З 2009 года ўваходзіць у лік 50 найлепшых рэдактараў рускамоўнай «Вікіпедыі». Аўтар шматлікіх артыкулаў на тэму Халакосту, аўтар артыкула пра цэнзуру ў Савецкім Саюзе, у якім ён працытаваў каля 250 крыніц.
10 сакавіка 2022 года расійскі праўладны Telegram-канал «Мракоборец» апублікаваў асабістыя звесткі Бернштэйна і абвінаваціў яго ў парушэнні новага расійскага закона аб публікацыі фэйкавых навін. Канал заявіў, што рэдагаванне Маркам Бернштэйнам артыкулаў «Вікіпедыі» пра ўварванне Расіі ва Украіну парушае новы «закон аб фэйках».
11 сакавіка 2022 года Марк Бернштэйн быў затрыманы ў Мінску. У тэлеграм-канале ГУБАЗіКа апублікавалі фота Марка Бернштэйна з надпісам: «Гэты чалавек распаўсюджвае фэйкавыя антырасейскія матэрыялы».
12 сакавіка 2022 года Марк Бернштэйн асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 24.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню або патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў).
Пасля 15 сутак арышту не выйшаў на волю. У адносінах Марка Бернштэйна завялі крымінальную справу, дзе ён падазраваны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).
29 сакавіка 2022 года Марк Бернштэйн прызнаны палітвязнем.
24 чэрвеня 2022 года Марку Бернштэйну прысудзілі тры гады «хатняй хіміі».
З 14 кастрычніка 2022 года – у спісе «экстрэмістаў».