Сяргей Календа

Пісьменьнік

Вільня для мяне стала апошняй кропкай у працы над кнігай страшных казак, якую я пачаў пісаць у 2012-м на рэзыдэнцыі ў Вэнтсьпілсе і так атрымалася, што ўсе гісторыі, якія я ствараў, былі запісаны ў гарадах вакол Балтыйскага мора. Такія халодныя страшныя гісторыі з Вэнтсьпілса, Вісьбю і Вільні. У Вільні я канчаткова дапрацаваў свой праект. Рэзыдэнцыя дала ня толькі магчымасьць спакойна дапісаць кнігу, але я ўпершыню ў сваім жыцьці намаляваў карціны для казак, акрылам, на халстах 30х40 см. Гэта быў новы вопыт. Увогуле з гэтай кнігай, якая называецца “Балтыйскія шкарпэткі”, усё атрымалася містычна, цікава і загадкава, тры літары В. у гарадах, якія сталі асноўнымі для напісаньня гісторый. Халоднае надвор’е. Дажджы… Я доўга чакаў адказу па рэзыдэнцыі, але гэтае чаканьне было вартым таго, бо ўсё супала як і павінна было быць. Я быў гатовы закончыць кнігу менавіта ў гэтым годзе, у сакавіку, у месцы, якое дапамагло мне знайсьці новага героя для апошняга, дзясятага апавяданьня. Героя страшнага, злога і неўміручага.

Чорны Нашывілімас
Апавяданне

Тое, што я сёньня апынуўся ў шпіталі, мяне зусім ня дзівіць. Як кажуць мае сябры, я — Чалавек-Гузак. Гэта як супэргерой, толькі мая надзвычайная якасьць — трапляць у бальніцу.

Учора я сапраўды наўмысна, упершыню ў жыцьці, сам зрабіў крок насустрач аўтобусу.

Так, раней я ніколі б і не падумаў пра такое — самастойна і пад аўтобус.

Звычайна ўсе падзеі, якія са мной адбываліся, былі непрадказальныя, балючыя, і я жаліўся на лёс.

З часам, калі я пачаў адчуваць, што тут нешта ня тое, падазраваць, што гэта ня проста лёс. Але пасля кожнага майго рашучага дзеяньня, жыцьцёвага выбару са мною нешта здаралася — то хвароба, то пералом нагі, то апаноўвала такое расчараваньне, што і жыць не хацелася.

Я вырашыў, што я звычайны няздара, у якога за паўкроку да выніку штосьці здараецца, спачатку зьнікае імпэт, а ўжо потым я апынаюся ў цяжкім фізычным стане. Стаўлю кропку свайму памкненьню, ламаю захапленьне і справу ўсяго жыцьця. Раз, і ўсё.

Час у мяне ёсьць, у мяне багата часу, я прапісаўся ў гэтым лячэбным пакоі на два месяцы дакладна, а мо і на тры. Бо выжыць пасьля сутыкненьня з аўтобусам — адна рэч, а выкараскацца з таго сьвету і застацца бяз страшнага курдупеля, таго гнюснага дарадцы, сумнага, мэлянхалічнага гобліна на сьпіне, які ўсё жыцьцё псуе табе настрой, — зусім іншае.

Рашэньне трапіць пад аўтобус было вартым. Вартым таго, каб я пачаў жыць шчасьліва, тут і цяпер стаў адлічваць хвіліны жыцьця.

Вы, напэўна, яшчэ нічога не зразумелі, буду больш пасьлядоўны…

Мой літоўскі сябра сказаў, што я здатны праходзіць праз замкнёныя дзьверы, калі мне штосьці сапраўды патрэбна, проста я яшчэ не апынуўся перад такімі дзьвярыма.

Здаецца, учора я адчыніў тыя дзьверы. Я прайшоў праз гэтыя закалочаныя доўгімі цьвікамі, крыж-накрыж абвешаныя замкамі, дзьверы.

