• News
  • Creative Projects
  • Наталля Бордак: Я доўга слухала, але змаўчаць не магла

Наталля Бордак: Я доўга слухала, але змаўчаць не магла

Last update: 3 November 2026
Наталля Бордак: Я доўга слухала, але змаўчаць не магла

 Гэтае інтэрв’ю – частка зборніка «Голас пакалення свабоды», жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні. Зборнік апавядае пра лаўрэатаў прэміі «Голас пакалення свабоды», заснаванай Беларускім ПЭНам у партнёрстве з Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Прэс-клубам Беларусь, фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фондам Алеся Бяляцкага.

Зборнік будзе прэзентаваны 7 лістапада 2025 года а 18:00 у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, Gdańsk, pl. Solidarności 1) у межах мерапрыемстваў вакол 15-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця.

Наталля Бордак. Нарадзілася ў 1960 годзе. Скончыла мінскі Універсітэт культуры і мастацтваў. За грамадскую дзейнасць неаднаразова штрафавалася, сядзела на сутках. Паэтка і мастачка. У 2026 годзе выходзіць зборнік вершаў і рэпрадукцый карцін «Тры кроплі». У змушанай эміграцыі зладзіла дзясятак выстаў сваіх прац.

Коратка пра важнае

– Што ў маладосці для вас азначала слова «мы»?

– Сям’я, надзейныя сябры, грамада – людзі, якія цябе разумеюць і падтрымліваюць, любяць.

– Што ў савецкім ладзе вы лічылі натуральным?

– Культуру, народныя песні. І яшчэ шчырасць звычайных людзей міжсобку.

– Прынцыповы эпізод вашай нязгоды з меркаваннем большасці?

– У студэнцкім інтэрнаце ў Пінску ціхую дзяўчынку з верніцкай сям’і да плачу абражала адна дзёрзкая дзяўчына з інтэрната. Усе рабілі выгляд, што нічога не бачаць, а я не змаўчала – заступілася.

Тады і мне дасталася: яна была мацнейшая, пабіла. Было балюча, але ганарылася, што прыняла ўдар на сябе. І ўпершыню адчула, што такое пацярпець за праўду і абарону слабейшага.

– Калі Беларусь стала для вас чымсьці асабістым?

– Спачатку яна атаясамліваецца з малой радзімай, дзе ты вырасла. Потым гэтае пачуццё пашыраецца разам з тваім сталеннем. І дзесьці гадоў у дваццаць пяць прыйшло яснае разуменне: я – частка сваёй Радзімы.

– Што цяжэй: перастаць верыць дзяржаве, баяцца яе ці навучыцца браць адказнасць на сябе?

– Дзяржава чыніць сваё, а краіна застаецца тваёй любімай Радзімай. Трэба не баяцца, а прымусіць дзяржаву паважаць чалавека, яго выбар.

– 2020 год – гэта вынік паступовых змен у грамадстве ці раптоўны выбух?

– Паслядоўнасць. Лагічны вынік усяго, што назапашвалася ў грамадстве. Цягнулася, спела – і ў выніку выбухнула.

– Ці існуе сёння беларускае «мы»?

– Кожны паасобку нясе сваю кропельку ў агульную плынь. І калі данясём яе да мора беларускай душы, тады і станем сапраўдным «мы».

У дзяцінстве Наталлі Бордак часта казалі: «Памаўчы, яшчэ малая». І яна маўчала – да пэўнага часу. Потым былі Чарнобыль і паход да Масквы з патрабаваннем сказаць праўду, першыя вершы і беларускія песні са сцэны, уласнаруч пашытыя бел-чырвона-белыя сцягі і антываенны плакат 2014 года. У 2020-м за свой голас давялося плаціць ужо суткамі: у камеры яна спявала «Магутны Божа», пакуль амапавец не зачыніў фрамугу, каб яе не было чуваць на вуліцы, а двухсантыметровым кавалачкам алоўка запісала на сурвэтцы: «Як не палеглі, ды не змаўчалі?»

Гаворым з паэткай і мастачкай Наталляй Бордак пра палескую вёску, дзе наконт мінулага «па-паляшуцку маўчалі», пра Чарнобыль і беларускі ўздым 1990-х, страх і непаслушэнства, вайну і мастацтва. І пра новае беларускае «мы», якое яна адчула, калі малодшы сын ухапіў за руку і павёў за сабой праз мінскія двары.

