Настаўніца замежных моў у вясковай школе, літаратурны перакладчык. Нарадзілася ў Мазыры ў 1989 годзе. У 2012-м скончыла МДПУ імя І. П. Шамякіна па спецыяльнасці “Нямецкая мова. Англійская мова”. Пераклады друкаваліся ў часопісах “Макулатура” і “ARCHE. Пачатак”. Фіналістка конкурсаў маладых літаратараў (2012 і 2013 гг.).
І страчаны сэнс прагавораных слоў,
І не п’яняць улюбёныя вершы,
І не ратуе п’янкое віно,
Значыць, прыяцель, завадзі рухавік.
Хай снег і залева шляхі ўсе размылі,
З гэтага краю безвыходнай тугі
Любая дарога выводзіць на Вільню… ©
У цягніку да Вільні мяне, чамусь, у першую чаргу мучала пытанне, якія я ведаю песні, звязаныя з гэтым горадам. З беларускіх да галавы прыходзілі толькі дзве, бардаўскія, а на аддаленым фоне свядомасці клавішныя акампанавалі Аліне Арловай. Так, я крыху нервавалася перад сустрэчай з Вільняй. Так ужо склаўся лёс, што гэта была мая першая вандроўка ў зямлю ўсюдыіснага канчатку “-s”.
Насамрэч, я не шкадую, што не трапіла сюды раней. Часам бывае, што пачынаеш чытаць нейкую кнігу ці глядзець фільм — і не ідзе. Спрабуеш пазней — зноў не тое. І гэтак цягам месяцаў, гадоў. А потым адчуваеш, вось ён, адпаведны момант: ты дарос, саспеў, прыйшоў да гэтага. Вось і я, нарэшце, дарасла да Вільні. Прыйшла мая чарга з дурнаватай усмешкай радавацца мемарыяльным шыльдам у гонар нашых герояў, узрушана слухаць няскладны спеў крумкачоў на Лукішках і прыкрываць вочы ад сонца, гледзячы ўніз з Гедымінавай вежы.
Не ведаю, як каму, а мне для працы патрэбна не толькі натхненне, але і цішыня. Таму размеранае жыццё Беларускага дома правоў чалавека найлепшым чынам адпавядала ідэальным умовам у маім уяўленні. Банальна, але самым натхняльным фактарам для мяне стаў нумар пакоя — 13. А яшчэ задзейнічаны на суседняй вуліцы будаўнічы кран. Праўда, апошні часам спрабаваў збіць мяне з запланаванага творчага маршрута. У прыцемку няроўны крыж ягонай верхавіны здаваўся падобным да смяшлівага анёла. Той ціхенька падбухторваў кінуць мастацкі пераклад і паспрабаваць замучаць клавіятуру ўласнымі думкамі. На жаль (ці на шчасце), кранавы ўгаворы не займелі ўвасаблення ў рэчаіснасць, засталіся лунаць у тым прахалодным віленскім вечары.
Шчыра скажу, што два тыдні ў Рэзідэнцыі ёсць незвычайным досведам для мяне. Ён адначасна дорыць новыя ідэі, насцярожвае, выпрабоўвае, накіроўвае да змен, прымушае азірнуцца, здзяйсняе мары, кпіць, смела крочыць побач. І, я цяпер бачу, атручвае твае словы зацяганым пафасам. Што ўжо паробіш, няхай і ён будзе. Абы не кусаўся…
Застаецца падзякаваць арганізатарам за такую файную магчымасць і пажадаць удачы і сонечнага настрою ўсім былым і будучым удзельнікам. Жыве Вільня!