Праграма «Рэзідэнцыя маладога літаратара» дазволіла мне правесці два тыдні ў асобным пакоі са сталом. Добраахвотную самаізаляцыю і магчымасць памаўчаць я ўспрымаю як раскошу ў нашым нярэдка шумным і мітуслівым жыцці. Аскетычны побыт і маўклівасць падштурхнулі мяне да плённай працы, а двух тыдняў акурат дастаткова для таго, каб не стаміцца ад самоты.
Асабліва ўдалым было спалучэнне побыту ў рэзідэнцыі з перакладам кнігі, дзеянне якой шмат у чым адбываецца ў Вільні. Дзякуючы ПЭН-цэнтру я пабачыла апісаныя аўтарам месцы ды змагла лепш зразумець атмасферу і вобразы, якія ён хацеў перадаць.
Калі абстрагавацца ад жыццёвай руціны, абавязкаў ды іншых праектаў і сфакусавацца на адной справе, то і праца ідзе спарней. Таму зрабіла ладны кавалак – недзе чвэрць кнігі ў чарнавым перакладзе. Працавала некалькі гадзін на дзень, робячы перапынкі праз 3-4 дні. Згодная з Ірынай Гарошкай, што не трэба баяцца пракрастынацыі, бо ў фонавым рэжыме розум перапрацоўваў і перабіраў варыянты, падбіраў словы і вобразы, якія праз дзень-два нарэшце клаліся ў тэкст.
Калі свае чатыры сцяны стамлялі, заўсёды можна было перамясціцца ў бібліятэку, у якой таксама спакойна працавалася, або выйсці за межы ДПЧ і пазнаёміцца з самой Вільняй. За два крокі – рака Вільня і Ужупіс, а яшчэ ўтульны Бернардзінскі сад непадалёк Замкавай вежы.
Да таго ж сцяжынкі жыхароў і працаўнікоў ДПЧ сыходзіліся на кухні. Там я сустрэла трох іншых удзельніц рэзідэнцыі – паэтку, эсэістку і пісьменніцу – і нават атрымала кніжку з аўтографам аўтаркі.
А Павел Анціпаў з ПЭН-цэнтра змог дасягнуць добрага балансу, высвятляючы арганізацыйныя пытанні, трымаючы руку на пульсе, але пры гэтым не адрываючы ад працы над перакладам.
Дзякуй за магчымасць нырнуць у цішыню, заглыбіцца ў пераклад і падыхаць Вільняй!