Толькі разумееце, мы тут з вамі ўдвух у пакоі, і вы, відаць, зусім ня можаце мне адказаць, але нічога, паварушыце ўказальным пальцам, я яго добра бачу, я зразумею, што мне варта працягваць. Або не варушыце, і я заткнуўся навечна.

Ага, добра, мне прыемна, што вам цікава, я тады працягну…

Вы пэўна таксама перажылі дарожна-транспартнае здарэньне, а можа яшчэ што горшае, трапілі пад абвал на будоўлі… Прынамсі, мне пашчасьціла, хаця б гутарыць магу… Вы мне, калі што, можаце пальцам падказваць, паклікаць вам мэдсястру — можаце сагнуць палец, у вас кнопка выкліку спаўзла, так што ўсе спадзевы на ваш палец. Як заўважу, што вы зьнерухомелі надоўга, то замоўкну, гэта будзе азначаць, што вы заснулі, я вас стаміў. Мы з вамі прыдумаем асабісты код, сваю азбуку, будзем як найлепшыя сябры, бо нам з вамі тут доўга яшчэ ляжаць, і хто ведае, мо потым умоўны язык распрацуем, як міжнародны… Кнігі на ім будуць пісаць розныя пабітыя жыцьцём хворыя. Уявіце: язык жэстаў указальным пальцам!

Разумееце, для мяне шпіталь — другі дом. Усё пачалося, калі я хацеў дагнаць адну дзяўчынку, маю аднаклясьніцу, гарэзу. Першая кляса, хочацца бегаць, адчуваць, які ты хуткі ды няўлоўны, у цябе няма межаў, нічога кепскага ў жыцьці не існуе, нейкіх сьмешных дарослых праблемаў таксама няма… І вось я бягу за ёй, хочацца торгнуць за коску, і я амаль дабег, і амаль дацягнуўся, будзе супэрсьмешна ўсім на спартовай пляцоўцы! Як раптам я не дацягваюся, мне становіцца зусім не цікава і ня варта таго, каб даганяць, я спрабую спыніцца, адна нага чапляецца за другую, і я лячу каленямі на асфальт. У выніку на правым калене тры швы, на левым — чатыры. Я раву, усе чакаюць хуткую, настаўніца панікуе, кроў цячэ прыгожа, няспынна, як таматны сок, зацякае ў боты, я ажно хлюпаць магу.

Здаецца, гэта мой першы яркі досьвед, калі я раптоўна згубіў інтарэс да справы і праз гэта нашкодзіў сабе і свайму целу.

Потым здарылася траўма на каратэ. Я пачаў хадзіць у гурток самастойна, бацькі мяне не прасілі, ніхто за руку не завёў, я проста аднойчы даведаўся, што ў раёне адкрылі спартовы клюб каратэ. Я ўзрадаваўся і пачаў штодня наведваць татамі, тыя маты, стаяць і сядзець на якіх была адна асалода. Праз год я меў ужо і сваё кімано, і ўсё ішло як мае быць, пакуль аднойчы, седзячы на лаве ды назіраючы за бойкай хлопцаў, якія адпрацоўвалі ўдары нагамі, голас у галаве нечакана прамовіў, што тут усё не цікава, што гэтае каратэ нікому не патрэбнае, бо калі я апынуся сам-насам з дваровымі хлопцамі, ад мяне ня будуць чакаць падрыхтоўкі, а проста дадуць у нос, імгненна і зьнянацку. І як толькі голас у галаве гэта вымавіў, я падняўся, каб ісьці ў распранальню, дакладна ведаючы, што сюды не вярнуся, як у мой бок прыляцела палка, якая вырвалася ў кагосьці з рук, і працяла мяне па сьпіне гэтак моцна, што нават доктар хуткай падазраваў пералом хрыбеткі, пакуль ехалі ў шпіталь.

Я ж кажу — спачатку думаў, я няўклюда. Хлопец, якога Бог не пацалаваў у патыліцу, але добра выцяў па макаўцы.

