Антон Рудак

Нарадзіўся 9 жніўня 1989 года ў Мінску. Студэнт гістфаку БДУ. Піша вершы, перакладае з польскай мовы. Фіналіст конкурсу Беларускага ПЭН-цэнтра да стагоддзя Ларысы Геніюш.

… пра свой дзень у Рэзідэнцыі маладога літаратара

Побыт у Рэзідэнцыі перадусім быў для мяне цудоўнай магчымасцю выспацца, таму раней за 10 раніцы я не ўставаў. Харчаваўся, у залежнасці ад часу сутак і наяўнасці вольнага часу/жадання, альбо ў кавярнях, якіх у Старым горадзе мноства, альбо ўдома. Значную частку вольнага часу займала вывучэнне горада, я шмат гуляў па раней незнаёмых мне мясцінах, наведваў музеі.

… пра тое, што атрымалася зрабіць на Рэзідэнцыі

У Вільні я збіраўся падрыхтаваць дэбютны зборнік вершаў. У выніку вершы былі адабраныя, сабраныя і дзе-нідзе папраўленыя, неўзабаве я планую здаць рукапіс. У прынцыпе, планы спраўдзіліся.


… пра адзіноту

У прынцыпе, часу сумаваць не было, я размаўляў па скайпе і перапісваўся ў сацсетках з сябрамі, таму асабліва адарваным ад жыцця сябе не адчуваў.

… пра парады будучым удзельнікам Рэзідэнцыі

Збольшага я ўсім задаволены, а раіць нешта складана, з увагі на розныя мэты, якія будуць ставіць перад сабою будучыя ўдзельнікі.


… пра натхненне і прысвечаныя Вільні вершы

На жаль, натхненне мяне за гэтыя два тыдні не наведвала, і пералапачванне старых вершаў адбівала ахвоту напісаць новыя. Адзінае, што магу прапанаваць — нізку раней напісаных вершаў, так ці іначай датычных Вільні.

раманс

а цягнікі спяшаюцца і пралятаюць станцыю,
горад маўчыць насцярожана і назірае з маста.
помніш, як першыя месяцы ён сустракаў іх танцамі,
потым праводзіў песнямі, потым зусім перастаў.

давераснёўская лірыка не дажыве да кастрычніка,
коратка ў прозу пастрыгшыся сухім каляндарным лістом.
стане мінулае выракам, добрае зробіцца рызыкай —
прымеш усё, як звыклае, будзеш пісаць у стол.

з гэткай кепскаю звычкаю лёгка зрабіцца цынікам —
зрэшты, цурацца нечага — гэта цынічна не менш.
кінеш выходзіць на вуліцу. вуліца стане засмечанай.
ты задаволішся вынікам, вершык няўцешны складзеш.

восеньскія вакацыі пройдуць у паняверцы.
у небе бездапаможна лётаў апошні анёл.
помніш, як перад старасцю ён ратаваў іх смерцю.
потым не атрымалася. потым і сам памёр.

***

Давераснёўская Вільня.
Ціхім восеньскім ранкам
Вуліцай Вострабрамскай
Крочаць Кушаль з Арсеньневай.
Ля муроў базыльянскіх
Яны вітаюцца з Танкам —
Танк падазрона хістаецца:
Мо, ад натхнення,
А мо, на Завальнай
Ізноў была п’янка.

Магістр Антон Луцкевіч
Выходзіць на ганак гімназіі
І, уздымаючы вочы
Да вераснёўскага сонца —
Дарма, што сляпы, як крот —
Мружыцца па-масонску.
Куды толькі глядзіць
Пан дырэктар, Астроўскі?
Зрэшты, абы не на ўсход —
Гэта і Танк пацвердзіць.

Акінчыц з Казлоўскім
Сядзяць за півам у кнайпе
І, нібыта Калядаў,
Чакаюць свайго лістападу.
У пабернардынскім касцёле
Чытае казань Гадлеўскі:
Нешта пра шкоду ад піва
І, увогуле, алкаголю.
Але насамрэч жахліва
Толькі адно: ніколі,
Мы не пабачым
Давераснёўскай Вільні.
Ніколі.

сон мілаша

па-над горадам зачараваным, нібыта у сне
прамінаюць князі, імператары ды базілеўсы
пад нагамі няўрымсліва вілія ў невараць мкне
я стаю на руінах няспраўджанага каралеўства

у спрадвечных мурах ні царква, ні касцёл, ні турма
ні патоп, ні вайна, ні рэпрэсіі, ні рэвалюцыя
і нарэшце ніякага сцягу на вежы няма
толькі конікі на паплавах каля рэчкі пасуцца

вастрабрамская маці не хіліць чала у журбе
прыціскаючы соннае места да сэрца далоньмі
ўсе дарогі на свеце нязменна вядуць да цябе
над табою кружляе пчала і грукоча пагоня

спі, маленькая, болей не прыйдзе жалезны ваўчок
калыханку табе я спяю, засынай у спакоі
я шапчу і міжволі прыслухваюся: па начох
нехта зноўку айчыну сваю называе літвою