольшую колькасць балаў.
6.7. Таямніца галасавання Журы раскрываецца Каардынатарам толькі Аргкамітэту.
VII. ЗАКЛЮЧНЫЯ ПАЛАЖЭННІ
7.1. Змены ў Статут уносяцца і зацвярджаюцца Аргкамітэтам. Статут пачынае дзейнічаць з даты зацвярджэння яго Аргкамітэтам.