Нарадзіўся ў 1985 годзе ў вёсцы Слабодка Лепельскага раёна. У 2008-м скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці “Нямецкая і англійскія мовы”, потым там жа вывучаў нямецкую і швейцарскую літаратуры ў магістратуры і аспірантуры. Мае пару перакладных апавяданняў у часопісе “Макулатура”. Зараз з пераменным поспехам спрабуе перакладаць штосьці большае. Ні ў якіх конкурсах не перамагаў, з большага, напэўна, таму, што ў іх не ўдзельнічаў.
Мая рэзідэнцыя ў Доме правоў чалавека распачалася акурат першага красавіка.
Падаўшы заяўку на ўдзел у праграме, я меўся даперакладаць у Вільне раман аўстрыйскага пісьменніка Даніэля Кельмана “Вымярэнне свету”. На момант падачы пераклад пераваліў недзе за сярэдзіну кнігі (адсодкава сказаць не магу, але, кінуўшы вокам, можна было падлічыць, што закладка, якая залягла на месцы, дзе спыніўся пераклад, на той час перапаўзла ў другую палову кнігі), таму я і планаваў перакласці калі не ўсё, што засталося, то прынамсі добры кавалак.
Але лёс склаўся так, што перад калядамі і апасля мне выпала даволі шмат вольнага часу, які за выняткам некаторым дробных надакучлівых, але важных спраў можна было цалкам прысвяціць Кельману і яго героям. І таму, калі ў сярэдзіне лютага мне даслалі з рэзідэнцыі радасную навіну, я ўжо даўно “сядзеў на кані” і працаваў над перакладам. Спыняцца вельмі не хацелася, бо раз “злезшы з каня”, уздзерціся на яго потым было б складаней. І таму ўжо ў сярэдзіне сакавіка пераклад рамана быў гатовы.
Пасля перакладу якога-небудзь твора я заўжды адкідаю тэкст на месяц-другі, каб потым зноў з незамыленым вокам вярнуцца да гэтага замыленага каня і закрэсліць-дапісаць-пераперакласці-адкрыць-новы-эпатажны-варыянт-якога-небудзь-слаўца, прасцей кажучы — правярнуць аферу пад назвай “жорсткая рэдактура”. Вось мая рэзідэнцыя і падпала пад той перыяд, калі я амаль зрабіў сваю справу, з якой зрэшты і падаваўся, і працаваць з тэкстам было неяк. І таму, каб марна не губляць часу і крыху забыцца на Кельмана, я вырашыў адразу ж у Вільні ўзяцца за пераклад іншага твору.
Тут паўстала праблема выбару. Для сябе я пастанавіў заўсёды чаргаваць пераклады: першы твор з нямецкай мовы, другі — з англійскай, потым зноў з нямецкай і г.д. Для мяне так прасцей адысці ад апошняга перакладу і нічога не перанесці ў новы пераклад з перакладу старога. Балазе выбар вялікі: з англійскай на беларускую пераклады ёсць, але пласт неперакладзеных твораў застаецца вельмі вялікі. Недзе ў прыцемках свайго хваравітага мозга я цешу сябе надзеяй калі-небудзь перакласці адзін надзвычай цудоўны і шмат разоў чытаны-перачытаны твор, за што я і меўся ўзяцца ў Вільні, але не ў апошні момант (скажам так — перадапошні) я па незразумелай для сябе прычыне спампаваў арыгінал “Вялікага Гэтсбі” Ф.С. Фіцджэральда і запэўніў сам сябе, што перакладаць буду яго.
Прыехаўшы ў Вільню і засяліўшыся ў Дом правоў чалавека, я ў той жа дзень пачаў працу над “Вялікім Гэтсбі”. Распарадак быў вельмі просты: буднія справы застаюцца буднімі справамі (пісаць пра іх зусім не хочацца), а перакладаць трэба, пакуль перакладаецца, і не вымучваць з сябе нічога экстраардынарнага, калі яно не вымучваецца. Для мяне важна проста заставацца з творам, а патрэбнае слаўцо ці выраз могуць выплыць самі сабою, нават у самых нязвыклых сітуацыях.
