Ігар Кулікоў

Паэт, перакладчык з санскрыту ды іншых моў. Скончыў філфак БДУ. Перамог у Конкурсе маладых літаратараў імя Карласа Шэрмана (2009). Дыплямант прэміі “Дэбют” імя Максіма Багдановіча ў паэзіі (2011) і перакладзе (2017). Мае чатыры паэтычныя кнігі: “Паварот на мора”, “Свамова”, “Сівер-гар” і “Валадар загадак”.

Другое наведваньне рэзыдэнцыі было для мяне ня менш плённым, чым першае. Гэтым разам я намеціў сабе даперакладаць адзін вялікі стараангельскі тэкст: узяўся за яго я яшчэ ў Менску, але справа ішла марудна, бо ўвесь час нешта адбірала ўвагу. Таму па прыезьдзе ў рэзыдэнцыю я адразу вызначыў для сябе строгі графік працы, каб засяродзіцца на перакладзе. Пачынаў працаваць я каля 9-10-й гадзіны, а 13-й нясьпешна ішоў у краму, потым абедаў, і каля 14-й зноў сядаў за кампутар і працаваў дзесьці да 18-й, а там вячэраў ды выбіраўся на праходку ў горад. 7-8 гадзін перакладу штодзень прынесьлі свой вынік: мне ўдалося ня толькі зрабіць чарнавы пераклад каля 550 паэтычных радкоў, але і крыху падрэдагаваць старыя напрацоўкі.

У якасьці прыемнага дадатку сталася знаёмства зь мясцовымі літоўскімі санскрытолягамі (у Віленскім унівэрсытэце ёсьць Цэнтар паўднёва-азыяцкіх штудый), зь якімі мы абмяняліся кнігамі. Таксама знакавым стаўся пешы чатырохгадзінны паход у раён Лазьдзінай, дзе я ня толькі пабачыў культавую школу Электроніка (людзі майго пакаленьня і старэй зразумеюць), але і пастасаваўся зь мясцовымі гопнікамі-білінгвамі (кўо ту варду, пацан?), якія запрасілі мяне зь імі пабухаць (быў вечар пятніцы), а таксама параілі пагаліцца. Ад абедзьвюх прапаноў я ветліва адмовіўся.

Ну, і не перакладам адзіным, так бы мовіць, — у апошні дзень (збольшага ўжо седзячы ў аўтобусе) я накрэмзаў верш, які падаю ніжэй. А, ну і дзеля цікавасьці схадзіў у “Акропаліс”, каб зразумець, чаму туды езьдзіць столькі беларусаў. Хадзіў-хадзіў, але так і не зразумеў, а вось недабудаваны стадыён і лясок паблізу спадабаліся. Усім раю.

ВУСЬЦІШ

Прачынаюся вечарам у чужой краіне.
Вылузваюся з ложка пад апошнія промні.
Запарваю кавы і, пакуль яшчэ неба стыне,
выходжу ў горад — сутонны, трывожны, знаёмы.
Зьліваюся плоцьцю з вуліцай, брукам, мурам
і доўга блукаю – як свой, бо маўчу, як тутэйшы,
а зьверху ў кулак зьбірае аблокі бура,
і хмарамі птахі згушчаюцца ўкола вежы.
І вось секанула — сваіх і чужых, без разбору.
Замоўкла усё — толькі рэчка гамоніць да вусьця.
Паўголы, з вакна нехта вылез, задзёрся ўгору
і, мовай намокшы, схаваўся назад, у вусьціш.
А я ўсё іду — не дадому, бо які ў мяне дом тут? —
маўклівы вандроўнік па мове чужога лета,
іду, каб ужыцца хаця б у начную слоту,
прамоклы, як свой, але ня болей за гэта.