Потым, калі я разьвітаўся з баявым мастацтвам, я вырашыў заняцца мастацтвам выяўленчым. Ня так шкодна для здароўя. Я памятаю дзень, калі абвясьціў бацькам, у захапленьні і радасьці, размаляваўшы першы альбом выявамі Бэмбі і Дамбо са стужак Дыснэя, што гатовы пайсьці з наступнага вучэбнага сэзону ў мастацкую школу. Бацькі таксама радаваліся. Але ўлетку трэба было здаць іспыт па маляваньні, каб узялі ў школу, і за дзень да іспыту я ламаю ўказальны палец на правай руцэ. Вельмі проста яго ламаю, засунуўшы пад дзьверы, якія зачыняліся. Вось так, гоп, і я больш не мастак — бо справа гэтая бедная, нікому не цікавая, да ўсяго яшчэ і дзьверы скразьняком зачыняюцца без папярэджаньня, а я такі няўклюда, што вочы невядома дзе пакінуў. І добра, што палец паламаўся ў двух месцах, доктар сказаў, што сабраў яго з парэштак костак, якія скура толькі і трымала…

Потым мяне пацягнула займацца футболам.

Ну, як потым…

Мінула тры гады, я стаміўся назіраць за дваровымі пацанамі праз акно і пачаў сам выпаўзаць вонкі са свайго пакою… І калі ўдавалася назьбіраць у двары каманду ў баскетбол, то і ў стрытбол гулялі, ня толькі ў футбол, і нават двойчы за лета я пасьпеў згуляць у валейбол. Я быў на вышыні, я забыўся на няўдачы дзяцінства, мне было хораша сярод спатнелых і стомленых сяброў.

Вядома, падлеткавы ўзрост, як там уседзіш дома, нават бяз ног і рук хочацца на двор, і ніякія страхі не ўтрымаюць у сумным пакоі, хоць той і перапоўнены кнігамі ды відэагульнямі для «Іксбокс».

Мяне хутка зацягвае, я захапляюся рэчамі ўмомант, магу доўга марудзіць, хадзіць вакол, прыглядацца, але калі сам сабе кажу: «Так», то мяне ўжо не спыніць, не стрымаць, не спужаць, толькі шпіталь ці хвароба мяне ўтаймуюць. Гэтак і са спартовай пляцоўкай я завязаў, калі за дзесяць дзён дзесяць разоў скокнуў на расьцягнутую галёнку.

Урэшце…

Вы ж мяне слухаеце? Ці мне памаўчаць паўгадзіны? Я ўжо ня памятаю, як мы з вамі дамовіліся на ўмоўныя знакі, але калі мне працягваць, сагніце указальны палец, альбо не — дакладна ня тое, паварушыце ім, я згадаў, што сагнуць палец у нас азначае паклікаць сястру.

Добра, не пытаньне, згода…

Працягну свой аповед з таго, што распавяду вам, як ня трапіў вучыцца ў кансэрваторыю, паступіўшы праз конкурс малых дараваньняў, бо захварэў на гнойную ангіну. Паўгоду ачуньваў, маці нават у царкву пачала хадзіць маліцца, сьвечкі ставіць, крыжы цалаваць. А я ляжу хворы, ледзь прытомны, і сам сабе думаю, што гэта ўжо перабор. Ну паламаць рукі, ногі, пальцы, ня ведаю, расьцягнуць цягліцы — адна справа, гэта можна сьпісаць на тое, што я няўклюдны бораў, а вось каб так жорстка захварэць… Гэта новы этап у маім нязграбным жыцьці. Хвароба — штосьці ад усявышніх, альбо ад усяніжніх сілаў, дакладна незямнога паходжаньня.

І я проста на фоне ангіны захворваю на дэпрэсію, кажу сам сабе, што больш мне нічога не цікава, нічога я не хачу і займацца нічым не буду. Вось тут пакладуся і займуся абломаўшчынай, паслаўшы ўсе справы падалей.

