Не ў маім стылі даваць жыццю другі шанец. Усё ж песні ў стылі Дарафеевай і Саладухі, якія мы напісалі разам з амбітным, але малавядомым кампазітарам, — не тое, што можна будзе ўспамінаць на пенсіі вечарам на лаўцы. Але бываюць і прыемныя выключэнні. Тыпу, калі неяк маё сэрца не вытрымала, і я такі даслаў заяўку на рэзідэнцыю другі раз. Колькі месяцаў — і вось я ўжо імчу ў цягніку Мінск-Вільня з жудасным болем у галаве, соплямі, недахопам сну і Настай Грышчук (у выпадку з Настай я нічога супраць не меў).
Вільня сустрэла шыкоўным надвор’ем і ясным асэнсаваннем двухтыднёвага бадзяння і паэтычных пакутаў. І тое было салодкае пачуццё, як бывае, калі заліпаеш ноч у серыял або едзеш па вёсцы на ровары — а навокал амаль нікога і пах бясконцых вогнішчаў.
Першыя дні адчайна хацелася хадзіць да знямогі і болю ў спіне, глядзець на людзей, сачыць за людзьмі, лавіць той няўлоўны пах і дух невытлумачальнай еўрапейскасці і свабоды, чаго яшчэ мне так не хапае дома.
Мае блуканні і шуканні не прайшлі марна — адным днём я амаль не падымаў голаў ад нататніка. Хаця, пасля “лямпавых” абмеркаванняў на кухні разам з крытыкам і празаікам, я не ўпэўнены, што і гэтым вершаваным дабром можна будзе ганарыцца калі-небудзь, “где обрывается память, начинается старая фильма…”.
Але буду казаць пра харошае, а яго было нямала. Перадусім — мора, першае ў маім жыцці, сапраўднае, халоднае. Самы пяшчотны і дарагі ўспамін. Ужо толькі за гэта можна дзякаваць рэзідэнцыі і персанальна Настцы.
Харошае — гэта ўсе тыя цёплыя вечары і ночы, калі ты адчуваеш сябе крыху Фрэнсіс, мілай Фрэнсіс з аднайменнага фільма, якая быццам нічога не мае: ні любімай працы, ні дома, ні кахання — але, між іншым, у яе ёсць усё. Гэтыя вечары — спроба зразумець, пачуць і прыняць сябе (нават з гэтай бессэнсоўнай любоўю да серыялаў і легкадумнасцю). Так, я амаль такі ж круты, як Эдзі Рэдмэйн у “Сусвеце Стывена Хокінга”.
Дарэчы пра легкадумнасць і фартуну. Адной ноччу мяне хацеў “зняць” в’етнамец (хтосьці зверху такі пранікся маёй любоўю да гэтай краіны, кхм). Было страшна. Я думаю, гэта можа стацца грунтоўнай асновай апавядання на вострасацыяльную тэму, а можа, нават, свят-свят, цэлай аповесці.
Збольшага мне ўдалося хаця б здалёк пабачыць віленскія храмы, пабываць не на адных могілках і разабрацца са сваёй рэлігійнай ідэнтычнасцю.
Смаўжы, надта многа смаўжоў у маім жыцці. І першы раз — чорныя, дробненькія (аказваецца, тое былі звычайныя вінаградныя).
Сто разоў пісаў у нататніку “Вольга Гронская” і клаў на ноч пад падушку. Усё роўна забываю.
Усе два тыдні (ладна, ладна, дзён шэсць) мяне не пакідала адчуванне блізкасці да чагосьці значнага і вялікага. Быццам усё патрэбнае віравала ў паветры — бяры, лаві. Але я абраў ролю назіральніка. У астатнія дні нічога такога не адчувалася. Я радаваўся дажджу і танным памідорам.
З прачытанага — Маркес і яго сумныя блядушкі. З новых імёнаў — Егана Джабарава.
Падаецца, я толькі ледзь даткнуўся да той еўрапейскасці і свабоды. І далібог, сала з агуркамі і півам на зваротным шляху, якім так соладка частаваліся мае суседкі ў вагоне цягніка, ні пры чым. Гэта ўжо іншая гісторыя. Але шанец быў неблагі.