Беларускі ПЭН-цэнтр у межах Вандроўнага Фэсту Уладзіміра Караткевіча і пры падтрымцы кампаніі “5 элемент” зладзіць серыю майстар-класаў “Неба з сабою”, якая дасць магчымасць аўтарам падрыхтаваць першую кнігу творчасці на беларускай мове. Адбор для ўдзелу ў майстар-класах адбудзецца на конкурснай аснове.
Да ўдзелу запрашаюцца аўтары ды аўтаркі, якія ніколі не выдавалі ўласных кніг на беларускай мове ў электронным або папяровым фармаце.
Літаратурнае журы адбярэ некалькі рукапісаў і прапануе працу над імі ў межах тыднёвай сесіі майстар-класаў. У залежнасці ад краіны пражывання ўдзельнікаў ды эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце заняткі будуць спалучаць вочную і дыстанцыйную формы правядзення. Вынікам майстар-класаў зробяцца макеты дэбютных кніг.
У журы конкурса ўваходзяць пісьменнік і публіцыст Сяргей Дубавец, паэтка Наста Кудасава, паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч, паэтка і перакладчыца Вальжына Морт, празаік і старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч.
Удзел у конкурсе бясплатны. Арганізатары конкурсу таксама будуць шукаць магчымасць падтрымаць стварэнне макетаў (рэдактура, карэктура, вёрстка і вокладка) дэбютных кніг і пракансультуюць аўтараў ды аўтарак наконт магчымасцяў выдання.
Умовы конкурсу
Для ўдзелу ў конкурсе трэба даслаць файл з рукапісам меркаванай кнігі (дапускаюцца чарнавыя, недапрацаваныя варыянты) у фарматах .docx або .rtf, кароткія звесткі пра сябе і кантакты для зваротнай сувязі (е-мэйл, тэлефон) на адрас [email protected] з пазнакай у тэме ліста “Неба з сабою” да 9 жніўня 2020 года ўключна.
Кнігай лічыцца выданне, якое мае ISBN. Дэбютам таксама лічыцца першая кніга паэзіі пры наяўнасці кніг(і) прозы – і наадварот. Дыяпазон жанраў прозы і паэзіі неабмежаваны. Разглядаюцца таксама дэбютныя кнігі драматургіі. У выпадку суаўтарства дэбютантамі павінны быць усе ўдзельнікі творчага калектыву. Узрост удзельнікаў не абмежаваны. Колькасць рукапісаў, якую можа даслаць адна асоба, неабмежаваная. Усе спрэчныя выпадкі, звязаныя з допускам удзельнікаў да конкурсу, застаюцца на разгляд літаратурнага журы і арганізатараў.
З падрабязнымі ўмовамі конкурса можна азнаёміцца на сайце Вандроўнага фэста Караткевіча.