Нарадзіўся ў 1987 годзе. Мае ступень бакаляўра рэкрэацыі і турызму ЭГУ. Пераможца конкурсу на стыпэндыю імя Міхася Стральцова (2010) і конкурсу «Экслібрыс» імя Антона Луцкевіча (2016). Друкаваўся ў часопісах «Дзеяслоў», «Гіпэртэкст», «Уральскі сьледапыт», газэце «Літаратурная Беларусь».
Мне прывялося пажыць у разнастайных мясцох — ад рабочага пасёлку ў Паўднёвым Іране да глухое правінцыі ў Паўночнай Фінляндыі — але ўлюбёным горадам заўжды была — і, відаць, застанецца да скону дзён — Вільня. Некалі я быў пажыўшы там чатыры гады, якія цяпер узгадваюцца хіба не найлепшымі ў жыцьці, таму паўмесяцы ў Рэзыдэнцыі адчуваліся запраўдным вяртаньнем дадому.
Грунту гэтаму пачуцьцю дадавалі і шматлікія віленскія сябры, якіх я ня бачыў каго з год, а каго і зь пяць. Наагул, пераз два гэтыя тыдні ад старых і новых знаёмцаў я пачуў столькі захапляльных і кранальных гісторыяў, што матар’ялу хапіла б на ладны раман сучаснае прозы.
Але ж сучасная проза мяне не цікавіла — у Вільню я ехаў з намерам папрацаваць над аповесьцю плянэтарнае фантастыкі на капыл Джэка Вэнса і Эдвіна Таба. Накідаў плян і скончыў начарна некалькі разьдзелаў, пасьля чаго вырашыў перакінуцца на больш мэханічную працу: усё ж кіпучая вясновая Вільня вымагае ад аўтара пэўнае самадысцыпліны, якое так бракуе, калі прыдумляеш уласныя фантастычныя сусьветы. Такім парадкам, я заняўся перакладам празаічных вершаў Кларка Эштана Сьміта з кнігі «Nostalgia of the Unknown», што прымусіла мяне да пільнае працы за слоўнікам і ўвагі да кожнага слоўца. За час пабыцьця ў Рэзыдэнцыі я пераклаў больш як палову аўтарскага аркушу.
Працоўны настрой здабываў у частых прагулянках па зацішных мясцох — недалёк Рэзыдэнцыі такіх, на шчасьце, ёсьць нямала, дый самая яна падалася мне ўвасабленьнем цішыні і спакою. Пагоднымі ранкамі я шпацыраваў па Бэрнардынскіх могілках, па Росах, па Бэрнардынскім садзе ўздоўж Вілейкі. Багата ўражаньняў пакінулі па сабе зьнянацкая вандроўка ў Кернаў з блуканьнем па залітых надвячоркавым сонцам схілах па-над Вільлёю; клюбны канцэрт памяці Роні Джэймза Дыё; паўдня, прабаўленыя ў сутарэньнях італьянскае піцэрыі на Ґедымінцы, дзе я дапамагаў расшрубоўваць крэслы; сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці Зарачанскае рэспублікі; доўгія размовы з нефармальнаю моладзьдзю на агляднай пляцоўцы ля барбакану, адкуль відаць увесь стары горад…
Усяго не пералічыць, дый ня варта пералічваць. Варта шчыра падзякаваць за тыя ўражаньні ПЭН-цэнтру і Дому правоў чалавека, што я з радасьцю і раблю. А наастачу зацемлю, што Вільня гэтым разам падалася мне чароўнаю і нясьцерпна вабнаю, нібы адзін з гарадоў-прывідаў, што так любіць апісваць К. Э. Сьміт:
(From A Letter)
…Ці не далучышся ты да мяне ў Атлянтыдзе, дзе мы спускаццамем па вулках блакітнага й жоўтага мармуру да арыхалькавых прыстаняў і выбіраць сабе галеру з фігураю Эраса на носе і ветразьмі з тырыйскага ядвабу? З маракамі, што зналі Адысэя, і гожымі жаўтагрудымі рабамі з горных далінаў Лемурыі мы падымем якар дзеля невядомых дабрабытных выспаў у адкрытых морах; і, плывучы ўтропы апалеваму захаду, згубім тую старажытную зямлю ў шызым прыцемку і ўбачым з нашага ложку слановае косьці і атласу ўзыход невядомых зорак і зьніклых плянэтаў. Мажліва, мы ня вернемся, але паплывем за трапічным летам ад аднае ціхамірнае выспы да іншае, цераз аксамітныя моры мітаў і небылі. Мы харчаваццамем лотасам і садавінаю зь земляў, пра якія ніколі ня марыў Адысэй; піць бледыя віны чароўнага народу, выціснутыя ў далінах вечнага месячнага сьвятла. Я знайду табе пацеркі з барвістых пэрлаў і маністы з жоўтых лалаў, ускладу на цябе каралявую карону, што нагадвацьме расфарбаваны ў агністую чырвань квет. Мы блукацьмем па кірмашох забытых гарадоў зь ясьпісу і партох за Катаем, пабудаваных з карнэолу; я куплю табе сукенку паўлінавага блакіту, аздобленую медзьдзю, златам і цынобраю, і сукенку чорнае парчы з памаранчовымі рунамі, гафтаванымі дзівоснымі чарамі бяз дотыку рук, у прывіднай краіне замоваў і любізьнікаў.