Паэт, празаік, перакладчык. Фіналіст конкурсаў маладых літаратараў імя Ларысы Геніюш (2010) і імя Чэслава Мілаша (2011), пераможца конкурсу “Экслібрыс” імя Рыгора Барадуліна ў намінацыі “Пераклад” і конкурсу перакладаў “Лёгкае пяро”. Друкаваўся ў часопісах “Дзеяслоў”, “Верасень”, ”Маладосць”, “Полымя”, “Тэрмапілы”, тыднёвіку “Літаратура і мастацтва”, альманаху “Тэксты”, калектыўным зборніку “Geniush loci”, на літаратурных парталах Textura.by і Літраж. Творы перакладаліся на польскую, сербскую, украінскую ды рускую мовы. Аўтар зборніка вершаў ”Парасонечнасць”. Пераклаў на беларускую мову вершы польскай паэткі Галіны Пасвятоўскай. Пераможца (2-е месца) конкурсу на найлепшы пераклад паэзіі Віславы Шымборскай на беларускую мову. Рэдактар літпартала Textura.by. Аўтар праекта “Литературная среда в музее Петруся Бровки”. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Скончыў біялагічны факультэт БДУ.
Нарадзіўся ў 1987 годзе ў Крычаве, жыве і працуе ў Мінску.
Чаканая, запланаваная адзінота. Здавалася б, што можа быць лепш? Застацца сама-насам з сабою, уласнымі думкамі. Планаваў працаваць, менавіта працаваць па восем гадзін на дзень, а можа і болей. Але, пражыўшы ў ДПЧ пару дзён, зразумеў, што творчая праца не бывае запланаванай, натхненнем (хоць я не вельмі люблю гэтае слова, але яно дакладна перадае такі стан) сапраўды немагчыма кіраваць. Альбо хочацца пісаць ці перакладаць, альбо не. Канкрэтных, вялікіх планаў на гэтыя два тыдні не мелася, таму можна сказаць, што папрацаваў плённа. Даперакладаў колькі вершаў для будучага зборніка, адрэдагаваў яго паэтычную частку. Пераклаў дзіцячыя і зусім недзіцячыя вершы польскай паэткі Ганны Сьвіршчыньскай, напісаў некалькі казак, дзіцячых вершыкаў. То бок тое, што не атрымлівалася зрабіць дома, зрабіў на Рэзідэнцыі, і гэта ўжо добра.
Што тычыцца адпачынку і разрывак — тут грэх скардзіцца. Я не шкадаваў часу на шпацыр, блукаў па Старым горадзе, дыхаў вясновай Вільняй, размаўляў з рознымі людзьмі. Хадзіў на прэзентацыю кнігі Томаса Венцлавы, трапіў на вясновы кірмаш Казюкі. Было весела і файна.
Парады тым, хто будзе ў пакоі №13 пасля мяне: высокім людзям памятаць пра люстру, якая вісіць досыць нізка, настольная лямпа працуе добра і яна апошняя, таму беражыце яе. Спажывецкае: бліжэйшая крама — у Зарачанскай Рэспубліцы, але яна не надта, каб надта. Раю закупляцца ў Maxim’е на Міндоўга, яна, бадай, самая вялікая ў цэнтры, і кругласутачная. Стрававацца можна дзе заўгодна, каму што больш даспадобы. Я часцей за ўсё хадзіў у Snekutis, што на Святога Мікалая. Там файныя цэпеліны і неблагое піва, адпаведная шынку атмасфера. На Віленскай, 14 добрая кібінная.
Я хачу падзякаваць Дому правоў чалавека ў Вільні, Беларускаму ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменнікаў за цудоўную магчымасць творча папрацаваць.
І на давяршэнне пару вершаў.
партрэт паэткі
атрутна-пунсовы ветразь вуснаў
ледзь варушыцца на возеры твару
твайго штыль
стыль
схаваны глыбока на дне
дзесьці ў калюжыне
валюхаецца карабельчык з недапалка
хлопчык які табе падабаўся
наступіў на яго
узрушэнне
пасля якога ты нарадзіла
свой першы
праз колькі гадоў
на трэцяй міравой паэзіі
ты сустрэла яго
аказалася што і ён паэт
з той самай пары
— даруй — недарэчна мармыча ён
— што?
— ну той карабельчык памятаеш —
я проста хацеў каб ты звярнула на мяне ўвагу
звярнула
цяпер раўнуеш яго да кожнае рыфмы
майструеш караблі з чарнавікоў
і душышся соллю чорнага мора сваіх вачэй
Цягнік Мінск-Вільнюс
Užupis
ніколі не бачыў такой хуткаплыннай рэчкі
так думаў я стоячы на мосце праз Вільню
на мяжы за якой рэспубліка
рэспубліка дзе вас не спыніць
пагранічны ці мытны кантроль
дзе няма грошай банкаў чыноўнікаў
мінюстаў мінлюбаў мінфінаў
ёсць хіба прэзідэнт канстытуцыя з тузін салдат
паэты мастакі музыкі
якія жывуць на паўвыспе волі
паўвыспы волі
і цэлая выспа свабоды
ці трэба болей
так разважаў я стоячы на мяжы
Вільня, ДПЧ