• Навiны
  • Пераможца прэміі Анемпадыстава будзе абвешчаны 7 траўня

Пераможца прэміі Анемпадыстава будзе абвешчаны 7 траўня

Апошняе абнаўленне: 30 красавіка 2024
Пераможца прэміі Анемпадыстава будзе абвешчаны 7 траўня

Беларускі ПЭН разам з тэлеканалам «Белсат» і Музеем Вольнай Беларусі запрашаюць на цырымонію ўзнагароджання пераможцы прэміі Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку.

Цырымонія адбудзецца 7 траўня ў Варшаве, у Музеі Вольнай Беларусі, пачатак а 18:00. Разам мы даведаемся аўтара ці аўтарку найлепшай вокладкі для кнігі, выдадзенай у 2022 годзе. Спецыяльны госць цырымоніі – Лявон Вольскі з песнямі на вершы Міхала Анемпадыстава.

Прэмія заснавана ў 2019 годзе ў памяць пра чалавека многіх талентаў – мастака, паэта, фатографа, дызайнера, публіцыста, культуролага Міхала Анемпадыстава, які пайшоў з жыцця шэсць гадоў таму. Апошнім разам прэмія ўручалася ў 2022 годзе. Гэта быў першы год, калі прэмія праходзіла не ў Беларусі. Пераможцам тады стаў дызайнер Анатоль Лазар, які стварыў вокладку кнігі «(Не)расстраляныя» пра беларускіх культурных дзеячаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Сёлета да фінальнага этапу прэміі дайшло 8 вокладак, абраных у кароткі спіс прафесійным журы:                       

  • Выдавецтва «Вясна» – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»
  • Яна Галушкіна, VEHA – вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»
  • Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА»

Чытайце падрабязней пра кароткі спіс і саму прэмію.