Людзі Слова ў няволі (32)
Пошук

Беларускі ПЭН абвесціў лаўрэатку прэміі Алеся Адамовіча


Беларускі ПЭН-цэнтр абвесціў лаўрэатку прэміі Алеся Адамовіча.

Ёю стала прафесарка ЕГУ і даследчыца гісторыі 20-га стагоддзя Ірына Раманава за кнігу “Улада і грамадства: БССР у 1929 — 1939 гады”. У кнізе змешчаныя ўнікальныя дакументы, якія раскрываюць схаваныя і засакрэчаныя бакі тагачаснага савецкага жыцця.

25 чэрвеня а 15.00 пройдзе анлайн-уручэнне прэміі з удзелам дачкі Алеся Адамовіча Наталлі Адамовіч і першай намесніцы старшыні Беларускага ПЭНа Таццяны Нядбай. Лаўрэатка прэміі Ірына Раманава прачытае ў прамым эфіры лекцыю пад назвай “Вашай уласці нам ня трэба”: супрацьстаянне сялян і бальшавікоў у 1937 годзе”.

Анлайн-уручэнне адбываецца з дапамогай грамадскай кампаніі “Зробім лепш”.

Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам у студзені 1995 года. Мэтамі прэміі з’яўляецца адзначэнне найлепшага публіцыстычнага твора, прысвечанага праблем сучаснасці, і ўшанаванне памяці пісьменніка, грамадскага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў Беларускага ПЭНа Алеся Адамовіча.