Час паплыў марудна, жыцьцё падзялілася на два моманты: сон — дэпрэсія. Я пралічыў усе крокі ў пакоі, вывучыў колеры і нюансы неба ў акне, потым навучыўся спаць і ня спаць адначасова. Маці са мной працавала, псыхоляг таксама, папа выклікалі, каб ён чадзіў па кутах. А мне чытаць не хацелася, і нават рука была цяжкая, каб падняць пульт ад тэлевізара, і дыхаць не хацелася таксама.

І ў маім жыцьці зьяўляецца псыхіятар, які адзін раз мяне прыняў, пагутарыў, агледзеў і падсумаваў: тэрмінова зьмяніць горад на вёску, лецішча, прыроду, на што заўгодна… А я, трэба сказаць, і сам стаміўся ад асфальту і пылу на сваім ложку, і самастойна вырашыў паехаць на лецішча, увосень, калі ўсе сабралі ўраджай, навокал ніводнага суседа. Зьмяніць гарадзкі ложак на саламяны стары матрац у хатцы на сьвежым паветры.

Счакаў два месяцы, узяў сподняе, кнігу — «Атляс інсэктаў» і «Гісторыю Сярэднявечча» і папярэдзіў бацькоў, што пажыву ў нас на лецішчы, сярод прыроды, трэба мне штосьці рабіць з жыцьцём, але акуратна, каб зноў не трапіць у якую пастку са здароўем.

Мне амаль васямнаццаць, так, магу і сам пажыць, так, я ня супраць, што мяне будуць наведваць суседзі з участкаў, і так, добра, я ня супраць, каб мне тэлефанавала маці штовечар, і я згодны, што раз на тры дні бацька будзе прывозіць мне ежу. На апошняе я ня проста згодны, а ахвотна пагаджуся, каб мне тата прывозіў паесьці, а як інакш мне там заставацца?

Вы, вядома, скажаце што восень, закаткі ёсьць, бульба, капуста кіслая, і яблыкі можна есьці, але як я, такі прыгожы і сумны, буду лекаваць сваю душу бяз колы, безь любімага печыва на сьняданак і без марозіва? Безь любімых ласункаў жывейшы і весялейшы я не зраблюся.

На лецішчы я праспаў два дні. А на трэці дзень увечары запаліў на градках вогнішча, пагрэўся, папіў гарачай гарбаты, трохі пачытаў знойдзенага Сянкевіча і вярнуўся ў дом уключыць тэлевізар, паглядзець фільм, альбо павісець у «Фэйсбуку» і з кім пагутарыць, бо я ўпершыню за шмат месяцаў зноў сабраўся жыць.

Вось нібыта ўчора адбылося, а ня пяць гадоў таму. Я так добра і ясна запомніў той вечар на лецішчы.

Уключыў я тэлевізар, сеў у фатэль і бруднай далоньню пацёр вока, і вейка трапіла, і гэтак балюча стала, кінуўся да люстэрка, да старога трэльяжа, што ў савецкі час усе куплялі сабе ў залі ды калідоры.

Тру вока, спрабую ўгледзець у цэнтральнае люстэрка, што і дзе там баліць, як раптам у правым люстэрку, якое было павернутае кутом, бачу я, што на маіх плячах сядзіць нейкі чорны чалавечак, і я як закрычу!

Божа, я крычаў напэўна гадзіну, крычаў і біў сябе па сьпіне, падаў на падлогу, круціўся як вугор… Потым усхапіўся, павярнуў люстэркі трэльяжа з двух бакоў сабе на сьпіну, і бачу, сядзіць там хтосьці ды нават не варушыцца! Такі чоооорны чалавечак! Гном! Што ён там робіць?!
Ну ўсё, кажу я сам сабе, давёў свае мазгі да псыхапатыі, час выклікаць санітараў. Што я бацькам скажу? Што я сам сабе скажу?

