Нарадзілася ў 1982 годзе ў Мінску. Скончыла філалагічны факультэт БДУ, аспірантуру пры ім, абараніла кандыдацкую дысертацыю. 12-ы сезон выкладае беларускую мову і літаратуру ў Ліцэі БДУ. У вольны ад гадавання чытачоў час перакладае пераважна з польскай мовы паэзію (Збігнева Гэрбэрта, Тадэвуша Ружэвіча, Віславы Шымборскай), прозу (Чэслава Мілаша, Зыгмунта Мілашэўскага) і эсэістыку (Збігнева Гэрбэрта).
Падаючы заяўку на ўдзел у Рэзідэнцыі маладога літаратара, я не магла нават уявіць, што апынуся ў Вільні адна на два тыдні на пачатку лістападу, калі сонечныя гадзіны можна палічыць на пальцах адной рукі і цябе вось-вось накрые няўмольная восеньская дэпрэсія. Шчыра кажучы, перспектыва гэтая мяне крыху палохала, але ўсё склалася як найлепш.
Я не ўпершыню патрапіла ў Вільню, але ўпершыню прысутнічала ў ёй настолькі доўга, каб, нікуды не спяшаючыся, пасмакаваць горад, дзе нараджалася літаратура, якую я вельмі люблю.
Здавалася б, дарослая цётка, хутка 35! Але я абсалютна па-дзіцячы захоплена штодня адкрывала для сябе беларускую Вільню, п’ючы каву ў доме, куды на працу хадзіў Янка Купала і жыў Францішак Аляхновіч, трапляючы ў дворык, дзе рабілася “Наша ніва” ці выкладаў Максім Гарэцкі. Горад, які ўсё гэта памятае.
Паколькі ў цягнік я села на наступны дзень пасля таго, як скончылася першая чвэрць, цягам якой мне па пяць разоў на тыдзень даводзілася расстрэльваць, высылаць, забараняць Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Дубоўку, Міхася Зарэцкага і паралельна разбірацца з экзістэнцыяльнымі дылемамі ў ваеннай прозе Васіля Быкава, першае, што неабходна было зрабіць, — адаспацца і вярнуць сабе адэкватнае ўспрыманне свету. На гэта спатрэбілася два дні і дзесяць гадзін лячэбнага шпацыру па Вільні.
Цяпер можна было пачынаць працу. У Рэзідэнцыі я збіралася скласці план будучай беларускай кнігі выбраных твораў выбітнага польскага аўтара Станіслава Бараньчака і пераперакласці (чарнавыя накіды ў мяне ўжо былі зробленыя, што праўда, гадоў 7 таму) кнігу паэзіі “Штучнае дыханне”, якая складаецца з 27 вершаў. Апрача таго, я прыхапіла з сабой зборнік эсэістыкі “Этыка і паэтыка”, каб выбраць тэксты, без якіх беларускі том Бараньчака будзе няпоўным.
Першы дзень працы паказаў, што, каб нешта паспець, трэба паставіць сябе ў пэўныя рамкі, бо ляноту і пракрастынацыю ніхто не адмяняў, нават у туманным, дажджлівым старым горадзе.
Такім чынам, метадам спроб і памылак я навучылася так структураваць свой дзень, каб ён пакідаў па сабе адчуванне асалоды і задавальнення. Умоўна ён падзяляўся на дзве часткі, мяжой паміж якімі быў абед і недзе двух-, радзей трохгадзінны шпацыр па горадзе. У першай палове дня я перакладала. У другой чытала.
Лістападаўскае надвор’е, заўважым, актыўна спрыяла працы.
Што я паспела зрабіць? Выбраць з паэзіі Бараньчака вершы, якія я збіраюся перакласці для будучай кнігі. Разгрэбці чарнавікі, чарговы раз адкрыць для сябе той страшны ў сваёй відавочнасці факт, што перакладзенае сем год таму патрабуе новага перакладу. Больш-менш прыстойна, прынамсі, на мой сённяшні розум, перастварыць 20 з 27 вершаў зборніка “Штучнае дыханне”. Выбраць знакавыя эсэ з “Этыкі і паэтыкі”, якія, на маю думку, абавязкова павінны быць у кнізе, бо яны даюць магчымасць лепш зразумець Бараньчака-паэта, крытыка, перакладчыка. Перакласці два з іх.
У Вільні я як ніколі за апошнія гады шмат чытала. Сярод іншага, нарэшце знайшла час для таго, каб адужаць два вельмі важныя для мяне даследаванні беларускай літаратурнай сітуацыі 1920-1930-х гадоў. Гэта было дадатковым “чароўным пендзелем” і пры перакладзе вершаў пра шэрага чалавека эпохі стабільнасці.
Калі працаваць не хацелася, а нудны восеньскі дождж замінаў доўгім шпацырам, я ішла ў музей. Паходы гэтыя, зрэшты, зрабілі на мяне вялікае ўражанне і прымусілі доўга думаць і перажываць.
Першым быў Музей вялікіх князёў літоўскіх. Не надта багаты на колькасць ці якасць экспанатаў, але вельмі цікавы з гледзішча таго, як ствараецца і кшталтуецца нацыянальны міф. Чарговы раз стала прыкра за беларусаў.
Другім быў Музей ахвяр генацыду. Жудаснае месца. Якое абавязкова трэба наведаць, каб зразумець, як узнік чырвоны чалавек і чым ён кіруецца.
Паездка ў Рэзідэнцыю стала для мяне вялікім падарункам. Яна на кароткі момант вярнула мне адчуванне і смак часу, калі маеш магчымасць заўважыць сваё жыццё, спыніць імгненне, напоўніць яго асалодай і сэнсам.
Гэтыя два тыдні ў Вільні адкрылі мне адну страшную праўду: чуткі пра маю інтравертнасць значна перабольшаныя. Бо можна спакойна ў самоце гуляць па горадзе. Але вельмі і вельмі складана заставацца сам-насам са зробленым за дзень; гэта трэба прамаўляць, так значна лепш думаецца. І суразмоўцы мне вельмі не ставала.
У цэлым, я задаволеная тым, што і як я паспела зрабіць. Я вельмі ўдзячная Беларускаму ПЭН-Цэнтру за магчымасць уцёкаў. І зычу натхнення і плёну новым рэзідэнтам!