Калі ўдача цябе пакіне
І жана дарагая, і дочкі
За гарой застанецца Вільня
Як толькі не называюць Вільню: і Крывіцкая Мека, і Літоўскі Ерусалім, і нават кропка G на мапе Еўропы — але Вільня застаецца сама сабою, захоўваючы непадробнае аблічча — шматкалёрнае, гістарычнае, грацыёзнае.
Я дакладна запланаваў, што маю рабіць у Вільні цягам двух шпаркіх тыдняў, і штодня працаваў у Літоўскім гістарычным архіве. Архіў — гэта вельмі прынадная штука: варта толькі раз патрапіць туды, дашукацца забытае імя са старой метрыкальнай кнігі, як будынак больш не адпусціць. Захочацца даведацца ўсё больш і больш, наколькі дазваляюць чэзлыя старонкі, увабраныя грыбком і пылам. Імпэт так засмокча, што нават хворы на паліноз не чыхне. Зрэшты, багата спраў адсканавана, што важна для генеолагаў і астматыкаў — не ўсе дакументы трэба замаўляць дадаткова і раздражняць свае дыхальныя шляхі.
Вось з такога адсканаванага дакумента “Усерасійскага перапісу насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года” я і пачаў.
Як вядома, перапісныя лісты па тэрыторыі сучаснай Беларусі не захаваліся, акрамя Віленскай і Ковенскай губерняў, і тое, на жаль, часткова. Тут была мая першая няўдача — двароў сваіх продкаў я не знайшоў. Аднак той перапіс дае багатую інфармацыю пра поліканфесійную, поліэтнічную сітуацыю
на землях Віленшчыны і хавае шмат цікавостак: можна прачытаць, што стараверы ці караімы пазначалі роднай мовай беларускую, ці як тры сыны аднаго бацькі належалі да розных канфесій.
Акрамя вывучэння радаводу, архіў — гэта выдатнае месца спаткаць знаёмых з Беларусі і з кубачкам кавы ў вестыбюлі абмеркаваць поспехі і паразы на шляху шукання занядбаных імёнаў. Вельмі выпадкова сустрэў сонечную і заўзятую Алену Караткевіч, якая апантана, але пакуль беспаспяхова спрабуе аднавіць радавод Караткевічаў, адкуль і вядомы класік паходзіць. Дарэчы, адзін з Караткевічаў, мяшчанін, пазначаны ў гэтым перапісе, жыў у Ковенскай губерні, перабраўся з Быхаўскага павета, праваслаўны, родная мова — руская.
З вядомых беларусаў — родзічы аўтара першай беларускай граматыкі, якія жылі за 30 км ад Вільні, — Тарашкевічаў. У іх з нацыянальнай ідэнтычнасцю ўсё як мае быць.
Другая генеалагічная няўдача была для мяне надта балесная.
Спачатку быццам пашанцавала: калі прынеслі рэвізскую сказку Ашмянскага павета за 1816 год, то на першай старонцы знайшоў звесткі аб сваім прамым продку — прапрапрапрапрапрапрапрапрапрадзедзу, які жыў ў вёсцы Гостаў, Ашмянскага павета, Крэўскай парафіі на землях графа Храптовіча. Дзе тая вёска цяпер — невядома… Насупраць яго прозвішча — інфармацыя, адкуль прыехаў — Завілейскі павет, і дададзена — прыпісаны да Свянцянскай гарадской ратушы. У вопісу фонда Свянцянскай ратушы, на маё шчасце, у самай першай справе згадка пра купчую крэпасць нейкага І. Волкава. Я з вялікай радасцю замовіў гэтую справу, аднак на заўтра мне паведамілі, што дакумента на захоўванні не значыцца.
— Наверное сдали на макулатуру, — паважны і пераканаўчы літоўскі генеолаг падказвае мне прычыну. — Документ не представляет исторической важности для Литвы!
Літоўскі генеолаг аказаўся таленавітым навукоўцам і папрасіў мяне сфатаграфаваць яго падчас засяроджанай працы для артыкула ў міжнародную газету.
Рассекречен фонд паспортов Вильна за 1918 год. Это ведь просто фантаст’ическая возможност. Вы же понимаетэ – столетие Литовской независимости, СТОЛЕТИЕ!
З аднымі супрацоўнікамі архіва пан прафесар гаварыў па-літоўску, с іншымі па-польску, са мной па-руску, нягледзячы на тое, што віленская пальшчызна яму пасавала найбольш.
Гэты своеасаблівы віленскі акцэнт польскай мовы я чуў таксама на віленскіх вулках вечарамі пасля працы ў архіве. Дзеці вяртаюцца са школы дамоў і паміж сабой размаўляюць па-польску.