Разумееце, паважаны сусед па палаце, я ня хворы. Хоць сказ гэты і прагучаў так, быццам я хворы, але гэта было напраўду, без трызьненьня, фантазіяў і злоўжываньня!

Я на сваёй сьпіне выявіў нейкага чалавечка, і гэта быў дакладна ня цень, бо цень мой акуратна заставаўся побач, часткова падаючы на сьцяну.
Спачатку я вырашыў пайсьці ў лазьню. Нагрэў яе пасярод ночы да ста градусаў, натапіў так, што ажно вочы пульсавалі і горла гарэла. Папарыўся дзьве гадзіны. Думаў, адмыю зь сябе ўсё на сьвеце і змыю гэтага гнома куды падалей.

Лазьня добрых вынікаў, акрамя таго, што я быў бессаромна чысты, не прынесла. На сьпіне сядзела чорная пачвара, і ўсё тут.

Потым я некалькі дзён запар у рэчцы сьцюдзёнай плаваў, да аняменьня.

Качаўся па траве на сьпіне.

Скокаў з дрэваў і нават куляўся.

Чорны чалавек працягваў сядзець на маёй сьпіне.

А што было потым? Бачу з напружанасьці вашага пальца, калі можна так сказаць, вам усё-ткі цікава, што здарылася далей?

Я паехаў да сваёй бабкі, бо вырашыў, што бацькам ня трэба казаць пра свой праклён, ці як тую істоту на сьпіне назваць. Вырашыў, што спачатку пагутару з бабкай.

Прыехаў да яе, а яна мне і распавядае: маўляў, такі харошы раней я быў хлопчык, ладны, добры, а як зьезьдзіў на Балтыйскае мора з бацькамі, дык па вяртаньні адны капрызы, нэрвовы зрабіўся, выбрыкі, шнары на руках, гузакі на твары, швы на нагах, пайшлі пераломы і хваробы.

Спрабавала мая бабка распавесьці бацькам, што напэўна, Нашывілімас са мной здарыўся, парадніўся чорцік са мной. Чула мая бабка, ад сваёй бабкі, што жывуць у сьвеце такія чорныя курдупелі, гномы, як іх ні назаві, але любяць усе яны адно і тое ж! Як адшукае такі гном утульныя плечы, то і ўзлазіць на іх жыць, каб у вушы гадзіць, сумныя думкі наводзіць, а калі яму карысна, дык падножкі робіць, у самы нязручны час, каб зьбіць з жыцьцёвага шляху, бо курдупелям сьлёзы патрэбныя, як вада, яны растуць ад кепскіх думак, нібыта ад булак, становяцца дужымі ад чалавечай нявыкруткі, як быццам у спартовай зале пабылі.

Бабка мая сказала, што раней ня бачыла гэтага Нашывілімаса на маёй сьпіне, але калі ўжо я занурыўся ў дэпрэсію, то цяпер дакладна можна будзе пабачыць яго. Але толькі я сам, на ўласныя вочы здольны яго ўбачыць, а бабка можа толькі адбітак ценю на сьцяне падгледзець.

І вось мы выключылі сьвятло ў хаце, старая запаліла сьвечку, падняла перада мною, глядзіць на сьценку, і кажа: «Вялікі цень бачу, адкарміў ты свайго чорціка, бачыш? Нават абрыс кія нейкага або нажа віднеецца ў ягоных руках, няўжо забіць рыхтуецца?!»

І кепска мне стала, холадна на сэрцы, мароз па скуры прабег. Праўда ўсё. Высьвятляецца, цэлае жыцьцё мне замінаў, паганіў мае сьветлыя памкненьні гнюсны курдупель!

Гэта страшна, але адначасова і добра — бо цяпер я ведаю, хто мой вораг і нават як яго завуць!