 

Левае вуха лашчыў мяккі суржык, а правае – добрая, сакавітая трасянка

– Калі вы ўпершыню адчулі: у гэтым савецкім жыцці нешта не тое?

– Памятаю, як у хойніцкай школе нас адпраўлялі на дэманстрацыі. Строілі шэрагамі, ішлі па плошчы ў калонах, усе крычалі: «Ура!» А я аніяк не магла ўцяміць: ну як можна крычаць гэтаму бетоннаму стоду на п’едэстале: «Слава!», «Да здравствует!»? Мне гэта здавалася і смешным, і недарэчным, і адначасова трагічным.

Яшчэ ў школе расла з вольнай думкай. А вольная думка – з вёскі. З нашай ціхай, пад назвай Карчовае.

– Ужо сама назва чапляе… Драматычнае чуецца – карчы, выкарчаванае…

– Я вам другую гісторыю падкіну. Калі апошні раз прыязджала дадому, на бацькоўскія магілкі, заўважыла: шыльду на ўездзе замянілі. Замест звыклай ад нараджэння назвы – Акцябр. Гістарычную проста выкінулі. Хоць тых Акцяброў па ўсёй Беларусі хапае. Вось як пасяліўся стары савецкі штамп – і сёння без яго ніяк! «Крэатыўнасць» зашкальвае…

– І людзі моўчкі праглынулі? Вёсцы ж фактычна памянялі імя.

– Дык беларусы, памятаеце: можа, так трэба?..

За даўнімі часамі ў нас нават школа была беларускамоўнай, усе падручнікі па-нашаму.

– Навучанне – гэта адно, а як размаўляла сама вёска? Вы ж практычна на мяжы з Украінай, каля Кармы.

– Левае вуха лашчыў мяккі суржык, а правае – добрая, сакавітая трасянка.

Мая мама вельмі прыгожа спявала беларускія народныя песні. Я вырасла на яе голасе, на яе спевах. Калі збіраліся госці – на хрысціны, на Міколу ці іншыя святы, – прыходзіла ўся радня з вёскі: дзядзькі, цёткі, стрыечныя браты і сёстры. Сапраўдная повязь блізкіх людзей, калі ўсім утульна, цёпла.

І талака была: увосень ды ўвесну дапамагалі адно аднаму на гародах. Гэта грамада, натуральная ўзаемная падтрымка без савецкага калектыўнага начынення.

– А якія маміны песні вам найбольш запалі ў душу?

– Вельмі любіла «За туманам нічога не відна» – яе каронная. Яшчэ шмат чаго спявала. Напрыклад:

За лугам зеляненькім

Брала ўдова лён драбненькі.

Яна брала, выбірала,

Тонкі голас падавала…

А ў 1973 годзе мама памерла. Мне было ўсяго дванаццаць. Забраў да сябе старэйшы брат. Увогуле, сям’я ў нас вялікая – я шостая.

– А па той бок мяжы гэтая песня гучала амаль як у вас, толькі што падгледзеў у інтэрнэце:

Поза лугом зелененьким

брала вдова льон дрібненький.

Вона брала, вибирала

тонкий голос подавала…

Вы тады наогул адчувалі: вось гэта беларускае – а гэта ўжо ўкраінскае? Ці яно жыло разам і нікому не прыходзіла ў галаву раскладаць песні па нацыянальных шуфлядах?

– Жылося як набягала. Суседства было натуральным, таму над ім не задумваліся. А калі хто і меў сваё асаблівае меркаванне, то па-паляшуцку маўчаў.

Уявіце толькі: мяжа дзвюх рэспублік, шмат што пераклікалася ў гаворцы, звычаях, вышываных кашулях ды ручніках – і шмат чаго рознага мела месца. Але ж ніхто пра гэта не размаўляў – ні ў сям’і, ні сярод суседзяў. Людзі жылі сваім жыццём.

Толькі потым, у васьмідзясятыя гады і пазней, мінуўшчына пачала прыадкрывацца. І што дзіўна: пра той самы ГУЛАГ даведаліся, а як і хто з нашых туды трапіў, не дужа аб гэтым казалі.

Як усё было схавана, засакрэчана, так шмат у чым і засталося. Ну хіба трошкі прыадкрылася – ды цяпер ізноў зачынілася. Чаго іншага хацець, калі сталі Акцябром?

– Мо песня і была спосабам хоць ненадоўга выйсці з гэтага цяжкага быцця?