Пабыць у Вільні такі працяглы час — гэта справа асаблівага характару. Раней я тут быў толькі праездам, і з самім горадам быў незнаёмы ад слова “зусім”. Таму я з задавальненнем кожны вечар выбіраўся на шпацыр і знаёміўся з мясцовымі захапляльнымі будынкамі і вулкамі, зусім адрознымі ад таго, што мне даводзілася бачыць у Беларусі. У Вільні лунае пэўная атмасфера, якая спрычыняе да творчасці: калі б быў паэтам, абавязкова б напісаў шмат цікавых радкоў ці прыдумаў пару выкшталцоных рыфмаў. З перастварэннем “Гэтсбі” на беларускую справа крыху іншага роду. Англійскай мовай я, сказаць па шчырасці, валодаю не так добра, як нямецкай, таму праца са слоўнікамі, даведнікамі ды гуглам займае болей часу. У адным з крытычных эсэ на тэму “Гэтсбі” адзін даследчык (вядомы, пэўна, даследчык, імя не ўзгадаю, але што ён чалавек добры — гэта дакладна) выказаўся наступным чынам: “Гэтсбі” напісаны пранізліва, з дбайна падабранымі фразамі, без адзінага залішняга слова, з яркімі дэталямі і сімваламі і дагэтуль пакарае сваёй сучаснасцю”. Магчыма менавіта з-за гэтай дбайнасці і руплівасці (а зусім не з майго валодання англійскай) варыянты перакладу па тысячу разоў перакручваюцца ў галаве, горшыя адсейваюцца, лепшыя застаюцца.
Я не ставіў перад сабою вялікіх мэтаў. Больш істотным для мяне было распачаць саму працу, злавіць фіцджэральдаўскі стыль, уліцца ў твор, зразумець правілы гульні. І ў гэтым плане для пачатку працы над новым праектам Рэзідэнцыя маладога літаратара сталася для мяне добрым штуршком. Пачатак пакладзены, я гэтаму шчыра рады і патроху працягваю справу зараз дома. Колькі перакладзена, сказаць у лічбах складана дый пакуль яшчэ і нецікава: мая закладка залегла толькі ў першай палове кнігі, але патрошкі прасоўваецца далей, вядома ж — тут трэба “дбайна падбіраць фразы” =) Перакананы, што ціхім сапам я перавалю за апошнюю старонку, а там ужо будзем глядзець далей.
І, каб перапыніць маё гэтае недаравальнае для справаздачы шматслоўе, проста прывяду ўрывак свайго перакладу, які зможа сказаць нашмат болей. Вядома, што гэта толькі пачатак, пераклад сыраваты і рэдактура яшчэ пройдзецца па тэксце сваім жалезным ботам.
Але ж перадусім хачу падзякаваць усім, хто датычыцца Рэзідэнцыі. Вы робіце надзвычайную справу. Шчыры вам дзякуй.
А вось, уласна кажучы, і ўрывак.
Ф.С. Фіцджэральд
Мая сям’я на працягу трох пакаленняў жыцця ў гэтым горадзе на Сярэднім Захадзе складалася спрэс з выбітных і заможных людзей. Караўэі — гэта своеасаблівы клан, і паводле нашай сямейнай легенды мы вядзём сваю лінію ад герцага Баклю, але сапраўдным заснавальнікам майго роду быў брат майго дзеда, які прыехаў сюды ў пяцьдзесят першым годзе, заместа сябе адправіў на Грамадзянскую вайну наёмніка, а сам адкрыў прадпрыемства па аптовых продажах тавараў з металу, якім і да гэтага дня кіруе мой бацька.
Я ніколі не бачыў стрыечнага дзеда, але кажуць, што я на яго падобны — асабліва пры гэтым згадваючы даволі груба намаляваны алеем партрэт, што вісіць у бацькавым кабінеце. У 1915 годзе, якраз праз чвэрць стагоддзя пасля бацькі, я здаў выпускныя экзамены ў Нью-Хэйвене і неўзабаве ўцягнуўся ў запозненае перасяленне германскіх народаў, болей вядомае як Вялікая вайна. Контрнаступленне саюзных войск настолькі мяне ўзрушыла, што па вяртанні дадому я не мог знайсці спакою. Сярэдні Захад падаваўся ўжо не ранейшым утульным цэнтрам свету, а занорыстым краем існавання — так я і вырашыў перасунуцца на ўсход і заняцца вывучэннем аперацый над аблігацыямі. Усе, каго я ведаў, працавалі з аблігацыямі, і таму я палічыў, што яны здольныя пракарміць на аднаго чалавека болей. Мае цёткі і дзядзькі доўга гэта абмяркоўвалі, нібы выбіралі для мяне падрыхтоўчыя заняткі, і ўрэшце, скрывіўшы вельмі сур’ёзныя і нерашучыя міны, яны прамовілі: “Чаму б і не-е”. На першы год бацька пагадзіўся дапамагчы фінансамі, і пасля некалькіх пераносаў увесну дваццаць другога я выправіўся на ўсход, як я меркаваў, назаўжды.
