Нарадзілася 20 сакавіка 1989 года ў Баранавічах, жыве ў Мінску. Лінгвіст па адукацыі і перакладчык па прызначэнні, спадзяецца дачакацца таго дня, калі зможа без нервовай усмешкі назваць сябе таксама паэткай і самой у гэта паверыць.
Ініцыятар і галоўны рухавік выдання зборніка перакладаў паэзіі Чарльза Букоўскі.
Я назвала гэтыя два тыдні вандроўкай углыб сябе, і тая Вільня, якую я ўбачыла, падалася мне сюррэалістычнай настолькі, што мяне не пакідае адчуванне, нібыта мы з ёй бачылі адзін сон на дваіх, але я прачнулася, а Вільня працягвае спаць.
З людзьмі я амаль не кантактавала, калі не лічыць афіцыянтаў і прадавачак у крамах, затое многа думала і ўважліва глядзела па баках, дазваляючы гораду адкрывацца для мяне, а сабе — убіраць у сябе яго чараўніцтва. Таму, нават калі я не сядзела не разгінаючы спіны над вершамі ці перакладамі, я працавала, закладваючы эмацыйны падмурак, так неабходны маладому літаратару.
План у мяне быў вялізны — пяцігодка ў два тыдні. Я планавала скончыць пераклады Букоўскі для зборніка, перакласці штосьці з Лэнгстана Х’юза, паперакладаць Элізабэт Бішап, вычытаць і адрэдагаваць свае вершы, дапісаць нарэшце эсэй і, калі будзе натхненне, напісаць некалькі вершаў.
Бішап мне не далася, другім па складанасці выканання аказалася рэдактура ўласных вершаў. Але галоўная задача выкананая — з два дзясяткі вершаў Букоўскі, якія былі альбо не перакладзеныя, альбо перакладзеныя на хуткую руку, скончаныя і гатовыя прайсці праз апошнюю інстанцыю — Перакладчыцкую майстэрню Андрэя Хадановіча.
Прывяду самы жыццесцвярджальны ўрывак з верша Букоўскі:
“пакуль мы глядзім на свае рукі свае ногі сваё жыццё свой шлях
на калібры якая спіць
на забітых ахвяраў вайны
на сонца што пажырае нас пакуль мы стаім да яго тварам
ведаю я ведаеш ты ведаюць і цябе
мы пераможам смерць.”
Адной з самых запамінальных падзеяў гэтых двух тыдняў стала паездка на Балтыйскае мора, таму ў маёй творчасці за гэты перыяд часта сустракаецца водная тэма. Напрыклад, я напісала кавалак верша-прозы, і вось урывак з яго:
“Мы трапім у раты кітам, схаваемся паміж жабраў рыб, аблепім целы медуз, увап’ёмся ў скуру водарасцям, асядзем на дно, супакоіўшыся. І нам ніколі больш не патрэбна будзе паветра. І мы зробім нарэшце правільны выбар. Мы вызвалімся ад палону падманлівай цвярдыні глебы. Мы заляжам на дно акіяну – застылыя і анямелыя, але больш жывыя за тыя абалонкі, што прынеслі ў ахвяру пакою з канцэнтраваным паветрам.”
У маіх перакладах Лэнгстана Х’юза таксама сустракаецца водная тэма:
Негр гаворыць пра рэкі
Я бачыў рэкі:
Я бачыў рэкі старажытныя, як свет, і старэйшыя
за чырвоную плынь ў нашых венах.
Мая душа стала глыбокай, як гэтыя рэкі.
Я купаўся ў Еўфраце ў часы нараджэння світанкаў.
Я збудаваў хаціну ля Конга, каб рака калыхала мяне.
Я агледзеў Ніл і ўзвёў над ім піраміды.
Я чуў, як пела Місісіпі, калі Эйб Лінкальн
плыў у Новы Арлеан, бачыў, як захад
залаціў яе глеістыя грудзі.
Я бачыў рэкі:
Старажытныя, змрочныя рэкі.
Мая душа стала глыбокай, як гэтыя рэкі.
І я ўсё ж такі напісала два вершыкі, хоць іх і не назавеш вяршыняй маёй творчасці. Прывяду адзін:
Іржа
тваё сэрца пакрылася
тоўстым пластом іржы
што скоўвае рух
я – кіслата
я ратую яго ад небіцця
Я бязмежна ўдзячная ПЭН-цэнтру і ДПЧ за два тыдні ў Вільні і магчымасць зрабіць працу, якая расцягнулася б яшчэ мінімум на паўгода. Будучым удзельнікам пажадала б не згубіць ні хвіліны з гэтых двух тыдняў дарма.