– Сялянская праца сапраўды катаржная. З раніцы да вечара – жывёла, поле, бульба, гной. Тэхнікі не хапала. І свята нібыта выводзіла з такой штодзённасці – у спакой, лагоду, душэўную прыгажосць. Гэта была аддушына, магчымасць адысці ад хлусні і фальшу, што ліліся з газет.

Нас жа прымушалі выпісваць гэтыя «Правды», «Труды», «Известия», умоўныя «Савецкія Палессі»…  А людзі не хацелі іх чытаць, бо ў жыцці адбывалася зусім іншае, чым на паперы. Праз народную песню душа чалавека вызвалялася ад маны.

– Іван Мележ, ваш славуты зямляк, пісаў якраз пра хойніцкую зямлю. Вяскоўцы пазнавалі сябе ў «Людзях на балоце»?

– Памятаю вандроўку ў мележаўскія мясціны. Я стаяла, углядалася ў прасторы і думала: як жа гэта ўсё не зацягнула людзей у сваю багну? Як яны выжылі, змаглі захаваць сябе? Было адчуванне, што сама перажыла той час і тыя падзеі, настолькі ўсё блізкае па адчуваннях.

А вяскоўцы, звычайныя суседзі… Нейкага пафаснага гонару яны не адчувалі. Аднак жыло ўсведамленне: мы простыя людзі пад шэрым небам, а Бог менавіта нам паслаў такую сваю зорку – Івана Мележа, каб мы не забываліся, кім ёсць на самай справе.

Мы простыя, але маем годнасць, працавітасць і сваю адметнасць. Ад Госпада нашая зямля і нашая родная мова, якая адрознівае ад іншых народаў і нацый.

– Кажаце: простыя людзі, але з годнасцю. А калі самі адчулі, што вашае ўласнае «я» таксама мае права на голас?

– У дзяцінстве і юнацтве мне заўсёды казалі: «Я – апошняя літара ў алфавіце». Разумнікі… Была самай малодшай у сям’і, і калі спрабавала нешта сказаць, чула: «Памаўчы, ты яшчэ малая». Нават калі браты жаніліся, а мне ўжо было гадоў васямнаццаць, усё роўна паўтаралі: «Ты яшчэ малая».

І я маўчала. Да пэўнага часу. Але потым прыйшоў момант, калі зразумела: трэба гаварыць, мець свой голас і пакідаць свой след.

Гэта зусім не проста. У выніку вось ужо гадамі не маю сувязі са сваякамі. Праз маю пазіцыю: яшчэ ў 2014 годзе адкрыта выступіла супраць вайны ва Украіне. Блізкім і раней было страшнавата за мае словы, а пасля таго наогул некаторыя проста адвярнуліся.

Да таго ж цяпер кантактаваць для іх небяспечна. Мы з сынамі з’ехалі ў 2021 годзе, дачка даўно жыла за мяжой. І сувязь з астатняй раднёй абарвалася.

Маю маленькую дачушку ля сцен Крамля ў чорнай накідцы з надпісам «Чарнобыль – наш боль» пастаянна фатаграфавалі

– 26 красавіка 1986 года выбухнуў Чарнобыль. Калі вы зразумелі, што гэта не далёкая аварыя, а ўласная бяда?

– Тады мой тата застаўся ў Хойніках, а я з малымі дзецьмі жыла ў Гомелі. Прыязджала да бацькі ў госці і чула самыя розныя плёткі. Казалі, што трэба купляць ёд, змазваць шчытападобную залозу, прымаць нейкія таблеткі…

Бацька неўзабаве памёр, на пахаванні пра радыяцыю ўжо казалі больш адкрыта. Папярэджвалі: нельга збіраць грыбы, суніцы, ягады. Спачатку напужаныя людзі вазілі ўсё гэта правяраць на радыенукліды, набывалі дазіметры.

А потым тэму пачалі згортваць ужо на дзяржаўным узроўні. Усё рабілася так, нібы нічога страшнага: жыць можна, усё чыстае. І зніклі дазіметры, прапаў страх.

Пра гэта ў мяне таксама ёсць верш:

Лунаў у паветры плутоній,

Шалёна, нябачна гуляў

Сваім небяспечным фонам

Ён жыцці людзей ахінаў.

Лясок маладзенькі хістаўся,

Умыты цэзійнай расой.

Адлік красавіцкі пачаўся,

Перыяд настаў – псіхазой.