— Бартусь, сядла мне батарэйка, чыбысь мугл ужычыць мне тэлефона жэбы задзвоніць матцэ?
— Ах ты гноек, найперш высадзаш батарэйку а потым просіш о тэлефон, пшэстань цёнгле в него граць. Чы ты не панімаеш ойчыстэго ензыка?
На Антокалі толькі польскую мову і чуваць, антокальскі Петрапаўлаўскі касцёл, напэўна, ёсць такім нефармальным месцам спатканняў тутэйшых палякаў.
Чаго не скажаш пра касцёл святога Мікалая, дзе збіраліся літоўскія адраджэнцы ў міжваенны час, а таксама дзе служыў Адам Станкевіч.
Гэты касцёл вельмі містычны і таямнічы, шмат разоў там быў, але хочацца туды зноў і зноў. Пасядзець і падумаць каля фігуры Вітаўта.
Гэтым разам нарэшце дабраўся да Лукішскага пляца і касцёла Якуба і Піліпа, паслухаў гучанне карыльёна, паглядзеў на абраз Маці Божай — ваенны трафей, вывезены Корвін-Гасеўскім з Масковіі.
Таксама шмат гуляў па Бернардынскіх і Антокальскіх могілках, дзівуючыся вялізным надгробкам, з мудрагелістымі надпісамі і нават вершамі. У той час як з-за Вострай брамы даляталі весткі, што ў Менску не любяць асіметрычнасць і рознасць і парадкуюць Вайсковыя могілкі — замест каларытных помнікаў аднолькавыя шэрыя тумбачкі.
А ў Вільні паважаюць права прыватнай уласнасці асобы нават пасля смерці — не прыбіраюць нават рэшткі агароджы, паскубанай за савецкія часы. Маладыя хаваюцца пад шатамі векавых ліпаў, седзячы на вялізных мармуровых помніках-трунах: адны цалуюцца, хтосьці вучыцца, хтосьці чытае. Судакранне двух сусветаў — мёртвага і жывога — як наіўны веснавы пацалунак.
На Бернардынскіх могілках хацеў знайсці магілу Камілы Марцінкевечанкі, але без поспеху. Затое знайшоў магілу Якуба Бабіча і пачухаў патыліцу — “ваў, няўжо той слынны друкар?” — як прыгледзеўся да гадоў жыцця — XIX стагоддзе, “ясна, перагрэўся ў архіве”.
Што не ўдалося зрабіць — не злётаў на гару Шатрыю ў Луокес, дзе збіраліся ўсе чарадзеі Жамойціі, але гэта пакіну на Дзень адзінства балтаў. Не наведаў Свенчоніс, дзе косткі праайцоў.
Самае прыемнае з вандроўкі — начныя размовы па-за часам з Настай Грышчук і Артурам Камароўскім. Я быў сведкам, як нараджаецца паэзія!
Пасля начных размоў доўга не хацелася спаць і я ішоў у бібліятэку на другім паверсе рэзідэнцыі і чытаў выдатную кнігу “Бежанства”. Прыемна было таксама чарговы раз пагартаць і падзівіцца ёмістай працы Змітра Дразда “Землеўладальнікі Мінскай губерні”, калейны раз знайсці там свайго прапрапрадзеда Івана Купрыянавіча Волкава.
Самае непрыемнае — усведамляць, што ўсё страчанае незваротна ў Беларусі жыве і развіваецца ў Вільні — мультыкультурнасць, гісторыя, мова, нацыя.
Выхаваць цэлае пакаленне маладых літоўскіх патрыётаў, якія ганарацца маленькай гордай краінай, з’язджаюць, але, узбагаціўшыся, вяртаюцца — найвялікшае дасягненне новай літоўскай палітычнай эліты. Зрэшты, як і прымусіць маладую сталіцу гаварыць па-літоўску, калі да вайны ў горадзе балцкая мова была, так бы мовіць, не ў трэндзе.
А беларусам што застанецца — прыязджаць і слухаць пра Адомаса Міцкявічуса і Барбору Радзівілайтэ, а потым вяртацца на радзіму і дзякаваць за раўнюткія шэрыя падгалоўнікі-тумбы, па-расейску дзякаваць за чысціню і парадак.
Вільнюс застаецца самім сабою. У гэтым літоўскім горадзе з часоў Княства і да нашых дзён шануецца мультыкультурнасць і талерантнасць.
Як там кажуць “Minskas ruso, Vilnius nuso”, ці не?
Хочацца памыліцца!