Ігар Кулікоў

Паэт, перакладчык. Скончыў філфак БДУ. Перамог у Конкурсе маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (2009). Дыплямант прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча (2011). Мае дзьве паэтычныя кнігі: “Паварот на мора” ды “Свамова”.

… пра свой дзень у Рэзыдэнцыі

Для плённай работы мне патрэбная цішыня. Дома не заўсёды ўдаецца ёй разжыцца. Таму Рэзыдэнцыя была найперш магчымасьцю папрацаваць у цішыні й спакоі.

Клаўся спаць і прачынаўся я прыблізна ў адзін час, рабіў з раніцы пару асан, сьнедаў і сядаў за пераклад. Перарываўся на абед і іншыя пабытовыя заняткі. Для натхненьня піў літрамі чай і каву. У суме перакладаў каля 8 гадзін штодзень. Увечары выбіраўся ў горад і гуляў 2-3 гадзіны.

Я адразу забіў на забягалаўкі ды харчаваўся падножным кормам, які купляў у найбліжэйшай краме: бабы, тварог, малако, гародніна, хлеб, бабы, тварог, малако, гародніна, малако, хлеб. Увесь час у Доме праходзілі розныя сэмінары, пасьля якіх мяне рэгулярна частавалі лішнімі порцыямі абедаў, вячэраў, печывам, чакалядай.

… пра пераклад

У Рэзыдэнцыі я зьбіраўся займацца перакладам Рыгведы – зборніка гімнаў багам, напісаных на старажытнай індыйскай мове. Занятак гэта карпатлівы й патрабуе работы ня толькі з арыгіналам, але й з традыцыйным камэнтаром, а таксама іншымі перакладамі на эўрапейскія мовы.

Калі я зьбіраўся ў Рэзыдэнцыю, я плянаваў перакласьці за два тыдні каля 10 гімнаў – зыходзячы са сваёй сярэдняй хуткасьці ў 4 гімны на тыдзень у Менску. У выніку я пераклаў аж 22 гімны.

… пра напісанае падчас Рэзыдэнцыі

Я чалавек, для якога вельмі важнае атачэньне, прастора, дзе аб’ём уражаньняў на квадратны кілямэтар перавышае менскі ў некалькі разоў. Найлепшыя дэкарацыі для мяне – старажытныя гарады з добра захаваным гістарычным цэнтрам, пажадана з ракою й пагоркамі. Таму Вільня сталася для мяне ідэальным натхняльцам. Падзялюся адным з напісаных вершаў:

РАКА

мне спусьціцца дано з мацярынскай вяршыні
дом дзе затхла паветра ад тысяч імён
я ключамі вясны зь неабпаленай гліны
узламаю замкі каб растаць праз кардон
уцяку ад пагоні няходжаным тропам
дзе паруе нязнанай ракі сырадой
каб ізноў безназоўя насыціцца зноем
тайны надзіць мяне да сябе вадапой
увайду я ў купель цаліком чужаплыні
агнязыкай вадой акраплю галаву
да яшчэ невіданага вусьця айчыны
пацячэ маё слова па рачным языку

… пра заўвагі да Рэзыдэнцыі

Было б файна патрапіць на Рэзыдэнцыю ў кастрычніку, а не ў красавіку. Але доранай Вільні ў зубы не глядзяць. У сэнсе ў паравіну году.