Самым практычным было б знайсці кватэру ў горадзе, але ў той час стаяла спёка, а я толькі-толькі прыехаў з вёскі з яе шырокімі паплавамі і прыветнымі дрэвамі, і таму калі адзін малады чалавек з офіса прапанаваў мне зняць на пару дом за горадам, гэта падалося мне выдатнай ідэяй. Ён і дом знайшоў, выветранае лядашчае лецішча за восемдзесят у месяц, але ў апошнюю хвіліну фірма перавяла яго ў Вашынгтон, і так я пераехаў у прадмесце адзін. Я распараджаўся сабакам, прынамсі я распараджаўся ім пару дзён, пакуль ён не збег, старэнькім “Доджам” і фінкай, якая прыбірала мой ложак, гатавала сняданак і, схіліўшыся над электрычнай плітой, мармытала сабе пад нос фінскія мудрасці.
Дзень-два я правёў на самоце, пакуль аднойчы ранкам адзін мужчына, які прыехаў сюды крыху раней за мяне, не спыніў мяне на дарозе.
— Як патрапіць у Ўэст-Эг? — разгублена запытаў ён.
Патлумачыўшы яму шлях, я далейшай дарогай больш не падаваўся сабе такім самотным. Я быў правадніком, следапытам, першапраходцам. Гэты чалавек ненаўмысна ўзнагародзіў мяне тытулам ганаровага суседа.
Сонца ярка свяціла, пупышкі на дрэвах выбухалі буйной лістотай — не раўнуючы ў зманціраваных фільмах — ува мне пасялілася знаёмая ўпэўненасць, што гэтым летам жыццё распачынаецца ізноў.
Перш-наперш трэба было шмат чаго прачытаць, але ж да таго адчувалася столькі здаровай моцы, якую толькі і трэба было што чэрпаць у сябе з свежага жыватворнага паветра. Я купіў тузін кніг па банкаўскай справе, крэдытаванні і інвестыцыях, яны стаялі ў мяне на паліцы, пераліваючыся чырвоным з залатым, нібы новыя манеты з манетнага двара, і абяцалі раскрыць казачныя таямніцы, вядомыя толькі Мідасу, Моргану і Мецэнату. Акрамя таго я меўся прачытаць шмат іншых кніг. У каледжы я меў пэўныя літаратурныя схільнасці — адзін год я пісаў серыю важных і трывіяльных рэдактарскіх калонак для “Ельскіх навін” — і цяпер я мерыўся знайсці колішняму занятку месца ў сваім жыцці і зноў стаць найвузейшым з усіх спецыялістаў, то бок “чалавекам шырокага кругагляду”. І гэта я кажу не проста так — з жыцця, зрэшты, можна ўзяць болей, вызіраючы толькі з аднаго акна.
Я з чыстай выпадковасці быў заарандаваў дом у адной з найдзіўнейшых мясцовасцей Паўночнай Амерыкі. Ён месціўся на тым вузкім шчыльна заселеным паўвостраве, што цягнецца ад Нью-Ёрка і на ўсход і які разам з астатнімі цудам прыроды спарадзіў два незвычайныя ландшафтныя фармаванні. За трыццаць кіламетраў ад горада два велізарныя падобныя да яек мысы, якія мелі ідэнтычныя абрысы і аддзяляліся адзін ад аднога невялічкім залівам, выпіраліся ва ўтаймаваныя слёныя воды заходняга паўшар’я, у вялікі і волкі маёнтак Лонг-Айлендава праліва. Іх авальная форма не зусім ідэальная — не раўнуючы Калумбава яйка, яны абодва прыплюснутыя на месцы злучэння — але для чаек, што лёталі ў вышыні, іх фізічнае падабенства, пэўна, стала крыніцай бясконцай блытаніны. А для нас, стварэнняў бяскрылых, больш цікавым будзе іншы феномен — за выняткам формы і памеру — іх непадобнасць ва ўсіх дэталях.