– А 1 мая 1986 года вы разам з усімі выйшлі на дэманстрацыю ў Гомелі?

– Працавала мастаком на хімічным заводзе, малявала розныя шыльды, плакаты. З калегамі па цэху ішлі ў калоне па гомельскіх вуліцах. Дзьмуў моцны вецер, падымаў хмары пылу, і мы ўсе гэтым дыхалі. Ніякіх масак, ніякай абароны – ніхто нічога не ведаў, хоць пасля аварыі мінуў ужо амаль тыдзень.

Пазней сталі даходзіць чуткі, што радыяцыя вельмі моцна ўплывае на дзяцей, і я спалохалася. Сястра забрала нас у Мінск, дзе мы праверыліся ў радыелагічным цэнтры.

У 1990-м дзейнічала дабрачынная праграма «Дзеці Чарнобыля», якую арганізаваў Генадзь Грушавы. Дапамаглі добрыя гомельскія знаёмыя: мы змаглі паляцець самалётам на аздараўленне ў Нямеччыну. Гэта вельмі падтрымала здароўе.

– У 1990 годзе вы пайшлі Чарнобыльскім шляхам аж да Масквы – разам з людзьмі з забруджаных раёнаў. З якой праўдай беларусы грукаліся ў крамлёўскія дзверы?

– Нас дастала маўчанне пра наступствы аварыі, ігнараванне патрэбаў людзей зоны, адсутнасць дапамогі і перспектыў.

Сімвалічна выглядала месца збору: побач з гомельскім цыркам, ля плошчы з танкам… Пад’ехалі з Брагіна, Нароўлі, Хойнікаў, Гомеля – усяго шэсць ці сем аўтобусаў. Гэта былі звычайныя мужчыны, хлопцы, дзяўчаты, кабеты, якіх цяпер назвалі б актывістамі. Многія з БНФ. Мяне таксама часта прыпісвалі да Фронту, хоць афіцыйна я ў яго не ўступала, але была сябрай Таварыства беларускай мовы.

Па дарозе далучыліся магілёўцы. Памятаю, начавалі ў полі. Калі дабраліся да цэнтра Масквы, узялі бел-чырвона-белыя сцягі, плакаты і пайшлі маршам. Было вельмі горача – лета, 23 ліпеня. Малым цяжка на спякоце.

– А міліцыя спрабавала вас спыніць?

– Казалі, але я не бачыла. Са мной тады здарылася іншая дзіўная гісторыя. Тупаю з малымі, пацеем, раптам побач спыняецца міліцэйская «Волга»:

– Давайце дзяцей у машыну, ледзь цягнуцца.

– Добра, але са мной!

Так на чале калоны мы павольна праехалі каля кіламетра – аж да самога Крамля.

Не адразу, але прадстаўнікоў дэлегацыі ўсё ж прынялі – і яны перадалі петыцыю Мікалаю Рыжкову, тагачаснаму старшыні Савета Міністраў СССР.

А мы яшчэ некалькі дзён збіраліся пад крамлёўскімі сценамі. Журналістаў там сапраўды было вельмі шмат. Маю маленькую дачушку ў чорнай накідцы з надпісам «Чарнобыль – наш боль» пастаянна фатаграфавалі.

Увогуле, прывезлі з сабой шмат плакатаў і транспарантаў з патрабаваннем праўды пра ўзровень радыяцыі і неадкладнага перасялення. Усіх уражвалі раздрукаваныя здымкі хворых дзяцей. Былі і альтэрнатыўныя афіцыйным мапы забруджаных тэрыторый з лічбамі радыяцыйных замераў. Тут дапамаглі сумленныя беларускія навукоўцы на чале з Нікітчанкам.

А галоўным духоўным сімвалам стаў славуты абраз «Маці Божая ахвяраў Чарнобыля», напісаны трохі раней Алесем Марачкіным.

Апроч мітынгаў на Краснай плошчы раздавалі ўлёткі народным дэпутатам СССР каля гасцініцы «Россия» і Крамлёўскага палаца з’ездаў.

– Атрымліваецца парадокс: афіцыйны Мінск акцыю не падтрымліваў, а на месцах вам нават дапамагалі сабрацца ў Маскву?

– Так. Адмысловыя накідкі і майкі спецыяльна пашылі на фабрыцы «8 Сакавіка» ў Гомелі, я яшчэ сама гуашшу падмалёўвала там бел-чырвоныя колеры. І аўтобусы гомельскія начальнікі вылучылі – фактычна на месцах быў дадзены дазвол: едзьце.

