Дэкларацыя ПЭНа аб лічбавых свабодах

Міжнародны ПЭН займаецца прамоцыяй літаратуры і свабоды слова, а таксама кіруецца Хартыяй ПЭНа і прынцыпамі, якія яна ўвасабляе – бесперашкоднай перадачай ідэй у межах адной нацыі і паміж нацыямі.

ПЭН прызнае магчымасць лічбавых медыя стаць сродкам рэалізацыі фундаментальнага права на свабоду выказвання. У той жа час паэты, драматургі, эсэісты, раманісты, пісьменнікі, блогеры і журналісты сутыкаюцца з парушэннем іх права на свабоду слова праз выкарыстанне лічбавых медыя.

Грамадзяне многіх краін сутыкаюцца з сур’ёзнымі абмежаваннямі доступу і карыстання лічбавымі медыя, у той час як дзяржавы злоўжываюць лічбавымі тэхналогіямі для ўціску свабоды слова і сачэння за людзьмі. Прыватны сектар і асабліва кампаніі па распрацоўцы праграмнага забеспячэння часам садзейнічаюць дзяржаўнай цэнзуры і сачэнню.

У 2012 годзе на Міжнародным Кангрэсе ПЭНа ў Кёнджу (Карэя) сябры Міжнароднага ПЭНа ўхвалілі Дэкларацыю аб лічбавых свабодах. Вось кароткі пераказ пазіцыі ПЭНа адносна пагроз свабодзе слова ў лічбавую эпоху. Больш інфармацыі можна знайсці ў прэс-рэлізе з 78-га Кангрэса Міжнароднага ПЭНа.

1. Усе людзі валодаюць правам свабодна выказвацца з дапамогай лічбавых медыя без страху рэпрэсій ці пераследу.

а. Асобы, якія карыстаюцца лічбавымі медыя, выказваюцца абсалютна свабодна, знаходзячыся пад абаронай міжнародных законаў і стандартаў.
б. Дзяржавы не мусяць пераследаваць ніякіх асоб або ўжываць рэпрэсіі супраць тых, хто перадае інфармацыю, меркаванні ці ідэі з дапамогай лічбавых медыя.
в. Дзяржавы мусяць актыўна абараняць свабоду выказвання праз лічбавыя медыя, прымаючы і ўзмацняючы эфектыўныя законы і стандарты.

2. Усе людзі валодаюць правам на пошук і атрыманне інфармацыі з дапамогай лічбавых медыя.

а. Дзяржавы не мусяць прымяняць цэнзуру, абмежаванні ці кантроль кантэнту лічбавых медыя, у тым ліку кантэнт мясцовых і міжнародных рэсурсаў.
б. У выключных выпадках любыя абмежаванні лічбавага кантэнту мусяць адпавядаць міжнародным законам і стандартам, якія вызначаюць межы свабоды слова, як, прыкладам, заклікі да гвалту.
в. Дзяржавы не мусяць перакрываць доступ ці абмяжоўваць выкарыстанне лічбавых медыя, нават падчас перыядаў неспакою і крызісу. Кантроль доступу да лічбавых медыя, асабліва ў буйных маштабах, па сутнасці парушае права на свабоду слова.
г. Дзяржавы мусяць спрыяць і пашыраць поўны доступ да лічбавых медыя для ўсіх.

3. Усе людзі валодаюць правам быць вольнымі ад дзяржаўнага сачэння за лічбавымі медыя.

а. Сачэнне, пра якое вядома ці невядома аб’екту сачэння, стрымлівае выказванне, ствараючы патэнцыял для пераследу і страху перад рэпрэсіямі. У выпадку, калі пра сачэнне вядома, яно спараджае самацэнзуру, якая яшчэ больш шкодзіць свабодзе выказвання.
б. Паводле агульнага правіла дзяржавы не мусяць ні імкнуцца да доступу да лічбавых камунікацый паміж або сярод прыватных асоб, ні кантраляваць асабістае карыстанне лічбавымі медыя, ні адсочваць перамяшчэнні асоб у лічбавых медыя, ні змяняць выказванні асоб, ні агулам сачыць за асобамі.
в. Калі дзяржавы ажыццяўляюць сачэнне – у выключных акалічнасцях і ў сувязі з правапрымяненнем законных метадаў або з расследаваннямі, звязанымі з дзяржбяспекай, – любое сачэнне за асобамі ці кантроль за камунікацыяй праз лічбавыя медыя мусіць адпавядаць міжнародным законам і стандартам, прымяняльным да законных вобшукаў, такім як атрыманне судовага ордару.
г. Поўная свабода слова ўключае ў сябе і права на недатыкальнасць асабістага жыцця; усе існыя міжнародныя законы і стандарты ў сферы прыватнасці прымяняльныя і да лічбавых медыя, аднак можа ўзнікнуць патрэба ў новых законах, стандартах і абарончых захадах.
д. Калі дзяржава займаецца зборам і захаваннем дадзеных і іншай інфармацыі, спароджанай лічбавымі медыя, і ў тым ліку аналізам дадзеных, яе дзейнасць мусіць адпавядаць міжнародным законам і стандартам аховы прыватнай інфармацыі, такім як абмежаванасць у часе і прапарцыйнасць захавання інфармацыі, а таксама гарантаванае апавяшчэнне датычных асоб.

4. Прыватны бізнес, у тым ліку кампаніі па распрацоўцы праграмнага забеспячэння, абмежаваны правамі чалавека і свабодай выказвання.

а. Прынцыпы, адлюстраваныя ў дэкларацыі, у той самай ступені тычацца прыватнага бізнесу.
б. Кампаніі мусяць паважаць правы чалавека, у тым ліку права на свабоду слова, і прытрымлівацца гэтых правоў, нават калі нацыянальныя правы і нормы іх не абараняюць.
в. Кампаніі па распрацоўцы праграмнага забеспячэння абавязаныя вызначыць, якім чынам іхнія прадукты, паслугі і стратэгіі ўплываюць на сітуацыю з правамі чалавека ў краінах, дзе яны маюць намер ажыццяўляць сваю дзейнасць. Калі парушэнні верагодныя, або парушэнні могуць быць непарыўна звязаныя з карыстаннем іх прадуктамі або паслугамі, кампаніі мусяць змяніць або адмяніць азначаныя планы з павагі да правоў чалавека.
г. Кампаніі па распрацоўцы праграмнага забеспячэння мусяць уключыць прынцыпы свабоды слова ў асноўныя аперацыі, такія як распрацоўка прадукту з убудаванай абаронай прыватнай інфармацыі.
д. Калі выявіцца, што іх аперацыі парушаюць права на свабоду слова, кампаніі мусяць пакрыць страты тым, чые правы былі парушаныя, нават калі дзяржава не прапануе сродкаў прававой абароны.

Прынята на Міжнародным Кангрэсе ПЭНа ў Кёнджу (Карэя) у верасні 2012 года.