Нарадзілася ў Менску, скончыла філалагічны факультэт БДУ, рэдактарка, перакладчыца, праўша.
Калядная Вільня — спалучэнне асаблівага месца й часу. Мне выпала паехаць на рэзідэнцыю надзвычай удала — менавіта гэткая крыху нерэальная атмасфера як мага пасавала твору, які я мелася перакласці. І ўсё атрымалася. “Як я стала святою” Тані Малярчук — у скарбонцы беларускамоўнага корпусу тэкстаў. Гэтае апавяданне стрыжнявое ў аднайменнай кнізе — доўга не давалася мне, натурылася, вымагала богведама чаго, і вось жа — у Вільні, пад пералівы званоў у святочным паветры ды на салодкай самоце ўсё склалася! Дужа ўдзячная ПЭН-цэнтру і Дому правоў чалавека, а таксама каардынатарцы Дашы за цудоўнае завяршэнне, здавалася б, нялепшага года!
Урывак з апавядання:
толькі пакаштаваўшы атруту, адчуў, што яна смяротная.
З лістоў Рыгора
Зноў вечарэе. Мяне гэта дзівіць усё менш і менш. Спадзяюся, калі-небудзь я здзіўлюся за ўсе разы. Калі-небудзь вечарэнне нагоніць на мяне такое неймавернае здзіўленне, што аж мурашкі па целе прабягуць. Я скажу: “Як? Няўжо і тут вечарэе?!”
А пакуль што — ніякіх эмоцый.
(Мушу цягнуць з мозгу думку за думкай, каб не заснуць. Цягну іх, як акунёў з рэчкі. Ракаў стрэсваю назад.)
У Эды дома з’явіўся маленькі рак. Я думаю — акурат у час, бо нядаўна здохла яе ўлюбёная марская свінка Патрыцыя.
(Эліза хоча спаць, але мне патураць ёй няможна, час усталяваць пэўны рэжым спання, іначай падумаюць, што я ўвогуле памерла.)
Сталася ўсё так. Бацька Эды штонядзелі ходзіць рыбаліць. Дарэчы, даўно трэба папрасіцца на рыбалку разам з ім, чуеш, Эліза, трэба не забыць папрасіцца — ён возьме з задавальненнем, я распавяду яму ўсё, што ведаю са скандынаўскай міфалогіі.
Мінулай нядзеляй дон Хасэ таксама пайшоў, але настрою рыбаліць не меў, таму скочыў у рэчку (Быстрыца мелкаводная, Эліза, ты ж ведаеш, праўда? Ведаеш?) і пайшоў супраць плыні. Два мужчыны мылі на беразе аўтамабіль і, пабачыўшы дона Хасэ, які сунецца пасярод ракі, нібы па тратуары, ды яшчэ й супраць плыні, кінулі ў яго запасным колам. Дон Хасэ своечасова ўхіліўся. Супраць плыні ісці цяжка (Эліза, ці не так?), можна наступіць на шкло, на кансервавыя пляшкі, на чыесьці горла, таму дон Хасэ прайшоў усяго некалькі кіламетраў, да моста, дзе яго ўжо чакала устурбаваная Эда. Яна выцягнула бацьку з рэчкі і наказала цвёрда трымацца на нагах, іначай яна аддасць яго ў вялікі шэры будынак з адным даўжэнным калідорам і вечным бразгатаннем ключоў. Дон Хасэ кіўнуў галавой, але дадому ішоў гэтаксама важка, нахіліўшыся наперад і ледзь перасоўваючы ногі і пераводзячы дых. Эда ўсю дарогу тлумачыла бацьку недахопы хаджэння супраць плыні (я не буду тут іх прыводзіць, Эліза, здаецца, ты няблага ў іх арыентуешся, так?). Дома Эда зняла з Хасэ свае чаравікі (бацька хадзіў на рыбалку толькі ў яе чаравіках), рыбалавецкі шынель (асаблівы шынель для рыбалкі, які дон Хасэ ўкраў у п’янага салдата два гады таму) і белую хустку з плямамі крыві (кроў пайшла ў Эды носам, калі яна ўпершыню пабачыла на бацьку свае чаравікі). Засынаючы ў Эды на каленях, дон Хасэ спяваў:
Я ж там хлопцы-рыбалоўцы рыбу лавілі-і,
Гэй-га ю-ха-ха, рыбу лавілі-і.
Не злавілі яны рыбу — злавілі ліна-а,
Гэй-га ю-ха-ха, злавілі ліна-а.
Распаролі, пасматрэлі — там малэ дзіця-а…
Сапраўды, падумала Эда і распарола дона Хасэ. Той, здаецца, нічога не адчуў, толькі блажэнна і ўдзячна ўсміхнуўся. Усярэдзіне ў дона Хасэ было не густа — ранішні суп і адна катлета, якую, магчыма, ён выпрасіў у свайго лепшага сябра Нестара. Але ззаду пячонкі Эда заўважыла маленькага рака (Ты памятаеш, Эліза, мы пачыналі з рака?), які моцна трымаўся клюшнямі за дыяфрагму і пераліваўся брудна-зялёным колерам. Не дзіўна, што дон Хасэ нарадзіў рака, — ён заўжды чапляўся да Эды з падступнымі пытаннямі.