– Вам не было страшна ехаць з такім пратэстам у Маскву? СССР жа яшчэ існаваў.

– Безумоўна. Гэта яшчэ Савецкі Саюз, хоць ужо і моцна хворы. Але над страхам была велізарная надзея, што пасля перадачы петыцыі праблемы забруджаных зон нарэшце пачнуць вырашацца.

Вярталіся дадому на неймаверным уздыме. Хоць «Советская Белоруссия», «Звязда», тэлебачанне падавалі акцыю як «правакацыю нацыяналістаў з БНФ», спробу «расхістаць лодку» і сарваць перабудову, звычайныя палешукі вельмі ганарыліся намі і верылі ў добры вынік.

І сапраўды, неўзабаве пачалі прымацца рашэнні пра статус забруджаных тэрыторый, насельніцтва ў зонах адсялення і перасялення атрымала пэўныя льготы.

Што да палітычнага кантэксту… Глыбокага разумення яго ў народзе тады не было. У зоне хутчэй адчувалася роспач: «Ну так здарылася – і што мы можам зрабіць?»

Улёткі з палітызаванай інфармацыяй дзякуючы Фронту распаўсюджваліся. Але куды мацней за іх на людзей падзейнічала чутка, што радыяцыйнае воблака спачатку ішло на Расію, а потым з дапамогай самалётаў выклікалі дождж над нашымі ўсходнімі абласцямі. Як бы выцадзілі на Беларусь усю радыяцыйную дрэнь.

Вось гэта ўсіх моцна абурыла.

Сімвалічная карціна: бетонныя рукі воінаў адбіліся, арматура тырчыць, яны ўпарта трымаюцца за свае аўтаматы

– І менавіта ў 1990 годзе вы ўпершыню публічна прачыталі свой верш. Выпадкова супала?

– Віраваў нацыянальна-культурны ўздым. Мае сябры адкрылі філіял Беларускага гуманітарнага ліцэя. Мы стварылі суполку «Талака», збіраліся ў Цэнтры моладзі на Сельмашы, ладзілі нядзельную школу для беларускіх дзетак, культурніцкія вечарыны.

І неяк зусім натуральна атрымалі дазвол сабрацца ў Палацы моладзі, на Гомсельмашы.

Прыехалі вядомыя барды: Алесь і Кася Камоцкія, Лера Сом, Сяржук Сокалаў-Воюш… Гэта 1990 год. Музычны крытык Вітаўт Мартыненка, светлая яму памяць, надрукаваў у «Чырвонай змене» артыкул пра тую імпрэзу пад назвай «Я з вамі шчырую».

– І колькі народу сабралася пашчыраваць?

– Паўнюткая зала! Вельмі многія прагна пацягнуліся тады да беларускага слова, да бардаўскай песні. Я таксама выйшла на сцэну і спявала народную «Рэчаньку» без акампанементу.

Хоць Гомель тады быў амаль цалкам рускамоўным горадам, такі рух абуджаў людзей. І мая блізкая сяброўка неяк сказала мне вельмі важнае: «Пішы толькі па-беларуску. Не бойся, кажы сваім, родным словам. Ідзі і нікуды не збочвай!»

Бачыце, Бог заўсёды пасылае патрэбнага чалавека ў патрэбны час – таго, хто падказвае шлях.

Гэта быў самы насычаны і самы абнадзейлівы перыяд у маім жыцці. Здавалася: вось-вось устанем, падымемся як народ, пра беларусаў даведаюцца ва ўсім свеце. Што наш голас – хай сабе ціхі, талерантны і спакойны – нарэшце пачуюць.

Мае дзеці тады пайшлі ў беларускамоўны садок, потым у беларускія класы. Усё павольна, але змянялася: шыльды перапісваліся па-беларуску, з’явіліся першыя пашпарты з «Пагоняй».

Мне здаецца, хто тады сапраўды прыняў гэта ў сябе, той ужо не мог лёгка ад узятага адмовіцца.

– Калі ўпершыню давялося плаціць за свой голас?

– Пачалося са штрафу за актыўнасць падчас выбарчай кампаніі ў 2005-м. На судзе супраць мяне сведчылі мясцовыя міліцыянеры. І як жа хлусілі гэтыя служкі закона…

– Запужалі?

