Наста Кудасава

Паэтка. Нарадзілася ў 1984 годзе ў Рагачове. Скончыла рагачоўскую сярэднюю школу № 5, філалагічны факультэт і магістратуру БДУ. Аўтар кніг паэзіі «Лісьце маіх рук» (2006), «Рыбы» (2013) і шэрагу публікацыяў у розных перыядычных выданнях. З’яўлялася ўдзельніцай альманахаў «Скрыпторый», «Літаратурны квартал», зборніка паэзіі «Яна і я», праекта «Начная чытанка» (2007) і інш. Творы перакладаліся на рускую і балгарскую мовы. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў.

У маёй Вільні было сонца. Кожны дзень. Як хранічна сонцазалежны чалавек я лічу гэта бадай ці не галоўным падарункам усёй паездкі. У пакой сонца зазірала недзе а палове на дзявятую раніцы і большую частку дня падтрымлівала мяне ў працоўна-натхнёным стане. Потым я ішла на выгул, блукала шмат, без мапаў і мэтаў, бессэнсоўна — так, як я люблю. Надвор’е было цудоўным увесь час, восень я заспела якраз у найфантастычным яе перыядзе, так што пашанцавала мне неверагодна.

Знаёмых у Вільні ў мяне няма, размаўляць не было з кім, таму гэта быў час самай сапраўднай бязлюдна- моўкнай адзіноты, час эканоміі маўлення і акумуляцыі словаў. З жывых істотаў самымі цікавымі ў горадзе аказаліся віленскія вароны, я часта спынялася сярод вуліцы ў захапленні, каб паназіраць, як важна і мудра яны корпаюцца па сваіх вароніных справах. Шторазу яны даволі прыязна мяне ўспрымалі, з даверам і, здаецца, нават з узаемнай цікаўнасцю. Спадабалася рака — такая зялёная, сціплая, незалежная, някідкай шляхетнай прыгажосці.
Есці не хацелася зусім, я была сытая ўражаннямі і новымі вершамі, таму неяк і не давялося мне ні разу забегчы ў якую-небудзь віленскую кавярню. Затое не давялося і надта клапаціцца пра захаванне стройнасці, так што дарэмна я перажывала, што не змагла ўзяць з сабой гантэлі. Шматгадзінныя шпацыры на свежым паветры яўна палепшылі мой фізічны стан, нават за няпоўныя два тыдні.

Я не заўважыла асабліва бурнага жыцця ў ДПЧ, хаця мяне папярэдзілі адразу, што там увесь час шумна і штосьці адбываецца. Ніхто не замінаў мне, не напружваў і, у прынцыпе, не цікавіўся маёй персонай, так што месца для адасаблення і ціхай працы гэта цалкам прымальнае. У пакоі вісела вялікае люстра, з якім пры неабходнасці можна было вечарам выпіць піва і прыемна паразмаўляць, нягледзячы на яўную ясеніншчыну гэтага дзейства. А яшчэ там былі старыя-старыя драўляныя вокны насупраць, настолькі старыя і настолькі драўляныя, што здаваліся немагчымымі тут, у XXI стагоддзі, у самым цэнтры еўрапейскай сталіцы. І мне так карцела ўвесь час патрапіць за іх, бо здавалася, што там мусіць адбывацца штосьці цудоўнае, асабліва па вечарах, калі яны запальваліся святлом і набывалі немагчымы, казачны выгляд.

За час рэзідэнцтва я прыйшла да простых і крыху сумных высноваў. Я зразумела, што для натхнення, аказваецца, мне не трэба нічога асаблівага, я яго магу браць адусюль. Галоўнае, што патрэбна мне для вершаў, — гэта час і цішыня, мажлівасць мець асобны пакой, дзе можна маўчаць і не думаць пра гатаванне ежы і зараблянне грошай. Якраз усё тое, што дае Рэзідэнцыя і што ў звычайным жыцці для мяне пакуль недасягальнае. Так што вярнулася я адтуль проста набрынялая новымі творамі, якія цяпер пакрысе дапісваю і збіраю ў кнігу. Безумоўна, я дзякую шчыра ПЭНу за гэтую падзею, і для за-вершанасці справаздачы — вершы:

***
ні бліскучай змяюкай ракі,
ні жуком, ні вавёркай — нікім,
ні ў сабак на душы, ні ў дзяцей,
ні ў малітвах, ні ў кнігах — нідзе,
ні ў самоце пранізлівых станцый
не хачу,
не хачу я застацца.
ні на зло, ні тым болей на біс
не хачу ў гэтай восені быць,
ні лістом, ні арэхам — нічым.
толькі спаць на тваім плячы…

***
…проста верасень гладзiць жалуды па галовах,
зняўшы душаў капелюшы.
я з усiх чалавечых i рыбiных моваў
помню толькi “люблю” i “пiшы”.
быццам дзесьцi пад скурай прарыў цеплатрасы
вострым кiпнем балючага “ты”.
быццам восень мая зараз кiнецца з часу,
як на бераг – ад шчасця – кiты…

Фота Алены Казловай