Я жыў на Ўэст-Эг, на, так бы мовіць, меней фешэнебельным з мысаў, хоць гэта і вельмі павярхоўная прыкмета, каб паказаць дзіўную і засмучальную розніцу паміж імі. Мой дом размесціўся на самым канцы яйка, метраў за пяцьдзесят ад праліва, ён уціснуўся паміж дзвюма агромністымі віламі, якія здаваліся па дванаццаць-пятнаццаць тысяч за сезон. Віла праваруч ад мяне па ўсіх мерках была маёнткам каласальным — яна была дакладнай копіяй сярэдневечнай нармандскай ратушы з навюткай прыбудаванай вежай, на якую дзе-нідзе караскаліся павоі ўюна, мармуровым басейнам, вілу атачала болей за шаснаццаць гектараў сада і газона. Гэта быў палац Гэтсбі. Ці, сказаць дакладней, бо я яшчэ не ведаў містэра Гэтсбі, гэта быў асабняк, у якім жыў спадар з гэтым імем. Мой уласны дом стаўся бяльмом на воку, але бяльмом маленькім і непрыкметным. Такім чынам, мне адкрываўся від на ваду і на частку суседняга газона, а суцяшальная блізкасць мільянераў цешыла душу — і ўсё гэта за восемдзесят долараў у месяц.
На тым баку заліва ўздоўж берага ззялі белыя палацы фешэнебельнага Іст-Эга, і гісторыя гэтага лета на самой справе распачынаецца тым вечарам, калі я выправіўся на той бераг да Б’юкэнанаў, якія запрасілі мяне на вячэру. Дэйзі была дачкой маёй дальняй кузіны, а Тома я ведаў з каледжа. Адразу пасля вайны я быў прабавіў з імі два дні ў Чыкага.
Муж Дэйзі сярод сваіх разнастайных спартыўных дасягненняў стаў адным з мацнейшых футбольных абаронцаў, якія толькі гулялі за Нью-Хэйвен — кшталту нацыянальнага героя, адным з тых людзей, якія ў свае дваццаць адзін у пэўнай вузкай галіне дасягаюць такога майстэрства, што усё, што ідзе пасля іх, падаецца, ідзе на спад. Яго сям’я была неймаверна багатая — нават у часы каледжа яго марнатраўства было тэмай для папрокаў — але ад стылю, з якім ён надоечы пераехаў з Чыкага на ўсходняе ўзбярэжжа, перахапляла дыханне: напрыклад, з Лэйк-Форэста ён прывёз з сабою цэлы статак поні для гульні ў пола. Цяжка сабе ўявіць, што ў чалавека майго веку хапала грошай на такія ўчынкі.
Я не ведаю, што іх сюды прывяло. Яны без пэўнай прычыны аджылі год у Францыі, а потым памянялі то адно, то другое месца, дзе можна было пагуляць у пола, а ўсе вакол былі багацеямі. Гэта іх апошні пераезд, сказала Дэйзі па тэлефоне, але я ў тое не паверыў — я не мог зазірнуць ёй у душу, але шостае пачуццё казала мне, што Том вечна будзе калясіць у сваіх крыху меланхалічных пошуках узрушальнай крутаверці якой-кольвек беззваротнай футбольнай гульні.
І вось адным цёплым ветраным вечарам я паехаў на Іст-Эг пабачыць двух старых сяброў, якіх я ў прынцыпе амаль не ведаў. Іх дом, яркі чырвона-белы асабняк у Геаргіанскім каланіяльным стылі з відам на заліў, быў нашмат элегантнейшым, чым я таго чакаў. Газон пачынаўся ад самага пляжа і, пераскокваючы сонечныя гадзіннікі, каменныя парканы і палаючыя кветкамі клумбы, расцягваўся на некалькі соцень метраў да галоўнай брамы — а там ён урэшце дасягаў дома, спрабуючы далей ускараскацца на сцяну вінаграднай лазой, быццам не ў стане стрымаць гэтага свайго памкнення. Фасад быў падзелены высокімі французскімі вокнамі, якія ззялі золатам пад зіхоткім сонцам і разнасцежаныя насустрач цёпламу ветранаму надвячорку. Том Б’юкэнан, апрануты ў гарнітур для коннай язды, стаяў ля галоўнага партала, шырока рассунуўшы ногі.
