Марыя Мартысевіч

паэтка, перакладчыца

“СТРАШНЫЯ КУФРЫ” І “ГАРШЧОК КУРФЮРСТА”

Марыя Мартысевіч — пра творчую рэзідэнцыю “Літаратура без межаў” у Азалніеках, Латвія


Марыя Мартысевіч у Азалніеках. Фота Дзмітрыя Белякова

У Рэзідэнцыі маладога літаратара Беларускага ПЭН-Цэнтру я ўдзельніца акцыі “Апошні вагон”, бо (сфармулюем гэта абцякальна) 2018 — апошні год, калі мне было 35. Папярэднія тры гады падаць заяўку на стыпендыю заміналі абставіны — сямейныя: умовы перабывання маладых літаратараў у Вільні неспалучальныя з маленькімі дзецьмі, а зладзіць сабе два “чайлд-фры” тыдні мне не ўдавалася.

І таму здорава, што сёлета да праекту Рэзідэнцыі далучылася яшчэ адна “творчая база”. Як толькі гэта адбылося, я адразу ж запісалася ў першапраходцы, і ў ліпені 2018 года прабавіла прыемны і плённы час у мястэчку Ozolnieki пад Елгавай — у сядзібе Дзмітрыя Кузьміна. Паколькі я была першай ці адной з першых творцаў з Беларусі, што скарысталася такой магчымасцю, лічу неабходным напісаць гэты рапарт з францьеры, каб расказаць, як здорава жывецца і працуецца пісьменнікам у новай рэзідэнцыі.

Дзмітры Кузьмін
(Дмитрий Кузьмин, 1968 г.) — расійскі паэт, літаратурны крытык, літаратуразнаўца, выдавец, перакладчык, гей-актывіст, стваральнік Саюза маладых літаратараў “Вавилон”. З 2014 года па палітычных прычынах пераехаў з сямейнікамі жыць у Латвію, у прыватны дом. Уладкаваўшы ўласнае жытло, сям’я зразумела, што мае зашмат вольных памяшканняў, і таму абсталявала на падворку гасцявы домік, абвясціўшы яго эксперыментальнай творчай рэзідэнцыяй.

Рэзідэнцыя
Два пакоі з асобнымі ўваходамі са двара і ўсімі выгодамі носяць імёны двух “зарыфмаваных” паэтаў — Восіпа Мандэльштама і Аляксандра Чакса. Паводле задумы гаспадароў пакоі прызначаныя для двух сучасных аўтараў — паэта і ягонага перакладчыка на якую-кольвек мову, каб тыя мелі магчымасць супольна працаваць над перакладамі. Зрэшты, гэта вельмі гнуткая канцэпцыя, і акурат з Беларусі па дамоўленасці з Беларускім ПЭНам у дом Кузьміна можна прыехаць проста пісаць. Госці жывуць асобна ад гаспадароў, але пры жаданні могуць інтэгравацца з імі ў гасцёўні вялікага дому.

Ozolnieki
Азалніекі — вялікая сучасная вёска, аточаная лесам, плаўна перацякае ў прадмесце Елгавы. У Азалніеках ёсць супермаркет і пара кавярань (для тых, хто не хоча гатаваць самастойна), добры пляж ля возера. Мы акурат былі там у разгар ліпеня, у цяплынь, калі можна было купацца. Але асабіста мне бліжэйшым да сэрца было выкарыстанне Азалніекаў у супрацьлеглым ад возера кірунку — за 20-30 хвілінаў няспешнай хады па маляўнічай лесапаркавай алеі ўздоўж трасы можна дайсці да ўскрайку Елгавы. Зрэшты, хто не любіць шпацыраваць, можа ехаць у Елгаву на гарадскім аўтобусе (іх курсуе недзе 4-5 за гадзіну) з прыпынку каля дому Кузьміна. За 40 хвілінаў з Азалніекаў таксама можна даехаць да Рыгі, але мы з сям’ёй адмыслова палюбілі Елгаву.

Елгава
Многія жыхары Елгавы ездзяць працаваць у сталіцу, але для памяркоўнага жыцця з малымі дзецьмі гэта вельмі зручны і прыемны горад. Прынамсі мы і наш вазок выдатна зліліся з асяроддзем. Там ёсць на што падзівіцца — асабліва беларусу: у горадзе захаваўся вялізны палац курляндскіх курфюрстаў, спраектаваны знакамітым Растрэлі. У былой герцагскай рэзідэнцыі цяпер працуе аграрны ўніверсітэт. Палац рэстаўруецца; універсітэт таксама ўсведамляе сваю грамадскую місію і дзеліцца здабыткамі з турыстамі. Нават падчас рэстаўрацыі была даступная для наведнікаў спачывальня курфюрстаў — рэальныя труны, да якіх можна дакрануцца рукою. “Стр-р-р-рашныя куфры!” — Сымон бегаў па спачывальні, папярэджваючы іншых турыстаў. Я пачулася ў склепе ніякавата. А вось Павел Касцюкевіч быў у захапленні. Яму, аднак, не спадабаўся класіцыстычны траўнік на ўнутраным падворку палаца. Ён сказаў, што, культывуючы сваю спецыфіку, рэктарат мог бы здагадацца засадзіць клюмбы не ружамі, а дызайнерскай бульбай.