– Наадварот. Неўзабаве пасля таго ў Светлагорску, у ноч з першага на другога студзеня 2007-га, вывесіла бел-чырвона-белы сцяг. Шыла яго сама, уласнымі рукамі.

Паміж самым высокім у горадзе 16-павярховым домам і суседнім 9-павярховым праходзіў тоўсты кабель. Некалькі разоў прыходзіла туды, прыглядалася, мазгавала: як прычапіць палотнішча?

І вось на свята ўзяла шпулькі, шнур… Двое знаёмых засталіся каля пад’езда на варце, а я на самаробны механізм прыладзіла трохметровы сцяг. Ён паехаў і спыніўся акурат пасярэдзіне – высока ў небе.

Усе кінулі навагоднія забавы з феерверкамі, сняжкамі, песнямі-танцамі і глядзелі, як у вышыні лунае наш сцяг. Ажно гадзіну міліцыянеры не маглі яго зняць!

Пазней, у 2010-м, мая дачка вучылася ў мастацкай акадэміі ў Лодзі на графічнага дызайнера тэкстылю і адзення, выйграла творчы конкурс і атрымала ў падарунак швейную машынку. Прывезла яе мне ўжо ў Нясвіж. На ёй я настрачыла яшчэ вельмі шмат сцягоў…

– А ўлады таксама заставаліся паслядоўнымі? Калі ўзяліся за вас ужо ўсур’ёз?

– Першы раз на суткі я трапіла за пратэст супраць вайны ва Украіне.

Гэта было 9 мая 2014 года. Горад сабраўся на афіцыйную ўрачыстасць у Нясвіжскім парку. Да яе зрабіла плакат – не фарбамі, а літарамі, выразанымі з каляровай паперы. Жоўтымі і сінімі. Ясна, на ўвазе мелася Украіна. А слова «пуцінская» – карычневымі, якія сімвалізуюць фашызм. Я вельмі востра адчула: гэта менавіта так і ніяк інакш.

І абышла замкавы вал – плакат пабачыла процьма народу.

Мяне вялі людзі ў цывільным. Відаць, чакалі зручнага моманту і не хацелі публічнага скандалу.

– Якая была рэакцыя нясвіжцаў?

– Вельмі розная. Хтосьці злосна крычаў услед: «Едзь на сваю Украіну, чаго ты тут выступаеш?!» А нехта, наадварот, паказваў жэстам «клас» – маўляў, малайчынка.

Нарэшце падбеглі, схапілі – і пачалося. Судзілі за гэты плакат разоў шэсць: то ў Мінску, то ў Нясвіжы, перакідвалі справу туды-сюды, але ў выніку я толькі заплаціла вялікі штраф.

На судзе сказала: «У мяне растуць сыны, і я не хачу, каб іх адпраўлялі на вайну».

Вось што для мяне было галоўным.

А ў 2021 годзе, за некалькі месяцаў да поўнамаштабнага ўварвання, раптам прыйшлі ў галаву тры радкі:

Краіна ў стане вайны,

Краіна ў стане віны,

Краіна ўстане…

Прадчуванне вялікай бяды. Напэўна, нейкі Божы дар ці спадчына ад продкаў, якая ідзе з глыбіні вякоў.

– Дома вы гаварылі плакатамі, а ў эміграцыі да іх дадаліся выставы: «Палітра свабоды», «Сэрца ў выгнанні», «Воля добрая, як хлеб». Што цяпер спрабуеце сказаць карцінамі?

– Дарэчы, я не проста паказваю іх, але і расказваю гісторыю стварэння кожнай.

Напрыклад, «Напярэдадні вайны». Гэта пачатак 2022 года, калі з ЗША ішлі ўсё больш адкрытыя папярэджанні пра магчымы напад Расіі на Украіну, але многія не хацелі верыць. У мяне тады пачала нараджацца вельмі змрочная карціна ў руінах. Я пісала яе два месяцы.

24 лютага 2022 года заканчвала: выводзіла залаціста-жоўтыя фарбы, якія пераплывалі ў блакіт. Раптам заходзіць сусед, бачыць тую працу і так разгублена: «Дык жа сёння вайна пачалася…»

А я і не ведала. Малявала, не адкрывала інтэрнэт.

– А што там у цэнтры?

– Дзяўчына ў чырвоным нясе ліхтар. Чырвоны – гэта і колер украінскага народнага адзення, і жыцця, колер перамогі над цемрай.