Я штораніцы прачынаўся і альбо сядаў каля трэльяжа, альбо браў у рукі люстэрка і глядзеў на сваю сьпіну ў другім люстэрку, і так сядзеў ды вёў гутарку: «Ну што, курдупель? Як з табой жыць будзем? Чуеш, Нашывілімас паганы! Можа, адпусьціш мяне ўрэшце? Я больш ня буду сумаваць, і плакаць ня буду… Радавацца буду назло табе! Я жыць хачу і даводзіць справы да лягічнага канца. І жыць хачу адзін, самотным насіць сваё цела, свабодную сьпіну хачу мець пад ясным небам!»

І паступова праз нашыя дыялёгі я адчуў, што слабее мой чорт, паменшаў, нават палку сваю ці нож схаваў, толькі вочкамі чырвонымі лыпае, калі я зь ім гутару, але сыходзіць ня думае.

Мінае час, я зноў адчуваю сілы жыць, перамагаць, рабіцца дарослым, мужным, як заўгодна гэта назавіце…

Я вырашаю падрыхтавацца да паступленьня ва ўнівэрсытэт. Я захацеў паступаць у мэдычны інстытут. Надумаў стаць хірургам, каб раз і назаўсёды выразаць скальпэлем Нашывілімаса.

І вось я цэлы год рыхтуюся да іспытаў па біялёгіі, хіміі, вучу граматыку беларускай мовы, каб здаць тэст… І я скажу вам, што за тыдзень да іспытаў я трапляю ў інфэкцыйны шпіталь, мне робяць тэміновую апэрацыю на страўніку. Доктар потым скажа, што ў маім жываце знайшлі неверагодную колькасьць чарвякоў.

Як я застаўся жыць, як я ўвогуле насіў такое ў сваім целе і не памёр, не вядома.

Але мне ўсё вядома, бо я ўжо бачыў, як танчыць на мне падужэлы чорт, як ён радуецца маёй няўдачы, як ён захапляецца сваімі чарвякамі.
Праляжаўшы ў шпіталі месяц, на дыеце і адмысловых таблетках, якія выклікалі моцную пякотку і ваніты, мяне выпісалі, як ёсьць. Адпусьцілі ў вялікі сьвет няспраўджаным абітурыентам, які вымушаны цяпер шукаць працу, каб жыць. І не з маім шчасьцем, але нейкім чынам ня трапіць у войска на два гады, але тут, я думаю, курдупель мне якраз дапаможа з пытаньнем войска.

Як вы там? Ці яшчэ цікава, ці можа заснулі ўжо?

А, бачу, можна працягваць далей.

Карацей, я зь пераменным посьпехам пражыў тры гады, мяняючы працу, так і ня трапіў у войска, жыў сабе са сваім дэманам на плячах, нават прамаўляў доўгія маналёгі, калі адным вечарам, на невялікай вечарынцы з нагоды народзінаў аднаго супрацоўніка, я не сустрэў дзяўчыну. На лесьвічным пралёце, яна адчыняла ўваходныя дзьверы.

Дзяўчына была суседкай імяніньніка, і так яна мне спадабалася, што я ня проста ўтаропіўся ў яе, я зьнерухомеў, аслупянеў. Я імгненна адчуў, што цяпер ведаю сэнс свайго жыцьця. Ведаю, што рабіць далей, і дакладна ведаю, што цяпер буду рызыкаваць дзеля каханьня — высокай, сьвятой мэты, дзеля галоўных пачуцьцяў у сьвеце. Я адразу сабе сказаў, што гэтая жанчына, суседка майго супрацоўніка, зробіцца маёй жонкай, але сьпярша я распраўлюся з Нашывілімасам. Назаўжды.

Я пачаў выбудоўваць плян сьмерці курдупеля, перабраў усё на сьвеце, узважыў усе мэтады і спыніўся на тым, што найбольш сур’ёзна нашкодзіць чорту — толькі калі ён атрымае наймацнейшы ўдар у маю сьпіну.