На падворку аграрнага ўніверсітэту. Барталамеа Растрэлі збудаваў палац у 1738-1740 гг. для фаварыта імператрыцы Ганны Яанаўны — Эрнеста Бірона. Фота аўтаркі.

А вось Сымон траўнік ухваліў, асабліва калі знайшоў там тое, што ён назваў “гаршком курфюрста”.


Парэшткі старога звона на падворку аграрнага ўніверсітэту Елгавы. Фота аўтаркі.

Насупраць герцагскага парку на беразе ракі Ліелупэ створаны мадэрністычны арэал для праменадаў. Улетку там таксама адбыўся фестываль скульптуры з пяску, тэматычна прысвечаны жывёльнаму свету і эвалюцыі. У нашу прысутнасць статуі яшчэ не асыпаліся.


Каля скульптураў з пяску. Фота аўтаркі.

У горадзе таксама ёсць музей цягнікоў, але да яго мы не дабраліся.

Сям’я
Перабыванне ў доме Кузьміна для мяне атрымалася сапраўды сямейным. Наш Сымон не застаўся самотным, а знайшоў сабе кампанію для гульняў — маленькую Еву-Элеанору. Ева на год старэйшая за яго, да таго ж, ахайная, схільная да парадку паненка. Яна вучыла Сымона розным карысным рэчам кшталту акуратна есці суп або не паўтараць па дваццаць разоў адно і тое ж. Маўляў, раз у цябе, як і ў мяне, бацькі пісьменнікі з падвешаным языком — радуйся сваім генам і кунг-фу, якое яны табе прадстаўляюць, але не марнуй яго налева і направа.


Ева і Сымон на падворку рэзідэнцыі. Фота Дзмітрыя Белякова.

Ева таксама навучыла Сымона ляпіць налепкі ў кніжачку і падсадзіла яго на свае ўлюбёныя ютуб-каналы для прынцэс. Даўся ў знакі, праўда, і culture gap. У адзін вечар Сымон хацеў гуляцца ў цягнічкі (у Елгаве адбыўся першы выпадак, калі ён выпрасіў у бацькоў у краме цацку, прычым выпрасіў канкрэтна на падарунак сяброўцы, пра што заявіў яшчэ на касе), а Ева хацела слухаць паэму пра Бібігона. Увогуле, гэта было першае дзіця на маёй памяці, якому падабаўся “Бібігон” Карнея Чукоўскага. Я ў свой час засталася да яго абсалютна абыякавай.

Другое сваё імя Ева-Элеанора атрымала ў гонар прабабулі Норы Галь. Гэтыя сямейныя сувязі зусім не засакрэчаныя, але я дазналася пра іх менавіта ў Азалніеках падчас гутарак з бабуляй Евы — Эдўардай Кузьміной.

Дзмітры Кузьмін з маці заснавалі Фонд Норы Галь, апякуюцца ейнай спадчынай, штогод уручаюць прэмію Норы Галь перакладчыкам англійскай прозы, а таксама дбайна перавыдаюць знакамітае “Слово живое и мёртвое” з дадаткамі і тлумачэннямі. Апошнюю “кананічную” версію кнігі, як і шмат што іншае пра спадчыну Норы Галь можна прачытаць на сайце літаб’яднаня “Вавилон”.


Эдўарда Кузьміна і Нора Фота з сайту vavilon.ru

На архіўным здымку 1945 года Эдўарда Кузьміна з маці. Са згадак спадарыні Эдўарды вынікае, што гэта шчаслівае фота ў гады пасля ўз’яднання — падчас Вялікай Айчыннай вайны Нора Галь высылала дачку ў эвакуацыю з дзіцячым садком у Сібір, а сама была ў эвакуацыі ў Казані, дзе перажыла голад.
Спадарыня Эдўарда таксама заахвоціла мяне пацікавіцца жыццём і творчасцю Фрыды Вігдаравай, сяброўкі ейнай маці. Вігдарава шырока вядомая як журналістка, грамадская актывістка і, фактычна, першая савецкая праваабаронца, якая падтрымлівала Іосіфа Бродскага падчас знакамітага суда над дармаедам у 1964 годзе. Цягам жыцця яна самааддана заступалася за шмат якіх несправядліва асуджаных ці дыскрымінаваных савецкіх грамадзянаў самых розных прафесій — не толькі ў асяродку інтэлігенцыі. Справа Бродскага была найцяжэйшай і выматала яе маральна і фізічна. Сябры мяркуюць, гэта і падарвала яе здароўе, выклікаўшы раннюю смерць. Фрыда Вігдарава таксама — аўтарка некалькіх раманаў пра падлеткаў, педагогіку і псіхалогію сям’і. Дарэчы, нарадзілася яна ў 1915 годзе ў Оршы.