– Вы пішаце і канкрэтных людзей: Алеся Пушкіна, Паліну Шарэнду-Панасюк. Чаму менавіта іх?

– Што да Паліны, вельмі хацелася адлюстраваць яе шчырую, змагарную душу, нязломны характар. На карціне яна трымае меч у адной руцэ, а ў другой – шчыт-крыло: нейкая духоўная сувязь, якая прыходзіць ніадкуль, а можа, звыш.

А вось з Пушкіным іншая гісторыя. Ён нібы сам намаляваўся на палатне – у сваім знакамітым капелюшы. Дадала маленькі, ледзь заўважны бел-чырвона-белы сцяжок. На карціне ідзе са спіны туды, у святло, і нясе сваю ідэю, сваю мастацкую душу.

Калі выбухнула страшная вестка, што Алесь загінуў у турме, стала вельмі цяжка пісаць партрэты.

– Вы былі знаёмыя асабіста?

– У 2017 годзе разам ездзілі ў пілігрымку: Катынь і Смаленск. Алесь ішоў наперадзе і нёс абраз Маці Божай, астатнія – за ім, як за маяком.

У Катыні забаранілі бел-чырвона-белыя сцягі, таму знялі іх – пашыхтаваліся проста з дрэўкамі і рушылі. Памаліліся – і далей, на месца катастрофы польскага самалёта пад Смаленскам. Дарогу туды перакрылі шлагбаумам на замок, стаяў ахоўнік і нікога не пускаў.

Мы пакінулі аўтобус і давай напрасткі, праз хмызнякі, высокую траву. Алесь – ізноў першым, з іконай…

– Дзве трагедыі, знітаваныя адным месцам. Пра што там думалася?

– Апроч перажыванняў за страшэнную бяду мяне ўразіла расійская разруха. Усё развалена, раскідана… І пры гэтым праз кожныя паўтара кіламетра стаяць помнікі з паўразбуранага савецкага бетону – салдаты з аўтаматамі. Вельмі сімвалічная карціна: бетонныя рукі воінаў адбіліся, арматура тырчыць, яны ўпарта трымаюцца за свае аўтаматы…

Ім больш няма за што – толькі за мілітарызм, за вайну, за гэтую імперскую прапаганду, якая ўжо руйнуецца.

– Пазняк папярэджваў пра расійскі імперыялізм задоўга да цяперашняй вайны і смаленскай катастрофы. Кім ён тады быў для вас?

– Зянон Станіслававіч – сапраўдная беларуская глыба, крэмень. Арыенцір для нацыянальнай свядомасці.

У дзевяностым ці дзевяноста першым мы з Гомеля прыехалі на плошчу ў Мінск, каб падтрымаць апазіцыйных дэпутатаў. Спадар Пазняк адмыслова выйшаў з будынка Вярхоўнага Савета з паперамі (тады прымаліся гістарычныя законы, ішла барацьба з камунізмам) – проста да нас.

Я працягнула руку і сказала: «Дзякуй, што вы ёсць!»

І вось больш як праз трыццаць гадоў сустрэла яго ўжо ў Варшаве і нагадала пра тую сустрэчу. Ён, канечне, не памятае. Але для мяне было вельмі важна зноў паціснуць руку чалавеку, які стаў сімвалам беларускага адраджэння.

Дзякуй Богу, што ён жыве і што мы маем такую асобу.

– А чым для вас асабіста стаў 2020 год?

– Мяне затрымалі проста на выбарчым участку і завезлі ў міліцыю. Напярэдадні, падчас перадвыбарчага пікета, я выступала перад жыхарамі горада ў фармаце вольнага мікрафона. Напісала і зачытала тэкст пра тое, што мы ледзьве жывыя ад хлусні: дактары стаміліся маніць пра ковід, настаўнікі ў выбарчых камісіях – фальсіфікаваць выбары, міліцыя – ні за што хапаць людзей і кідаць іх за краты. І ўсё гэта цягнецца дзесяцігоддзямі, праз краты прайшлі сотні і тысячы беларусаў.

Чым скончылася галасаванне, я не ведала, як і таго, што адбывалася ў горадзе ўвечары. Толькі чула ў камеры, як прывозілі маладых хлопцаў: міліцыянеры іх абражалі, кагосьці збівалі.

А я адна. Ад гэтага было вельмі жудасна.