Паведаміў я сваёй бабцы, каб хоць хто з родных ведаў пра мой плян, а тая за тыдзень мне ляльку зрабіла. Набіла мне хустку саломай, зрабіла ляльку-абярэг, якая гаспадарыць у доме, і лад наводзіць у сям’і, гоніць вонкі нячысьцікаў.

Разумееце, як дзіўна я мусіў выглядаць з гэтай лялькай, а яна, скажу вам, не маленькая зусім была.

Вядома, каб скокнуць адкуль сьпінай уніз не было і думкі, я сам мог загінуць. А каб застацца жывым, я падумаў, што найлепшым выйсьцем будзе аўтобус. Ляльку-абярэг дбайна запіхнуў назад у джынсы, каб палова яе прыкрывала мне хвасьцец і ныркі зь пячонкай…

Ад удару я пралячу некалькі мэтраў, прызямлюся на рукі і ногі, папярэдне скокнуўшы сьпінай як мага вышэй у лабавое шкло, каб адляцець, а ня трапіць пад колы. І вось такім чынам паб’ецца Нашывілімас, зваліцца і трапіць пад колы шматтоннага аўтобуса.

І вось я тут, як ёсьць, у шпіталі, на ложку, забінтаваны і ў гіпсе. Пасьля дарожнага здарэньня! Шчасьлівы! Ніякіх скрушных думак. Ні каліва расчараваньня! Я нарэшце пачуваюся вольна, сьветла і годна, нягледзячы на ўсе гэтыя пераломы, я жывы і гатовы кахаць, жыць, жаніцца, завесьці шчасьлівых дзетак. Упершыню з шасьці гадоў я вызваліўся ад цяжару, і каштавала мне гэта ўсяго толькі — амаль загінуць на дарозе!

Мой сябра літоўскі кажа, што я змагу прайсьці праз замкнёныя дзьверы, разумееце? Я сапраўды прайшоў праз гэтыя дзьверы, я забіў свайго курдупеля! І я жанюся, вольны, шчасьлівы і цяпер абсалютна ўпэўнены ў гэтым, што мне яна патрэбная, ніякага больш дурнога расчараваньня, ніякіх недаробленых справаў, ніякіх бальніц. Пасьля аўтобуса я зрабіўся лёгкім, удачлівым і самым сапраўдным мужчынам!

Вы мяне чуеце? Што?! Я так разумею, вы просіце пазваць сястру?

Зараз я пазваню. Чакайце. Напэўна, я вас тут забалбатаў, і можа ня толькі вам, але і мне трэба зьмяніць судны пад дупай.

— Так, як маецеся, удзельнікі ДТЗ?

— Вітаю, сястра, у мяне ўсё добра, я рады быць жывым. Увогуле, добра ўсё! Файна!

— Гэта прыемна чуць, але сябру вашаму ня так пашчасьціла, ягоны стан горшы за ваш.

— У сэнсе? Я ж адзін трапіў пад аўтобус!

— Што вы кажаце, адзін? Ёсьць сьведкі: вы стаялі разам з другім мужчынам, гутарылі, а потым штурхаеце свайго прыяцеля на аўтобус, а ён хапаецца за вас, у выніку вы абодва тут. І пра гэта я ведаю ад сьледчага, які ранкам прыходзіў і не засьпеў вас прытомнымі, распавёў мне ў двух словах пра здарэньне. А цяпер, бачу, ня тое што пальцы варушацца — сакочаце няспынна!

— Ды што вы верзяце!? Я пад аўтобус адзін пайшоў, наўмысна, бо кепска мне было, дэпрэсія, расчараваньне! Я ж закахаўся! Сястра! Я кахаю! Мне жыць трэба вольным і шчасьлівым!

— Распавядзіце тое ў судзе, калі мы вас вылечым, а пацярпелага на ногі паставім, а да таго часу ачуньвайце, набірайцеся сілаў.

Сакавік 2019
Вільня, Літва