Наста Грышчук

Журналіст, літкрытык на фрылансе.

Гэта была другая спроба. Першым разам я хацела дапрацаваць на Рэзідэнцыі казку. У той казцы ўсе паўміралі. Жаночых персанажаў у ёй не было.

Сусвет не хацеў такіх казак, і яно, напэўна, да лепшага.

Другім разам я падавалася з надзеяй разабраць рукапісы з вершамі і, быць можа, уцяміць, які сэнс мае ўся мая літаратурна-крытычная дзейнасць. Яна ўяўляе з сябе шэраг тэкстаў пра кнігі, большасць з якіх я ў цвярозым розуме не стала б чытаць.

Разам са мной у Рэзідэнцыі знаходзіліся: два празаікі, адзін паэт, адна перакладчыца. Як бачыце, я цудоўна дапоўніла кампанію. Можна сказаць, завяршыла выбарку.

Чым займалася?

Найперш агледзела Вільню. Гэта не было рамантычна-нацыянальным турнэ па знакавых мясцінах. Усе ахі і ўздыхі засталіся ў 2016-м, калі я жыла ў тым самым Доме правоў чалавека падчас навучання ў Школе па тых самых правох. Да таго ж, усякую ахвоту да патрыятычнай чуллівасці адбіў Леанід Дранько-Майсюк. Яго незабыўныя каментары ў час экскурсіі па “беларускай Вільні” дасюль жывыя ў маім сэрцы.

Вільня была на месцы. Нават нязменны жыхар Вострай Брамы.

Пасля былі наіўныя спробы працы. Пры сабе я мела “Казкі сталічныя” Адама Глобуса і “Американские горки” Тані Скарынкінай. Першае спрабавала чытаць пад піва (тым больш — у самой Вільні, красіва жэ). Другую нават не разгарнула. Мама сказала, адпачывай. А працу з адпачынкам змешваць нельга. (Гэта таксама яна сказала.)

Мы (у розным складзе, але заўжды “мы”) з’ездзілі ў Трокі, Коўна, Клайпеду і Рыгу. Коўна перадусім.

Самым каштоўным у гэтых двух тыднях былі размовы ўначы, на кухні, пры аперацыйным святле. Як ні дзіўна, казалі пра літаратуру. Як ні дзіўна, у мяне пыталіся пра сучасных пісьменнікаў і прасілі даць ацэнку іх творчасці. Гэта было кранальна.

Некалькі рэчаў, якія я канчаткова для сябе сцвердзіла:

Праца не воўк, а дакучлівы сабака.

Новае пакаленне не мае куміраў, і гэта прыўкрасна.

“Крытык” — такое самае таўро, як любыя іншыя найменні.

Трэба вучыць англійскую.

Дзякую Рэзідэнцыі. Парадаксальна, але якраз яна дала магчымасць выскачыць з кола чытання-пісання. Магчымасць настолькі ўдалася, што я дасюль не патраплю ў яго, тое кола, вярнуцца.

Рэкамендую.