Галіна Сіўчанка

Паэтка. Піша па-беларуску.

Выкладчыца ангельскай мовы. Скончыла факультэт замежных моваў Берасьцейскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта імя А.С.Пушкіна, магістратуру і асьпірантуру БДУ.

У жніўні я хацела дапісаць некалькі вершаў для дэбютнай паэтычнай кнігі, паставіць у ёй кропку. У гэтай кнізе чатыры настроі, чатыры кірункі: менская Птушыная выспа (найлюбёнае месца ў Менску), пярэспа Куршаў (найлюбёны прыморскі адцінак зямлі, пра які я стала пісаць з канца 2015 амаль выпадкова, ніколі там не была), Бродзкі (у кнізе будуць беларускія вершы па матывах Бродзкага) і вершы, якія можна аб’яднаць агульным кірункам “Бог – мова – прырода”. Усе кропкі (а таксама мяккія знакі) я мусіла расставіць у Менску, а расставіла ў Летуве.

Два тыдні ў Рэзыдэнцыі сталі для мяне нечаканым падарункам, магчымасьцю працаваць у цішыні, атрымаць новыя ўражаньні для апошніх вершаў кожнага з напрамкаў і адчуць на сабе, якія цуды можа рабіць слова. Магчыма, гэта нясьціплая і гучная заява, але зь першых хвілінаў у Летуве мяне не пакідала адчуваньне заваяванай прасторы, а самым моцным уражаньнем ад тых тыдняў застаецца атаясамленьне сябе зь гераіняй (героем) верша-эсэ Міхаіла Баярына “Заваёўнік”. Выпісаная выспа “зьдзейсьнілася” яшчэ ў Менску. За некалькі дзён да маёй вандроўкі сябры зь Летувы напісалі мне, што завязуць мяне на пярэспу Куршаў, “проста вазьмі квіткі Вільня – Паланга і назад, і будзе табе пярэспа”. І гэта сапраўды было проста. Цяпер я ведаю, што такое ўісьненыя жаданьні і відзеі – гэта знаходжаньне пасярод зямлі, вады і сонца, пра якія ты пісала, пражытыя за адзін дзень адчуваньні, якія выпісваліся некалькі месяцаў, і рэальны сьвет, які раптам стаў гуляць па тваіх правілах. Няма з чым параўнаць. Зьдзіў.

Заход у Паланзе. Мора, на якое глядзеў Бродзскі, пяшчотна прымае сонца, на якое глядзеў Бродзкі, і ты глядзіш на гэта зь цьвердзі, на якой стаяў Бродзкі. А ў Вільні я выпадкова знайшла дом, дзе Бродскі жыў, і штодня, гуляючы і часам не зважаючы на тое, куды іду, вярталася туды, глядзела на акно, на дзьверы… Увесну я саманадзейна зладзіла гульню з Паэтам, а ў жніўні Паэт правёў мяне па сваіх летувіскіх шляхах. І зноў жа дапамог паставіць кропку.

Бога, мовы і прыроды ў Вільні таксама было многа. Цудоўныя касьцёлы, гутаркі па-ангельску зь віленцамі (пераважна пра мовы размаўлялі, што таксама мяне моцна ўразіла – некалькі выпадковых мінакоў аказаліся вельмі цікавымі суразмоўцамі), рака і пагоркі, шмат сонца і неба. Усё, што трэба было пачуць, я пачула.

У Вільні я ня толькі пісала вершы, але і рэдагавала пераклад “Чытва” Ч. Букоўскі для “Амэрыканкі”. Раман быў перакладзены на шыкоўную – размоўную, жывую, з пульсам нейкай дзікай частаты – беларускую Ігарам Куліковым. Праца заняла дзесяць дзён. Яны былі распланаваныя, спакойныя: з раніцы сядала за рэдактуру, звычайна завяршала працу да 16.00 і выходзіла ў старую Вільню, якая натхняла на вершы. Зь Вільні я прывезла 12 вершаў, 8 зь якіх будуць у кнізе.

Вельмі ўдзячная ПЭН-цэнтру за два цудоўныя тыдні, якія зьдзейсьнілі напісанае раней.

З таго, што напісалася ў Вільні:

таемства
узыходзячы на адну зь века(м)вітых гор
бачу кола зьвязды аслоненай напалову
сьціплым воблакам
зьзяньне зрокам заву ў зазор
ахвяруючы адначасна дыханьне й мову
углядаюся ў серад працятая ім наскрозь
аддаляюся ад агню ў цішыню начную
на п(р)аветраным шары што мае спадзеў на вось
і на вечнасьць таго таемства што я справую
супраць руху зямлі заўзяты ды сьмелы птах
пазалочаны водсьвет марна дагнаць ірвецца
я стаю на гары ключом у Тваіх руках 
судзяніцай таму ў каго адамкнёна сэрца

Kuršių nerija – 10
за дзесяць няроўных крокаў да зродненых неба й вады
на зрошаным траўі палітым дажджамі й сьлязой бадзячай
мяне супыняе сонца – па сьвеце ўсіх правадыр –
празорлівым промнем грэе 
і я скрозь надчасьсе бачу
як нехта павольна водзіць рукой па ячменным асьці
і мне застаецца ўспомніць найлепшай парады сьцісласьць –
знайсьці незамкнёнае кола 
церазь яго прайсьці й
малочна-блакітным прасьцягам працяг пуцявіны выслаць

небарасьць
нашы цені плывуць да віліі на туга зьвітым дубовым згоне
паўмінулае расьцярушваецца паўцяперашнім па вадзе
паслухмяныя пасмы водарасьцей тояць небарасьці прадоньне
той у хвалях урэкавечваецца хто пісаў зь ніадкуль…
нідзе
я дагэтуль не адлюстроўвалася так прыгожа і так спакойна
да адхону ўспамін прывязваецца праз атрутны балігалоў
як на роўнядзь тваю далоневую пад ухвальны сьпеў дрэвастойны
я кладуся бясконцай небарасьцю без націны ды каранёў