Эда пусціла рака ў ванну. Назвала Кракадзілам. Дон Хасэ даспяваў:
У нядзелю дужа рана ўсе званы раву-уць,
Гэй-га ю-ха-ха, усе званы равуць.
Маладую Настасію шандары вядуць,
Гэй-га ю-ха-ха, шандары вядуць.
(Эліза, ты яшчэ не спіш?)
Цяпер Эда адчувае сябе шчаслівай — яна паняцця не мае, колькі жывуць ракі. Кракадзілы — тыя вельмі шмат, і да таго ж могуць не есці па некалькі гадоў. Тым хатнім жывёлам, якія мала ядуць і перажываюць сваіх гаспадароў, трэба ставіць бронзавыя помнікі.
— Эліза, ты зусім не ўмееш цярпець…
…Зноў раніца. Ужо не дзівіць нават адсутнасць здзіўлення. Спадзяюся, у гэтым свеце няма нічога бясконцага, і раніца калісьці скончыцца нечым важнейшым. Эліза спіць ад сценкі. Мушу цягнуць з мозгу думку за думкай, каб знайсці спосаб яе разбудзіць.
Дон Хасэ нядаўна набраўся з Эдай вялікага страху. І ўсё праз тое, што грамадства прыдумала рэчы вышэйшыя, чым здольнае сабе ўявіць.
(Эліза, прачынайся, у чацвер, 18-га, вяртаюцца з выраю бацяны.)
Яны з Эдай жывуць у мансардзе вялікага шматпавярховага будынка — увогуле трыццаць метраў увышыню. Нябожчыца жонка дона Хасэ ў свой час баялася нават вызірнуць з вакна, тым больш — выскачыць з яго. Дон Хасэ са сваім лепшым сябрам Нестарам вымушаныя былі Старэйшай Эдзе трохі дапамагчы.
І вось дон Хасэ, стомлены, вяртаецца дадому і застае сваю дачку — Малодшую Эду — на карнізе. Тая сядзіць спінай да бацькі, абыякава звесіўшы ногі над прорвай. Дон Хасэ гукае Эду, Эда абарочваецца і нечакана траціць раўнавагу. У дона Хасэ на твары жах. Эда некалькі секунд бездапаможна балансуе рукамі, згадвае ўсё, пра што ў гэтым жыцці толькі паспела падумаць, і ўсё, што толькі не падумаўшы паспела зрабіць, верхні гузік сарочкі расшпільваецца, і мы можам убачыць яе нецалаваныя персі. Эда перахіляецца туды, дзе паветра больш, чым патрэбна чалавеку для дыхання, дон Хасэ кідаецца ёй на дапамогу, але дапамагчы цяпер Эдзе можа адно метафізіка.
Эда ляціць.
Гэтаксама бездапаможна балансуе ўсім целам.
Бываюць імгненні, калі яна вызваляецца ад страху. Ёй здаецца, што акурат так усё мусіла быць.
Да зямлі заставалася метраў дзесяць, калі Эда захацела падаць заўсёды.
Некалькі мінакоў унізе распасцерлі ёй свае ўбогія абдымкі.
І ўжо ў наступную секунду дзяўчына мусіла разбіцца — як раптам намацала ў паветры нейкі мяккі жмуток, нібы воўну. Эда інстынктыўна схапілася за воўну і павісла на ёй. Воўна ў форме каната ці вяроўкі, аднак Эда не разгледзіць, да чаго гэтая вяроўка прымацаваная. Пачала дзерціся па ёй угору, хоць некалькі мінакоў справядліва раілі дзяўчыне скочыць на зямлю — засталося якіх метр-два.
Дон Хасэ назіраў за ўсім з вакна. Ён усё бачыў. Бачыў, як лёгка Эдзе было ўздымацца па ваўнянай вяроўцы. Яна чаплялася не толькі рукамі, не, рукі ў Эды былі не надта моцныя, а таксама нагамі, якія добра ўпіраліся ў вялікія кудлатыя вузлы.
Калі Эда пралазіла паўз вакно свайго жытла, дон Хасэ спрабаваў быў дапамагчы дачцэ пераскочыць усярэдзіну, але Эда праігнаравала бацьку. На твары дона Хасэ зноў праступіў жах. Канец вяроўкі хаваўся за хмарамі.
(Падыходзіць час, Эліза, выбірай, або туды, або сюды!)
Ад зямлі засталася дробная чорная плямка. Бракавала паветра. Аднак вяроўка ставала гусцейшай і цяплейшай. Эда не глядзела ўніз, але не глядзела і ўгору. Яна ўжо пра ўсё здагадалася.
Гэта была не вяроўка. Гэта была барада Бога.