На развітанне. Злева — Кузьміны (Дзмітры, Эдўарда і Ева-Элеанора), справа — беларусы (Сымон і Павел Касцюкевічы, Марыя Мартысевіч і Наста Манцэвіч, якая таксама прыехала ў Азалніекі ў творчы адпачынак праз Рэзідэнцыю ПЭНа). Фота Дзмітрыя Белякова.

Мой творчы даробак
Адной з мэтаў маёй паездкі ў Латвію было разабрацца з перакладамі маіх вершаў на рускую мову і паглядзець, ці ўкладаюцца яны ў кнігу. Перакладаў ад самых розных перакладчыкаў сабралася шмат — больш за 2000 радкоў паэзіі — і многія проста выдатныя (месцамі лепшыя за арыгінал), але пакуль што ані я, ані патэнцыйны выдавец Дзмітры Кузьмін не бачым, як гэта ўкладаецца ў кнігу на рускай мове. Сучасная расійская літаратура вельмі разнародная і дэцэнтралізаваная, і ў ейным сегменце, валентным да сучаснай беларускай культуры, мае вершы, з улікам таго, чаму, як і для каго я іх пішу, могуць існаваць і без перакладу, а выхад па-за гэтае поле асабіста мне пакуль падаецца непераканаўчым і, можа быць, марным. Так што, думаю, з’яўленне такой кнігі адкладаецца на няпэўны тэрмін.

У Азалніеках я таксама займалася рэдактурай аднаго в-е-е-ельмі пладавітага літаратара ХІХ стагоддзя, цяжкасці працы з перакладам кнігі якога на 50% складаюцца з таго, што ён сам у свой час пагрэбаваў паслугамі рэдактара (“Таксама ён быў прытым вядомы як літаратар, аўтар і паэт”, — людзі добрыя, ніколі так не пішыце!!!) і напісаннем колькіх крытычных тэкстаў. А таксама роздумамі пра тое, што нам урэшце варта напружыцца і выдаць па-беларуску Восіпа Мандэльштама. Суседні пакой імені Аляксандра Чакса кармічна забяспечаны кніжачкай з серыі “Паэты планеты” (у перакладзе з латышскай мовы Васіля Сёмухі), а з Мандэльштамам пакуль прагал — усяго з тузін вершаў. Я сама пакуль падрыхтавала два не надта дасканалыя пераклады з Восіпа Мандэльштама, якія далучаю да гэтага свайго рапарту, хоць і рабіліся яны ў розныя гады. “Чэлесы” напрыканцы другога тэксту наўмысныя, няхай дзякуючы Адаму Глобусу выклікаюць цяпер тыя ж асацыяцыі, што і стараславянскія “члены”. Але Айцы Нацыі прыдумалі гэтае слова не для Адама Глобуса. Так што вось.

***
Бяссонне. Ноч. Гамер. Тугое палатно.
І суднаў пералік. Я дасягнуў цэзуры
Даўгое чарады, што жураўліным шнурам
Ад грэцкіх берагоў узнялася даўно.

Бы жураўліны клін за далягляд чужы, –
На кудзерах цароў кароны боскай пены, –
Куды вы плывяце? Ці Троя без Алены,
Прывабіла б вас так, ахейскія мужы?

І мора, і Гамер – ўсё пачало каханне.
Каго з іх слухаць мне? Але Гамер маўчыць,
І мора чорнае гекзаметрам шуміць
І, цяжкае, ў пакой ліецца на світанні.
арыгінал

* * *
Покуль мёду струмень залацісты на сподачак цёк,
Як марудны бурштын, гаспадыня прамовіць паспела:
– У маркотнай Таўрыдзе, куды запраторыў нас рок,
Нам ні трошкі не нудна, – і цераз плячо паглядзела.

Спрэс тут Бахуса службы, прафанаў навокал – ані,
Толькі варта й сабакі – ідзеш, ні душы не заўважыш.
Нібы цяжкія бочкі, спакойныя коцяцца дні.
Галасы ў будане – не дачуеш здалёк, не адкажаш.

Па гарбаце мы выйшлі ў вялізны карычневы сад,
Нібы вейкі, на вокны спусціліся цёмныя шторы.
Каланадаю белай пайшлі мы глядзець вінаград,
Дзе паветрам шкляным абліваюцца сонныя горы.

Я сказаў: вінаград, як ахейская бітва, жывы,
Дзе ў калматым парадку ваююць кудлатыя воі;
У Таўрыдзе скалістай – навука Элады і вы,
Залатыя маргі са шляхотнай іржавай ліствою.

Ну а ў белым пакоі, стаіць, нібы прасніца, ціш.
Пахне воцатам, новым віном, ліштваў фарбаю сіняй.
Помніш грэцкую выспу і жонку ў бясконцым шыцці,
Не Алену, а тую – таксама каханую ўсімі?

Залатое руно, дзе ты ёсць, залатое руно?
Шлях дадому ляжаў цераз шумныя цяжкія хвалі,
І сыйшоў з карабля, што вадой навярэдзіў стырно,
Адысей, чые чэлесы час і прастору ўвабралі.
арыгінал