Міжнародны маніфест аб аўтарскім праве

Яшчэ з часоў брытанскага Статута каралевы Ганны 1709 года (першага дакумента аб аўтарскім праве) чалавецтва прызнала патрэбу ў законах, якія абаранялі б інтэлектуальную ўласнасць. У 1886 годзе была прынятая Бернская канвенцыя аб ахове літаратурных і мастацкіх твораў, за якую змагаўся Віктор Гюго. Так было раней, так застаецца і цяпер: не губляе сваёй актуальнасці асветніцкая ідэя, што творы і адкрыцці, зробленыя індывідуумамі, рухаюць аб’яднанае чалавецтва наперад.

Эканамічная незалежнасць і аўтаномія аўтара з’яўляюцца неабходнымі ўмовамі для свабоды выказвання і садзейнічаюць пашырэнню разнастайнасці галасоў, якія, у сваю чаргу, дапамагаюць развіццю дэмакратыі.

Адмаўляць аўтарам у магчымасці атрымліваць грашовую ўзнагароду за свае творы – значыць адмаўляць творам у каштоўнасці, а іх аўтарам – у сродках да існавання. Выкарыстанне інтэлектуальнай уласнасці аўтара без адпаведнай кампенсацыі і пры адсутнасці законных юрыдычных выключэнняў у дачыненні да аўтарскіх правоў з’яўляецца крадзяжом.

Міжнародны ПЭН перакананы, што сёння больш, чым калі-небудзь раней, правы асобных аўтараў знаходзяцца пад пагрозай з боку новых тэхналогій, палітычных прынцыпаў і законаў. ПЭН выступае за абарону аўтарскіх правоў усіх пісьменнікаў у кожнай частцы свету і заяўляе пра наступнае:

1. Аўтар з’яўляецца ўласнікам маральных і матэрыяльных правоў на любыя творы, якія ён ці яна ствараюць, да таго часу, пакуль гэтыя правы дзейныя.

2. Матэрыяльныя правы ўключаюць у сябе наступныя спосабы выкарыстання твораў: узнаўленне (аналагавым або лічбавым спосабам), адаптацыю (у тым ліку пераклад), публікацыю, публічнае выкананне і лічбавае выкарыстанне, у тым ліку перадачу твора па ўсіх лічбавых каналах і на ўсіх лічбавых платформах.

3. Маральныя правы ўключаюць: права аўтара на прызнанне яго ці яе аўтарам твора і не прызнанне ў выпадку непраўдзівай атрыбуцыі твора, якога ён ці яна не пісалі; права на забеспячэнне таго, што твор не будзе прадметам дэфармацыі або нанясення шкоды іх рэпутацыі аўтараў.

4. Аўтары мусяць мець права свабодна прадаваць аўтарскія правы на свае творы.

5. Аўтары самі вызначаюць памер платы за выкарыстанне іх твораў і ці браць яе наогул.

6. Міжнародны ПЭН прызнае, што існуюць выпадкі, калі ў грамадскіх інтарэсах дзяржавы могуць легалізаваць выключэнні для маёмасных правоў аўтараў на творы, якія яны ствараюць. Ніводнае з такіх выключэнняў не мусіць наносіць шкоды законным маральным і эканамічным інтарэсам аўтараў. У прыватнасці:

У выпадку, калі творы не з’яўляюцца камерцыйна даступнымі ў фарматах, прымальных для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўспрымання друкаванай прадукцыі, выключэнні ў мясцовых заканадаўствах мусяць дазваляць узнаўленне дадзенай прадукцыі для такой катэгорыі людзей ці імі самімі ў прымальных фарматах без парушэння аўтарскіх правоў. Любое тыражаванне такіх твораў для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўспрымання друкаванай прадукцыі мусіць адбывацца толькі ў выпадку, калі адсутнічае камерцыйнае тыражаванне.

Судовыя рашэнні, законы, прававыя нормы і іншыя нарматыўныя акты мусяць быць даступнымі грамадскасці. Дакладнае і без паправак узнаўленне такіх тэкстаў не мусіць быць парушэннем аўтарскіх правоў.

7. Законны эканамічны інтарэс аўтараў у творах, якія яны ствараюць, уключае ўсе існыя і патэнцыйныя рынкі для іх твораў.

8. Сістэма кіравання правамі на лічбавую прадукцыю ў дачыненні да твораў мусіць у выпадку неабходнасці падтрымлівацца заканадаўствам па аўтарскім праве для таго, каб уладальнікі аўтарскіх правоў карысталіся правамі на свае творы.

9. Лічбавыя копіі твора, зробленыя ў значных маштабах, без прымянення заканадаўчага выключэння і без дазволу аўтара твора, з’яўляюцца пірацтвам. Нацыянальнае заканадаўства мусіць распрацаваць адэкватнае пакаранне для барацьбы з пірацтвам, гарантуючы пры гэтым законны бесперашкодны доступ да твораў.