Ёсць творы, для напісання якіх неабходная адзінота, нават нейкая ізаляцыя. Калі я падавала заяву на Рэзідэнцыю маладога літаратара, то думала менавіта пра такі тэкст. Я хацела напісаць казку ў стылі Яна Баршчэўскага з героем нашых народных паданняў Мешай (адмысловым «беларускім бабайкай»). Аб’ём невялікі, але для яго патрэбная асаблівая атмасфера, якая з’ядаецца бытавымі справамі і штодзённымі клопатамі.
Вядома, складана ўяўляць сабе глухі лес, поўны ўсялякіх загадак, калі на кухні ўвесь час шыпіць патэльня, а на крэсле чакае стос неадпрасаванай бялізны.
Яшчэ складаней апісваць падземнага цмока, які ахоўвае скарб, калі ўвесь час тэлефануюць з напамінкам пра справы і сустрэчы.
І ўжо амаль немагчыма пагружацца ў свет беларускіх легендаў з яго асаблівым гучаннем і афарбоўкай, калі жывеш у самым цэнтры вечна шумлівага горада-мільённіка, які раве на ўсе галасы.
Вось чаму я так узрадавалася магчымасці пабываць у Рэзідэнцыі маладога літаратара.
Вільнюс стаў для мяне велізарным працоўным кабінетам, які мне пашчасціла арандаваць на цэлых два тыдні. Мы з Мешай – не ўяўным, а цалкам матэрыяльным, папяровым, – блукалі па вузкіх вулачках, хадзілі ў музеі, сядзелі за столікамі ў кніжных кафэ. Так прабягаў дзень, а ўвечары можна было цешыцца цішынёй у сваім пакоі і працаваць за кубачкам гарбаты.
Мэта майго знаходжання ў рэзідэнцыі была дасягнутая: я напісала чарнавыя тэксты казкі. Адзін варыянт – скарочаны, для дзіцячай кнігі з вялікімі ілюстрацыямі, іншы – больш поўны, для часопіса ці магчымага зборніка. Мне падаецца, што Меша – гэта аўтэнтычны беларускі персанаж, не падобны ні на аднаго казачнага героя з тых, што я ведаю. І я спадзяюся, што ён знойдзе сваё месца ў нашай дзіцячай літаратуры.