Ён змяніўся з Нью-Хэйвенскіх часоў. Цяпер гэта быў мажны трыццацігадовы мужчына з саламянымі валасамі, груба акрэсленым ротам і напышлівай ухмылкай. Іскрыстыя ганарыстыя вочы выдзяляліся на яго твары, надаваўшы яму такі выгляд, быццам ён вось-вось на цябе накінецца. Велічную моц гэтага цела не магла схаваць нават па-жаноцку модная наезніцкая вопратка — наваксаваныя да бляску боты так шчыльна абцягвалі яго мускулістыя лыткі, што верхняе шнураванне было гатова вось-вось ды лопнуць, а варта яму было пацепнуць плячыма пад танюткай курткай, то адразу рабілася бачным яго магутная мускулатура. Гэта было цела вялізнай сілы — суворае цела.
Ад яго голасу, грубага хрыплага тэнара, уражанне, што ён гатовы рынуцца ў бойку, толькі ўзмацнялася. Было ў ім крыху ад паблажлівай пагарды, нават у дачыненні да людзей, якіх ён любіў — а ў Нью-Хэйвене сустракаліся такія, хто цярпець яго не мог.
“Вы ж толькі не падумайце, што маё меркаванне на гэты конт неабвяргальнае, — нібы казаў ён, — толькі з-за таго, што я мацнейшы і ад мужчыны маю болей за вас”. У каледжы мы належалі да аднаго студэнцкага таварыства, і хоць мы ніколі не былі блізкімі сябрамі, у мяне заўжды складвалася такое ўражанне, быццам ён прызнаваў мяне за свайго і гэтай сваёй грубай дзёрзкай манерай хоча мне спадабацца.
Мы пагутарылі пару хвілін на сонечнай верандзе.
— Няблага я тут прызямліўся, — сказаў ён, пры гэтым яго вочы неспакойна забегалі.
Ён падхапіў мяне пад руку і развярнуў. Яго шырокая пляскатая далонь шырокім кругам апісала ўсю панараму, якая ахапіла італьянскі сад унізе, чвэрць гектара моцна пахавітых руж і маторную лодку з кірпатым носам, што гайдалася на хвалях заліва.
— Належала раней Дамэйну, нафтаваму каралю. — Ён, нечакана ветлівы, зноў мяне развярнуў. — Зойдзем.
Мінуўшы вітальню с высокай столлю, мы апынуліся ў светлым пафарбаваным у ружовы колер пакоі, французскія вокны якога па абодвух баках зусім не надавалі яму выгляду ўнутранага памяшкання. Прачыненыя вокны ззялі беласцю на фоне свежай травы звонку, якая нібы крыху зарастала ў сам дом. Праз пакой праносіўся брыз, што ўздымаў фіранкі, як пабляклыя сцягі, з аднаго боку ў пакой, а з другога боку — з пакоя, падкідваючы іх пад глазураваную, нібы вясельны торт, столь, а потым ускалыхваў чырвоны, як віно, дыван, з-за чаго атрымлівалася гульня ценяў, як мора ад ветру.
Адзіным цалкам нерухомым прадметам у пакоі была вялізная канапа, на якой, як на паветраным шары, што стаяў на якары, луналі дзве маладыя дамы. Яны былі апранутыя ва ўсё белае, іх сукенкі калыхаліся і пагойдваліся, нібы іх толькі-толькі прынесла з невялічкай паветранай прагулянкі вакол дома. Я, пэўна, прыпыніўся на пару імгненняў, прыслухоўваючыся да гучнага шапацення фіранак і рыпення карціны на сцяне. Потым пачуўся глухі ўдар — гэта Том Б’юкэнан ляпнуў заднімі вокнамі — і вецер, запратораны ў пакоі, улёгся, а фіранкі, кілімы і абедзве маладыя дамы ціха прызямліліся на падлогу.