Судзілі проста ў падвале Нясвіжскага РАУС. Калі ў 2014-м яшчэ вадзілі праз двор у залу суда, то цяпер проста ў скляпенні паставілі жалезную клетку метр на метр. Цябе запіхваюць туды, зачыняюць, а суддзя і сакратарка зачытваюць прысуд.

Мне далі дзесяць сутак за «хуліганства».

Увесь гэты час чула, як па вуліцах ездзілі машыны, сігналілі, вецер даносіў урыўкі з «Разбуры турмы муры». Калі рабілася зусім не па сабе, спявала ў камеры «Магутны Божа», іншыя любімыя спевы, якія прыходзілі на розум.

Раптам адчыняюцца дзверы, увальваецца здаравенны амапавец у чорным, з вялікай металічнай палкай і наглуха зачыняе фрамугу, каб мяне не чулі на вуліцы. Заткнулі.

Паветра ў камеры пачало не хапаць, стала вельмі кепска. Прыехала хуткая дапамога, дзяўчаты-медыкі моўчкі нечым нашпігавалі. Я крыху супакоілася і змагла даседзець сваё.

– І менавіта тады ў камеры на сурвэтцы напісалі верш. Чым?

– Малодшы сын змог перадаць літаральна кавалачак алоўка, сантыметры два. Уклаў яго ў шкарпэтку, моцна закруціў, уклаў у рэчы, якія нарэшце перадалі. Такое тады яшчэ дазвалялася.

Вось і здолела запісаць радкі, якія нарадзіліся ў думках. Мая споведзь і наш беларускі шлях:

Адкуль мы беглі, куды імчалі?

Як не палеглі ды не змаўчалі?

Каго шукалі, каму спявалі,

Што баранілі, чым аддавалі?

З кім на падворку настрой дзялілі

Аб долі вольнай, скрозь гаманілі?

Па кім слязамі ў шлях апошні,

Нібыта самі і кожны з кожным?

Знайсці жадалі свой код адзіны,

І разам сталі радамі шчыльна.

– А потым затрымалі ўжо вашага сына?

– 1 лістапада 2020 года, у Курапатах. Я не ведала, дзе ён, і моцна запанікавала. Са знаёмымі шукала спачатку ў Жодзіне, потым на Акрэсціна – нідзе няма.

Патэлефанавала на лінію 102, прадставілася. Назвала прозвішча. Думаю, тады яны і пабачылі ўсю маю актыўнасць у Facebook: там былі фотаздымкі з жаночай акцыі ў Мінску дзясятага і адзінаццатага кастрычніка, з акцыі пратэсту насупраць Палаца спорту. А тады ўжо судзілі нават за бел-чырвонае адзенне на фотаздымках.

У выніку завялі адміністрацыйную справу, выклікалі ў міліцыю, тры гадзіны дапытвалі. І вырак – сем сутак.

А я акурат тады здала тэст на ковід, які аказаўся станоўчым. У бальніцы пацвердзілі дыягназ і адпусцілі дадому на самаізаляцыю.

Неўзабаве пагрукалі двое міліцыянераў з папкай: «Васілеўна, збірайцеся».

Сумка ўжо стаяла гатовая ў калідоры…

Калі адседжвала чарговы тэрмін, упершыню з’явіўся сапраўдны страх: што магу не выйсці, што мне дапішуць новыя тэрміны, а я са сваім здароўем і пасля перанесеных аперацый проста не выжыву ў турме.

– А сярод усяго таго страху быў момант, калі вы раптам адчулі нешта зусім адваротнае – шчасце, еднасць?

– Самым шчаслівым момантам у 2020-м стаў той, калі сын ухапіў мяне за руку і мы беглі праз мінскія двары на Нямізе, ратуючыся ад амапаўцаў, якія выгрузіліся з аўтазакаў і пачалі хапаць усіх запар.

Мой малодшы, дарэчы, вельмі высокі і худы, у яго было недастаткова вагі да росту і праблема сардэчнага клапана – з-за гэта нават у войска не ўзялі. Але тады гэты няскладны хлопец так моцна цягнуў мяне за сабой – ледзь паспявала за ягонымі доўгімі крокамі.

Калі ўспамінаю, заўсёды слёзы цякуць з вачэй.

Вось чым, напэўна, і ёсць наша новае беларускае «мы»: маладзейшыя і мацнейшыя ратуюць слабейшых, як і мусіць быць у адной вялікай сям’і.

Калісьці мне казалі: «Ты яшчэ малая, памаўчы». А цяпер сын бярэ за руку, ратуе. І я бягу за ім…